Тэатр прэзентуе літоўскім гледачам дзве работы: пастаноўку знакамітай камедыі Рэя Куні “№ 13”, а таксама “Сродак Макропуласа” Карэла Чапека.
Рэжысёр абедзвюх пастановак — Таццяна Траяновіч. І абодва гэтыя спектаклі Тэатр-студыя кінаакцёра лічыць сваімі знакавымі работамі апошніх гадоў. Так, акцёр Павел Харланчук-Южакоў, выканаўца галоўнай ролі ў спектаклі “№ 13”, стаў пераможцам у намінацыі “Лепшая мужчынская роля” ў рамках мінулагодняй Нацыянальнай тэатральнай прэміі. А спектакль “Сродак Макропуласа” ўвайшоў у сёлетні шорт-ліст гэтага тэатральнага конкурсу (пра гэта падрабязна на — стар. 2). Дарэчы, для пастаноўкі п’есы К.Чапека гэта не першы выезд “у вялікі свет”: вясной сталічныя акцёры сыгралі гэты спектакль у Чэхіі — на радзіме пісьменніка.
Застаецца толькі зазначыць, што гастролі тэатра адбудуцца пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Пасольства Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы.
Наш кар.