Кругабег Скарынавай “Бібліі”

№ 40 (1062) 06.10.2012 - 13.10.2012 г

4 кастрычніка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адкрылася выстаўка “Францыск Скарына: падарожжа на Радзіму”. На ёй экспануецца канвалют, які складаецца з адзінаццаці выданняў Францыска Скарыны, з фонду Верхнялужыцкай навуковай бібліятэкі (г. Гёрліц).

Да арганізацыі выстаўкі спрычыніліся Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Пасольства Федэратыўнай Рэспублікі Германія ў нашай краіне.

Сярод аддзінаццаці кніг канвалюта ёсць такія, што адсутнічаюць у Беларусі. Напрыклад, кніга “Быццё” з цудоўным гравіраваным тытульным аркушам, а таксама “Чатыры Кнігі Царстваў” са знакамітым партрэтам першадрукара. Да 13 кастрычніка выстаўка будзе працаваць у Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі краіны, а з 15-га па 24-га — у Нацыянальным гісторыка-культурным запаведніку “Нясвіж”.

/i/content/pi/cult/394/7901/1-1.jpeg

На прэзентацыі прысутнічалі прадстаўнікі культурнай і навуковай грамадскасці, дыпламатычнага корпуса, прэсы. Пра значнасць міжнародных культурных праектаў казаў у сваёй прамове міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка. Ён згадаў, што вяртанне гістарычнай спадчыны — адзін з прыярытэтаў дзейнасці культурных устаноў Беларусі. Аднак, паколькі заканадаўства краін, дзе знаходзяцца нашы каштоўнасці, не дазваляе вярнуць іх на радзіму, нам застаецца іх набываць, браць на дэпазіт альбо рабіць копіі.

Пасол ФРГ у Беларусі Вольфрам Маас адзначыў як сімвалічную тую акалічнасць, што сам ён вучыўся ў школе і ва ўніверсітэце ў Майнцы — горадзе Гутэнберга. І вось зараз ён прысутнічае на імпрэзе ў гонар “беларускага Гутэнберга” Францыска Скарыны. Прычым для таго, каб гэтая імпрэза адбылася, каб у Мінску ды Нясвіжы змаглі пабачыць адзіную ў Германіі кнігу Скарыны, цягам года сумесна працавалі дыпламаты і навукоўцы Беларусі і Германіі.

Дырэктар Верхнялужыцкай навуковай бібліятэкі Маціяс Венцэль засяродзіўся на гісторыі пра тое, як гэтая кніга, якая здаўна знаходзілася ў сховішчах бібліятэкі, амаль выпадкова трапіла на вочы навукоўцам, а зараз з’яўляецца перлінай калекцыі старадрукаў.

З удзячным словам да ўсіх удзельнікаў міжнароднага культурнага праекта звярнуўся дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі. Пра плён міжнароднага супрацоўніцтва на карысць культурнага паразумення казалі і іншыя ўдзельнікі праекта.

Намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Аляксандр Суша кажа пра гэтую падзею як пра ўнікальную і знакавую: “Кнігі Францыска Скарыны ў Беларусь увозяцца ўпершыню, раней — толькі вывозіліся. Няхай нават і ўвозяцца толькі дзеля часовага экспанавання, усё адно гэта — вяртанне на радзіму. Але нямецкія калегі далі дазвол на тое, каб мы зрабілі лічбавыя копіі гэтых кніг. У адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай “Культура Беларусі” на 2011 — 2015 гады будзе створана электронная бібліятэка кніг Францыска Скарыны. У ёй павінны быць лічбавыя копіі ўсіх экзэмпляраў выданняў першадрукара. Адзінаццаць кніг са згаданага канвалюта стануць часткай гэтай бібліятэкі.”

Алена Фамчанкова, начальнік экспазіцыйна-выставачнага аддзела Нацыянальнага гісторыка-культурнага запаведніка “Нясвіж”, да якой мы таксама звярнуліся па каментарый, паведаміла, што супрацоўнікі запаведніка ад самага пачатку прымалі ўдзел у гэтым праекце: у вырашэнні арганізацыйных пытанняў, у падрыхтоўцы дамовы з нямецкім бокам. У Нясвіжы скарынаўская “Біблія” мае экспанавацца ў Радзівілаўскай капліцы — гэта будзе выстаўка аднаго твора. “Мы парупімся, каб падобныя культурныя акцыі і надалей не абміналі Нясвіж. Зараз мы працуем над новымі праектамі на 2013-ы. У наступным годзе званне Культурнай сталіцы краіны пяройдзе да іншага горада, але, нягледзячы на гэта, культурнае жыццё Нясвіжа мусіць заставацца такім жа насычаным”, — адзначыла Алена Фамчанкова.

П.В.