“Хацеў бы прапанаваць спонсарскую дапамогу!”

№ 35 (1057) 01.09.2012 - 07.09.2012 г

Шлях па каву “Завоссе — Баранавічы”, або Рэклама ды “раскрутка” Літаратурнага музея

Адзін вядомы каміваяжор выдаў такі афарызм: калі б я прадаваў свой тавар толькі тым, у каго самастойна саспела жаданне яго купіць, дык не зарабіў бы нават на трамвайныя талончыкі. Напэўна, у наш час гэта датычыцца і такіх, здавалася б, некамерцыйных інстытуцый, як літаратурныя музеі. Вядома, перадусім не ў эканамічным, але менавіта ў сацыяльным аспекце. Разлік выключна на “падрыхтаваны” кантынгент звужае кола наведвальнікаў да смешнага мінімуму.

Прызнаемся шчыра: літаратурныя музеі пакуль маюць рэпутацыю “цікавостак на аматара” альбо дапаўнення да школьнай праграмы. Масавым (чытай: “добраахвотным”) турыстам іх зазвычай не рэкамендуюць. Але наведаўшы пад час сёлетняга велатура “К” дзясяткі розных адметнасцей, нашы карэспандэнты аднадушна ды без ваганняў змясцілі на верхні радок свайго суб’ектыўнага рэйтынгу менавіта Музей-сядзібу Адама Міцкевіча ля вёскі Завоссе, які мае статус філіяла Дзяржаўнага музея беларускай літаратуры. Перакананы: той самы “масавы турыст” таксама падтрымаў бы наш выбар. І гэта нават прытым, што патэнцыял росту турпрыцягальнасці ў Завоссі пакуль далёка не вычарпаны…

Гонар і… рэквізіты

Кіруючыся паўз прыгожыя пустэльныя ўзгоркі да адноўленага трынаццаць гадоў таму засценка, быў гатовы заспець там “соннае царства”. А таксама “джэнтльменскі набор” звыклых для рэгіянальных музеяў праблем: рамонт, кадры, абнаўленне экспазіцыі і, галоўнае, зацікаўленыя наведвальнікі. Тым больш, трапіць у той засценак сёння можна толькі сваім ходам: рэйсавыя аўтобусы туды не завітваюць. Ды і экскурсійныя таксама бываюць не вельмі часта.

Аднак мяне чакала неспадзяванка. Да стаянкі перад музеем адна за адной пад’язджалі машыны — як адзінкавыя, так і цэлыя вясельныя картэжы. Пагадзіцеся, удзел літаратурнага музея ў матрыманіяльных працэсах пакуль у нас не стаў сапраўднай традыцыяй.

Зрэшты, наша здзіўленне было кароткім: аднаго позірку на дарогу, якая вядзе ад стаянкі ў засценак — спрэс засаджаную шыкоўнымі кветкамі, — дастаткова, каб зразумець, што больш маляўнічага месца ў ваколіцах Баранавічаў, мабыць, і не знайсці. Да таго ж, на фоне дамкоў з чаротавымі дахамі можна зрабіць унікальныя здымкі.

Пакуль маладыя ладзілі фотасесію, сёй-той з гасцей вяселля далучыўся да экскурсіі, якую праводзіў загадчык філіяла Анатоль Еўмянькоў. Яна доўжылася гадзіны паўтары, але ніхто са слухачоў не пазяхаў і не глядзеў на гадзіннік. Гіду апладзіраваць у нас не прынята, хаця… гэта акурат той выпадак.

Прычым асабліва ўразілі нават не шыкоўныя інтэрактыўныя прынады (а наведвальнікі маюць магчымасць прымерыць шляхецкі жупан і патрымаць у руцэ антыкварны келіх “з той самай шафы”), колькі імпэт, які выпраменьваў экскурсавод, яго ўменне “дастукацца” да любой аўдыторыі, арганічна спалучаючы два аднолькава важныя фактары — атракцыйны ды пазнаваўчы. І таму гісторыя сціплага засценка няспынна перамяжоўвалася захапляльнымі экскурсамі ў мінуўшчыну ўсёй Беларусі: такое сабе multium in parvo.

Фінал гэтай экскурсіі быў папраўдзе нечаканым. Разам з намі яе слухала немаладая ўжо пара — да брата прыехала сястра з Украіны, і той зладзіў ёй “культурную праграму”. Мяркуючы па іх пытаннях да гіда, абое наўрад ці здалі б на сто балаў тэст па беларускай гісторыі.

— Пабываўшы ў вас, я сапраўды адкрыла для сябе Беларусь, — сказала сястра.

— Дайце мне, калі ласка, вашы рэквізіты, я хацеў бы прапанаваць вам спонсарскую дапамогу, — брат быў больш прагматычным.

Чаму б не арганізаваць ініцыятыву?

Безумоўна, падтрымліваць немалую “гаспадарку” (што ні кажы, але гэта сапраўдны міні-скансен!) у такім ідэальным стане сіламі чатырох супрацоўнікаў амаль немагчыма. Сродкаў з рэспубліканскага бюджэту хапіла на самыя сур’ёзныя работы: перакрыць адзін квадратны метр чаротавага даху абыходзіцца ў 150 еўра, а тыя “квадраты” тут вымяраюцца сотнямі. Зрэшты, і вынікі адпаведныя каштарысу. А вось што да менш складаных спраў — скажам, прапіткі бярвенняў антысептыкам…

— Акурат днямі мы зладзілі валанцёрскі летнік з удзелам актывістаў баранавіцкага БРСМ, — распавядае Анатоль Еўмянькоў. — Хлопцы ахвяравалі сваю працу, а адна мясцовая фірма выдаткавала сродкі на неабходныя матэрыялы. Потым пасмажылі кілбасак на грылі, я са свайго гарода прынёс бульбы ды гуркоў… У выніку і моладзь чыстым паветрам падыхала, і справу добрую зрабілі…

На жаль, удзел валанцёраў (менавіта “тутэйшых”) у справе падтрымкі музейных і ўвогуле гісторыка-культурных аб’ектаў у нас пакуль не стаў рэгулярнай практыкай. Рызыкнём выказаць здагадку: можа, справа яшчэ і ў тым, што самі музейныя супрацоўнікі не заўсёды праяўляюць ініцыятыву або не робяць высілкаў, каб належным чынам яе арганізаваць?..

V.I.P. з гонтавым дахам

Лішне казаць, што план платных паслуг установа перавыконвае. Тым не менш, яе даходы маглі б быць куды большымі. Рэсурс — зразумелы: стварэнне аб’ектаў сэрвіснай інфраструктуры. Заўважым, гэтую тэму ў нашай гутарцы ўзняў сам Анатоль Еўмянькоў:

— Замежнікі (а былі ў нас, між іншым, нават кітайцы, якія таксама чыталі Міцкевіча ў перакладах на сваю мову!) часта пытаюцца: а ці можна тут дзе выпіць кубачак кавы? На жаль, нічога, апрача вады са студні, прапанаваць я ім не магу. Хаця, здавалася б, у нас ёсць усе магчымасці, каб выправіць сітуацыю…

Разам з пабудовамі колішняга засценка, напрыканцы 1990-х гадоў у Завоссі быў збудаваны і дом службовага прызначэння — між іншым, з сапраўдным гонтавым дахам!

— Сёння ён амаль не выкарыстоўваецца, хіба толькі цягне з бюджэту вялізныя сродкі на ахову, — кажа Анатоль Еўмянькоў.

Мара дырэктара філіяла — пераўтварыць прыгожы будынак у невялікі агратурыстычны комплекс з пазнакай “V.I.P.”. Вядома, для гэтага патрэбны пэўныя інвестыцыі. Прынамсі, дарабіць усе патрэбныя камунікацыі.

— Мяне ўразіў досвед суседніх краін: дом, як быццам, XVIII стагоддзя, а “начынка” — ХХІ-га, — кажа ён. — Гэты кантраст папраўдзе спрацоўвае…

Анатоль Еўмянькоў гатовы разгледзець усе партнёрскія прапановы з боку прыватнікаў. У той самы час, ён лічыць, што найаптымальны варыянт — гэта стварэнне агратурыстычнай установы непасрэдна ў межах філіяла. З той простай прычыны, што абсалютна перакананы: яна будзе не толькі рэнтабельнай, але і прыбытковай!

Некаторыя дырэктары музейных устаноў пабойваюцца такіх “няпрофільных актываў”, як кавярня або гатэль: маўляў, не наша гэта справа — “печись о столах”. Анатоль Еўмянькоў, наадварот, з радасцю ўспрыняў бы пашырэнне сваіх функцый. Балазе і пэўны бізнес-досвед у яго ёсць.

Як вядома, Адам Міцкевіч нарадзіўся ў Завоссі выключна праз збег абставін — іначай тут і не скажаш. Тым не менш, гэтая “выпадковасць” стала вызначальнай у лёсе Анатоля Еўмянькова. Упершыню ён прыехаў сюды маладзенькім выпускніком Магілёўскага ўніверсітэта: працаваць па размеркаванні настаўнікам гісторыі ў вёсцы Войкавічы.

 — Прайшоўся па гэтых Войкавічах — і выгукнуў: “Вой, заўтра ж адсюль уцяку, першым жа аўтобусам!” — з усмешкай згадвае ён. — Але бабуля, у якой я меўся здымаць пакойчык, мне кажа: а ці ведаеш ты, што непадалёк адсюль нарадзіўся сам Міцкевіч? І тады я падумаў: калі ўжо сам Міцкевіч тут жыў, то і я пажыву…

Хто б тады ведаў, што праз колькі дзесяцігоддзяў Анатоль Іванавіч стане дырэктарам музейнай установы, адноўленай, лічы, “у чыстым полі” — Міцкевіча тут памятаюць хіба старыя дрэвы! За плячыма — праца на пасадзе начальніка райаддзела культуры і даволі паспяховая бізнес-кар’ера. І ўсе гэтыя дзелавыя ды арганізатарскія навыкі спатрэбіліся на новай пасадзе.

Яшчэ ініцыятыва — сабраць да юбілею суветнага класіка, які будзе адзначацца ў 2014 годзе, усіх яго сваякоў у Завоссі. Справа няпростая: нашчадкі паэта жывуць у далёкім замежжы. Аднак першыя захады ўжо зроблены.

— Я звязаўся з прамым нашчадкам Адама Міцкевіча — Раманам Гарэцкім, які жыве ў Парыжы, і ён з радасцю паабяцаў мне сваё спрыянне, — распавёў Анатоль Еўмянькоў. — Перакананы, што гэтыя людзі ахвотна прыедуць сюды, у Завоссе, каб падыхаць цудоўным чыстым паветрам гэтых мясцін. Толькі вось… Для гэтага трэба вырашыць тыя самыя пытанні з інфраструктурай. Не ў Баранавічы ж іх на каву вазіць!..

наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск — Баранавіцкі раён — Мінск