Без жалю зафарбоўвалі...

№ 35 (1057) 01.09.2012 - 07.09.2012 г

Пра што хацеў распавесці Язэп Драздовіч?

За два тыдні да Дня беларускага пісьменства работы Язэпа Драздовіча перавозіліся з запаснікаў у абноўлены гісторыка-этнаграфічны музей. “Пярэбары” ладзіліся з належным піетэтам, бо на Глыбоччыне — радзіме мастака — захавалася не так і шмат жывапісных “экзерсісаў” аўтара “Тэорыі паходжання планет Сонечнай сістэмы”. У Падсвіллі мне распавялі пра тое, што маляванкі Драздовіча або мэблю, ім распісаную, можна было пабачыць ці не ў кожнай хаце. Але дваццаць гадоў таму гэтыя інсітныя эксперыменты ўспрымаліся вяскоўцамі на ўтылітарным узроўні. Стаіць у сенцах шафка, аздобленая кветкавым калейдаскопам, — ну, няхай і стаіць, бо вока не муляе. Таму гаспадары накрывалі маляванкамі бульбу ў капцах, а пабляклыя ўзоры на шафках без жалю зафарбоўвалі...

Гэта потым, калі пасля смерці мастака — у 1954-м — мінуў не адзін дзясятак гадоў, усе нібыта схамянуліся: з жыцця сышоў не проста краязнаўца, фалькларыст, археолаг, астраном, літаратар, разьбяр і скульптар — сышоў Мастак, які мроіў пра светлую будучыню Беларусі. “Новы Годзе, прынясі мне добрыя памысныя варункі жыцця дзеля працы маёй на карысць людзём праз навуку, праз прыгожае слова і прыгожыя творы мастацтва!” — дзённікавы запіс Драздовіча, датаваны 1933 годам. У гэты час мастак вандруе, перабіваецца з вады на хлеб, зарабляе на пэндзлі, фарбу і табаку стварэннем насценных дываноў. А для душы малюе зачараваную краіну, у якой — высокае неба, чыстыя памкненні і панаванне дабрыні...

/i/content/pi/cult/393/7894/7-7.jpeg

Пра мастака карэспандэнту “К” распавядае навуковы супрацоўнік Глыбоцкага гісторыка-краязнаўчага музея Уладзімір МІРОНЧЫК:

— На працу ў музей прыйшоў у 2006 годзе. Творы Драздовіча ўжо знаходзіліся ў фондах... Мастак-вандроўнік пакінуў пасля сябе велізарную спадчыну, і не толькі на Глыбоччыне. Шмат працаваў, да прыкладу, на Беласточчыне, доўга жыў на Дзісненшчыне. Так, не сакрэт, што многія работы — згубленыя, бо вывучэннем творчасці Драздовіча пачалі займацца адносна нядаўна. Я шмат размаўляў з жыхарамі тых вёсак, дзе пабываў мастак, дзе ён жыў. (Засценак Пунькі ўжо не існуе, а пахаваны Язэп Нарцызавіч на могілках вёскі Ліпляны, што непадалёк ад Падсвілля.) Вось як яго апісваюць: высокі, прыгожы, добры, але бессямейны і немаёмны. Чаму такі адукаваны чалавек не займеў сям’і — адзін з неразгаданых сакрэтаў… А дыванкамі ён зарабляў на жыццё.

— Тым не менш, ці ёсць у музея намер павялічыць калекцыю мастакоўскіх твораў?

— Імкнёмся набыць любую работу, любы аб’ект, звязаны з творчасцю Драздовіча. Праўда, апошнім часам уладальнікі рарытэтаў стараюцца мець справу з прыватнымі калекцыянерамі, якія, натуральна, прапаноўваюць большыя грошы. Але спадзеву не губляем, наладжваем, да прыкладу, сувязі з Беласточчынай. Летась склалі спісы родзічаў знакамітага творцы, цяпер спрабуем звязацца з кожным...

/i/content/pi/cult/393/7894/7-6.jpeg

— Якія сувязі падтрымліваеце з музеем Драздовіча ў Германавічах, што на Шаркаўшчыне?

— Мы вельмі шчыльна супрацоўнічаем, рэгулярна абменьваемся выставачнымі фондамі. Германавічы ад Глыбокага знаходзяцца не так і блізка. Але ўсе ахвотныя з нашага райцэнтра маглі пабачыць творы земляка на яго роднай зямлі. Безумоўна, “абменнае” супрацоўніцтва прадоўжым. У найбліжэйшай перспектыве выставачныя магчымасці горада павялічацца: пачне працаваць выставачная зала ў будынку былой бібліятэкі.

— Прага космасу — яшчэ адзін сакрэт Драздовіча?

— Так... Знешне ўявіць аблічча мастака вельмі проста, бо і здымкі захаваліся, і згадкі. А вось ягоны ўнутраны свет... Сваё меркаванне аб Драздовічы я складаю найперш па ўспамінах блізкіх да мастака людзей. Да прыкладу, дачка яго блізкага сябра Янкі Пачопкі добра памятае “дзядзьку Язэпа”. Па яе словах, вельмі любіў стасункавацца з людзьмі, цікавіўся літаральна ўсім...

— Космасам — у тым ліку. Што гэта — спрадвечнае беларускае шуканне новай зямлі?

— Прынамсі, ён — першы, хто ўзняў касмічную тэму ў жывапісе. Фантазія мастака не ведала межаў. Ён насяліў Сатурн жыхарамі, хоць цяпер вядома, што гэтая планета — газападобная. Ён апісваў космас і зоркі так рэалістычна, нібыта сам усё гэта бачыў..

На здымках: работы Язэпа Драздовіча "Дарога на Лужкі" (1938 г.) і "Зачараваная краіна".

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"