"Згушчоная" класіка Глыбокага

№ 35 (1057) 01.09.2012 - 07.09.2012 г

Не менш за касмічныя карціны Язэпа Драздовіча ці таямнічае мінулае пяці азёраў горада славіцца Глыбокае яшчэ адным “творам мастацтва”. Так, гаворка пойдзе пра глыбоцкую згушчонку — “дзіўны” ласунак для дарослых і дзяцей (і часам невядома, для каго больш), галоўны прадукт Глыбоцкага малочнакансервавага камбіната і, вядома ж, славуты брэнд горада, які красуецца не толькі ў межах роднай рэспублікі, а і далёка за яе межамі.

Няхай даруюць мне аматары “малочнага цуду”, але не пералічыць хоць некалькі відаў ласунку, што сёння выпускае тытулаваны камбінат, немагчыма: малако згушчонае з цукрам і водарам ванілі, малако згушчонае з цукрам і водарам капучына, малако згушчонае з цукрам і водарам шэры-брэндзі, малако згушчонае з цукрам варанае з ірыса-сметанковым водарам, малако згушчонае з цукрам і какава варанае “Ласунак”… Нават пісаць пра гэтую смакату практычна невыносна, а яшчэ ёсць вяршкі згушчоныя з цукрам і натуральнай кавай, вяршкі згушчоныя з цукрам і цыкорыем, і г.д., і да т.п. Калі б хто з савецкіх школьнікаў ведаў, што тую дэфіцытную згушчонку, якую “днём з агнём не знайсці”, у недалёкай будучыні можна будзе выбіраць у крамах у трыцацці варыянтах… Аднак сёння гэта праўда: згушчонка красуецца ў шматлікіх найменнях у вітрынах крам і “вінаваты” ў гэтым, у тым ліку, Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат.

Зрэшты, трошкі гісторыі. Глыбокае стала месцам вытворчасці згушчонкі невыпадкова: малако менавіта гэтага арэала — глыбоцкіх краёў — было прызнана найбольш прыдатным для стэрылізацыі і кансервацыі. Пра гэта карэспандэнту “К” паведаміла галоўны тэхнолаг глыбоцкага прадпрыемства Валянціна Панцялей.

— У 70-х гадах мінулага стагоддзя па ўсім Савецкім Саюзе праходзілі адпаведныя даследаванні малочнай прадукцыі, — распавяла яна. — Да прыкладу, малако Браслаўшчыны, зыходзячы з яго якасцей і структуры, палічылі найлепшым для вырабу сыроў, а Глыбоччыне дасталася стэрылізацыя малака і выраб згушчонкі. Такім чынам, у 1972-м, у адпаведнасці з загадам Міністэрства малочнай і мясной прамысловасці СССР № 30 ад 20 студзеня 1972 года, камбінат і быў прыняты ў эксплуатацыю…

Ужо на самым пачатку разам з вытворчасцю натуральнамалочнай прадукцыі і жывёльнага тлушчу, была ўведзена ў эксплуатацыю першая чарга па вытворчасці згушчонага малака з цукрам. І толькі праз паўгода — па вытворчасці згушчонкі без цукру.

— Што і казаць, у той час згушчонка лічылася ласункам № 1, — дзеліцца ўспамінамі Валянціна Панцялей. — Яе было не дастаць у крамах, і попыт на яе быў велізарны…

Да Глыбоцкага малочнакансервавага камбіната, які з’яўляўся адным з 17 падобных прадпрыемстваў у Саюзе, ішлі вялікія дзяржаўныя заказы — і асноўным спажыўцом “салодкага” прадукту станавіліся салдаты Савецкай арміі.

 — Былі перыяды, калі наш камбінат перапрацоўваў да тысячы тон сыравіны малака (на згушчонку) у суткі, — узгадвае тэхнолаг.

Сакрэт той папулярнасці згушчонкі ў насельніцтва, на думку спецыяліста, быў абумоўлены некалькімі фактарамі: па-першае, згушчонае малако можа захоўвацца даволі доўгі тэрмін, па-другое, смакавыя якасці, нягледзячы на кансервацыю, амаль не губляюцца, і нават цягам доўгага часу малако застаецца смачным і духмяным, а па-трэцяе — колькасць калорый, якая дае магчымасць адчуць сябе сытым.

— Як вырабляецца згушчонка? — тлумачыць Валянціна Панцялей, якая з’яўляецца выпускніцай аднаго з слынных ВНУ, які рыхтуе спецыялістаў малочнай прамысловасці — Валагодскага малочнага інстытута. — Яна атрымліваецца шляхам выпарвання часткі вады з пастэрызаванага малака і адначасова дабаўлення ў яго цукровага сіропу. Нягледзячы на ўсю “прастату” гэтага працэсу, апошні даволі складаны. Самае галоўнае тут — выпрацаваная тэхналогія ды абавязкова натуральныя інгрэдыенты: неразведзенае малако і цукар…

Як высветлілася, гэтаму “рэцэпту” якаснага малочнага прадукту ў 90-я гады, калі распаўся Савецкі Саюз, было наканавана зведаць атакі нядобрасумленных бізнесменаў.

— У той час мы ўвогуле баяліся, што згушчонае малако стане нікому не патрэбнае, — распавядае Валянціна Фёдараўна. — Нам казалі: у крамах з’явілася столькі прысмакаў — маўляў, куды там згушчонцы! А тут яшчэ і падрыў рэпутацыі згушчонага малака “саматужнымі артэлямі”, якія пачалі замяняць натуральныя інгрэдыенты адпаведнымі штучнымі...

Але ж Глыбоцкі камбінат не пабаяўся застацца на сваёй пазіцыі — і прадоўжыў выпуск любімага прадукту, трымаючы высокую марку.

І сапраўды, згушчонка вытрымала парад “снікерсаў” і “марсаў” у 1990-я і 2000-я, карнавал разнастайных прысмакаў у 2010-я і… нікуды не знікла. Як выстаяў і развіўся сам Глыбоцкі камбінат. У прыватнасці, сёння прадпрыемства выйшла на 80 відаў натуральнай малочнай прадукцыі. А што да нашага ласунку, то згушчонае малако распаўсюджваецца на рынкі больш як дзесяці краін.

Арыентуючыся на запыты сучаснай публікі, Глыбоцкі камбінат распачаў выпуск розных найменняў згушчонага малака: з фруктозай і (навінка гэтага года) са стэвіяй — кампанентам унікальнай расліны з Лацінскай Амерыкі, што шырока распаўсюджана ў якасці цукразаменніка ў той жа Японіі. Па меркаваннях дыетолагаў і фармаколагаў свету, стэвія неверагодна карысная не толькі ў пытаннях абмену рэчываў, аднак і ў прафілактыцы сардэчна-сасудзістых ды іншых захворванняў.

— Зараз да нашай навінкі людзі, вядома, прыглядаюцца, — дзеліцца сваімі назіраннямі Валянціна Панцялей. — Маўляў, што за “фрукт” такі? Згушчонка, але без цукру — дзіўна, насамрэч! Але яна сапраўды вельмі карысная і смачная…

Дарэчы, наконт разнастайнасці смакаў глыбоцкай згушчонкі: усе варыянты ласунку праходзяць на прадпрыемстве шматлікія пробы дэгустацыйнай камісіі.

— Так, мы ўносім заўвагі па ўсіх параметрах: пачынаючы ад рэцэптуры, тэхналогіі і заканчваючы фасоўкай, — распавядае тэхнолаг. — Да прыкладу, калі першы раз паспрабавалі малако згушчонае з цукрам і какава, — яно аказалася проста горкім, і мы вырашылі змяніць рэцэптуру…

— Ці не надакучвае частавацца ласункам? — пытаюся ў спецыяліста.

— Разумееце, у нас на прадпрыемстве працуюць усе яго вялікія прыхільнікі, і ў гэтым пытанні праблем не назіраецца…

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"