Што завяшчаў Корсак? / Некалькі пакаленняў “лісінага” роду

№ 35 (1057) 01.09.2012 - 07.09.2012 г

Сёння цяжка ўявіць, што адзін горад можа належаць да розных раёнаў і нават абласцей. Але менавіта такі лёс у свой час напаткаў Глыбокае, якое ўпершыню згадваецца ў 1414 годзе. У Метрыцы Вялікага Княства Літоўскага ў 1514-м адзначаецца, што паўднёва-заходняя частка горада належыла Зяновічам і ўваходзіла ў Ашмянскі павет Віленскага ваяводства.

/i/content/pi/cult/393/7896/14-1.jpegУ сваю чаргу, Паўночна-ўсходняя частка была ва ўласнасці роду Корсакаў і ўваходзіла ў Полацкае ваяводства.

Памяць пра слынных землякоў з роду Корсакаў і ў наш час ушаноўваецца на глыбоцкай зямлі. Сведчаннем таму — адкрыццё бюста Іосіфа Корсака. Чым жа адметны гэты род і якая роля яго прадстаўнікоў у гісторыі Глыбокага?

Як адзначае кандыдат гістарычных навук Васіль Варонін, старшы з полацкіх баяр Фёдар з’яўляецца першым вядомым прадстаўніком полацкага роду, пазней вядомага пад прозвішчам Корсакаў. Не выключана, што гэта ён быў тым самым Фёдарам, які стаў адным з першых полацкіх намеснікаў вялікага князя літоўскага Вітаўта на мяжы XIV — XV ст.

Яго ўнук, Васіль Дзмітрыевіч быў першым прадстаўніком роду, які насіў мянушку "Корсак". Так ён сам называе сябе ў пасланнях да ўлад Рыгі 30 — 40 гг. XV ст. У стараславянскай мове XVI — XVII стст. слова “корсак” абазначала адзін з відаў лісы. Улічваючы, што ў фальклоры асноўнай якасцю лісы, як вядома, лічыцца хітрасць, то вельмі верагодна, што Васіль Дзмітрыевіч атрымаў такую мянушку якраз праз гэта. Тое выдатна ілюструюць перыпетыі яго пакручастага жыццёвага шляху і палітычнай кар’еры. Вось хаця б тое, што Васіль Дзмітрыевіч быў адным з полацкіх намеснікаў паміж 1400 і 1407 г.

Не менш цікавы і лёс іншых прадстаўнікоў роду Корсакаў, які падзяліўся на некалькі галін. Згадаем некалькі фактаў з жыцця Іосіфа Львовіча — гонару глыбоцкай зямлі, — які ваяваў у 1610 годзе пад Смаленскам, удзельнічаў у паходзе Уладзіслава IV на Маскоўскае Княства. Так, ва ўзнагароду за свае заслугі Іосіф Корсак атрымаў у 1623-м Дзісненскае староства, куды ў той час уваходзіла і Глыбокае. У 1633 годзе пад час вайны за Смаленск арганізаваў за ўласныя грошы атрад салдат і абараняў разам з імі Дзісненскі замак. Каля 1634-га стаў старастам Мсціслаўскім і першым войтам Мсціслава. На сойме 1638 г. атрымаў з дзяржаўнай казны назад грошы, выдаткаваныя на салдат пры абароне Дзісны, а 2 ліпеня 1639-га — Мсціслаўскае ваяводства.

Трэба адзначыць, што пасля Брэсцкай царкоўнай уніі Іосіф Корсак з праваслаўя перайшоў ва ўніяцтва. Пры гэтым частку свайго вялікага маёнтка запісаў на рэлігійныя мэты, а частку — сваёй сястры Фядоры, якая была замужам за князем Паўлам Лукомскім. У 1638 годзе ў Глыбокім Іосіф Корсак пачынае ўзводзіць комплекс кляштара кармелітаў з касцёлам Успення Багародзіцы. Асобны запіс быў зроблены на ўтрыманне свецкага ксяндза ў Глыбокім. Кармеліты былі абавязаны пабудаваць драўляны касцёл для свецкага ксяндза. Згодна з тастаментам Корсака, на карысць манахаў значная частка земляў Полацкага павета перайшла ў рукі духавенства. Яно павінна было ствараць школы, што з цягам часу мелі зрабіць уплыў на мясцовае насельніцтва. Корсак памёр у чэрвені ці ліпені 1643 года, і яго запавет мусіла завяршыць сястра Фядора з мужам Паўлам Лукомскім.

Існавалі два мастацкія партрэты Іосіфа Львовіча Корсака: ранні, які захоўваўся родам Корсакаў, і позні, што адлюстраваў Корсака на фоне касцёла. Апошні да 1905 года знаходзіўся ў прыходскім касцёле Глыбокага, а ў 1935-м быў выстаўлены на продаж у Варшаўскім салоне мастацтва. На жаль, месцазнаходжанне яго сёння не вядома.

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"