Як Леанарда

№ 35 (1057) 01.09.2012 - 07.09.2012 г

Калі чалавек таленавіты, ён таленавіты ва ўсім, што робіць. У кожным творцы ёсць нешта ад Леанарда, які быў мастаком, навукоўцам, інжынерам, музыкантам ды яшчэ словам валодаў. Мабыць, сама прырода творчасці правакуе апантаную асобу выйсці за межы спазнанага і звыклага, паспрабаваць сябе ў іншай сферы, у іншай справе. Нас не здзіўляе, калі мастак піша кнігу, як і тое, што пісьменнік калі-нікалі малюе.

Сярод беларускіх пісьменнікаў, блізкіх нам па часе, найбольш прафесійна валодаў алоўкам і пэндзлем Васіль Быкаў. Пісьменнік скончыў Віцебскае мастацкае вучылішча, і ягоны лёс мог скласціся такім чынам, што асноўным полем творчасці стала б для яго мастацтва выяўленчае. Аднак пераважыла літаратура. Выяўленчае мастацтва засталося для Васіля Уладзіміравіча справай прыватнай — чымсьці накшталт дзённікавых запісаў, не разлічаных на чужое вока. Дарэчы, іншым разам у нататніку замест запісаў Быкаў рабіў замалёўкі. Паводле слоў удавы пісьменніка Ірыны Міхайлаўны, ён, бывала, маляваў не з натуры, а па ўяўленні. Няма сведчанняў, якім чынам сам Васіль Уладзіміравіч ставіўся да сваёй графікі і жывапісу. Аднак, ведаючы, на якую высокую планку ён арыентаваўся ў кожнай справе, якую б ні рабіў, можна меркаваць, што свае выяўленчыя “нататкі”, графічныя і жывапісныя, пісьменнік ацэньваў сціпла. У яго хапіла б таленту, упартасці ды працавітасці, каб стаць выдатным мастаком. Але тады Беларусь не мела б вялікага пісьменніка…

/i/content/pi/cult/393/7893/7-3.jpeg

Нешта падобнае можна сказаць і пра іншага нашага класіка — Уладзіміра Караткевіча. Шматгранная была асоба. Не стаў бы пісьменнікам — быў бы мастаком. У адрозненне ад Быкава, які рабіў побытавыя замалёўкі, Уладзімір Сямёнавіч маляваў тое, пра што пісаў. Можна сказаць, што маляванне было для яго часткай літаратурнай творчасці. Графічныя пошукі мелі на мэце стварэнне славеснага вобраза: малюнак у канчатковым выніку трансфармаваўся ў слова. І, дарэчы, кожнага са сваіх літаратурных герояў Уладзімір Караткевіч мог, пры неабходнасці, намаляваць. Я асабіста меў магчымасць у гэтым пераканацца.

/i/content/pi/cult/393/7893/7-5.jpeg

/i/content/pi/cult/393/7893/7-2.jpeg

Было гэта так. Мае бацькі — літаратары. Яны ведалі Караткевіча і як калегу, і як добрага знаёмца. 21 красавіка 1981 года ён быў у нас у гасцях. Карыстаючыся момантам, я папрасіў госця падпісаць кнігі (“Каласы пад сярпом тваім”, “З вякоў мінулых”, “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”…). Караткевіч маю просьбу выканаў. Мне хапіла б ягонага подпісу і даты, але Уладзімір Сямёнавіч на кожнай кнізе напісаў арыгінальнае прысвячэнне. Я тады толькі-толькі прачытаў “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”. Ад кнігі я быў у захапленні, але ілюстрацыі таго выдання падаліся мне не надта ўдалымі, не адпавядаючымі ні духу, ні зместу твору. Пра гэта я сказаў Караткевічу. Я думаю, яму тыя ілюстрацыі таксама не падабаліся, але, не жадаючы крыўдзіць мастака, Уладзімір Сямёнавіч змаўчаў. А потым зрабіў два лінейныя малюнкі, што давалі ўяўленне пра тое, як некаторыя героі кнігі бачацца аўтару (каб ён ілюстраваў кнігу сам). Адзін з гэтых малюнкаў, у некалькі ліній, вы бачыце на рэпрадукцыі. Што можна пра іх сказаць? Ёсць вобразнасць, адчуваюцца характары. А яшчэ, калі прыгледзецца, відаць веданне матэрыяльнай культуры Сярэднявечча. Тут, як ва ўсёй творчасці Уладзіміра Караткевіча, за лёгкасцю (у дадзеным выпадку — лёгкасцю лініі) стаіць грунтоўнасць і дасведчанасць.

Даследчыкам беларускай літаратуры савецкага часу вядомыя малюнкі Івана Мележа, Уладзіміра Дубоўкі, Сяргея Грахоўскага, шэрагу іншых літаратараў. Пра тое нам паведамілі супрацоўнікі Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, у фондах якога тыя малюнкі захоўваюцца. Але, мяркую, для гэтых пісьменікаў выяўленчая творчасць не мела такога значэння, як для згаданых вышэй аўтараў. На іх прыкладзе не выпадае казаць пра сістэму — гэта былі, хутчэй, эпізадычныя, нават спантанныя, звароты да выяўленчых вобразаў. Скажам, малюнкі Кузьмы Чорнага: яго ўразіла форма дрэў — і ён іх замаляваў, збіраючыся калі-небудзь скарыстаць гэты матыў у апісанні якогасьці краявіду… Даследчыкам вядомы малюнкі, зробленыя Чорным да рамана "Пошукі будучыні". А малюнак, які вы бачыце, прадастаўлены Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры.

/i/content/pi/cult/393/7893/7-4.jpeg

Выяўленчая творчасць пісьменнікаў магла б стаць тэмай спецыяльнага даследавання. Магчыма, праз такі дослед мы інакш пачулі б і іх друкаванае слова. Бо сярод літаратараў ёсць і тыя, хто прыйшоў да слова ад рысы, лініі, мазка…

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"