Легенды “Сівой легенды” : “І кветка кожнага кахання пад добрым сонцам ажыве”

№ 35 (1057) 01.09.2012 - 07.09.2012 г

З падзей ХVІІ стагоддзя. Лібрэта да оперы паводле аповесці “Сівая легенда”

Легенды “Сівой легенды”

Ёсць нешта сімвалічнае ў тым, што прэм’ера другой рэдакцыі оперы Дзмітрыя Смольскага “Сівая легенда” паводле аднайменнай аповесці Уладзіміра Караткевіча, прызначаная Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатрам оперы і балета Беларусі на 9 і 10 верасня, ідзе праз які тыдзень за Днём пісьменства. Быццам ягоны лагічны працяг. Ці выбітное “рэха” беларускага слова ў музыцы. Тым больш, лібрэтыстам оперы выступіў сам пісьменнік, а з класікамі такое здараецца надзвычай рэдка — адметнае выключэнне з правілаў.

/i/content/pi/cult/393/7886/8-1.jpeg

Цікава, але яшчэ большым “выключэннем” трэба лічыць тое, што вершаванае лібрэта оперы стваралася пазней за музыку, якая быццам сама вызначала неабходныя для яе рытміку і лініі меладычнага руху. І можна толькі дзіву давацца, як у такіх “няўдзячных” для літаратуры ўмовах, калі музыка дыктуе ледзь не абсалютна ўсе астатнія складнікі, Караткевіч знаходзіць надзвычай трапныя характарыстыкі ды слоўныя звароты.

А дапаўняюць агульную карціну “выказванні сведкаў” — удзельнікаў спектакля 1978 года, зробленага паводле першай рэдакцыі оперы, і салістаў цяперашняй пастаноўкі. Дадамо толькі, што паміж гэтымі дзвюма сцэнічнымі рэдакцыямі была і кінематаграфічная, прычым не ў выглядзе версіі спектакля, а цалкам самастойная: з удзелам драматычных артыстаў, у чые вусны ўкладаліся раней запісаныя спевы оперных салістаў.

Дарэчы, лібрэта не ўвайшло ў першы Збор твораў Уладзіміра Караткевіча. Будзем спадзявацца, "прагучыць" яно ў новым, што пачалі выдаваць у сёлетні Год кнігі.

Змяніць Рамана на Івана

— Партыя Ірыны, — распавядае народная артыстка Беларусі Ірына ШЫКУНОВА, — была адной з маіх самых любімых. І не таму, што менавіта за яе я атрымала Дзяржаўную прэмію нашай краіны. Прэмія стала хіба вынікам! Ірына — шчырая, кранальная, адданая ў каханні. Але нельга сказаць, што яна жыве адно гэтым пачуццём. Яна ж дзяўчына, што называецца, “ад зямлі”. І любоў да гэтай зямлі, роднага краю, да радзімы яна нясе ў сваім сэрцы. Усё гэта для яе — такая ж частка яе самой, такое ж “асабістае”, як і стаўленне да любага Рамана. Невыпадкова “Маё святло, маё каханне” я спявала на юбілеі Івана Шамякіна, толькі імя змяніла. І так прыйшлося дарэчы — што па словах, што па музыцы. Бо гэта, як сёння сказалі б, тая “асобасная” патрыётыка, калі радзіма пачынаецца з тваіх родных і блізкіх.

/i/content/pi/cult/393/7886/8-7.jpeg

У цяперашнім спектаклі Ірыну, сярод іншых салістак, увасабляе і мая выхаванка, лаўрэат міжнародных конкурсаў Алена Золава. Чатыры гады таму яна скончыла па маім класе Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі, але наша супрацоўніцтва працягваецца. Зараз, калі яна рыхтуе партыю Ірыны, я падказваю ёй некаторыя дэталі, мы займаемся з сапраўдным імпэтам, на хвалі ўздыму. Я вельмі ўдзячная ёй, што традыцыі, такім чынам, працягваюцца. Новыя пакаленні не павінны “вынаходзіць веласіпед” — ім трэба рухацца далей за папярэднікаў, шукаць нешта сваё. І я вельмі ўзрадавана, што бачу, як свецяцца ў Алены вочы, як падабаецца ёй гэты вобраз і сама музыка. Дзмітрый Смольскі — адзін з самых таленавітых беларускіх кампазітараў, бо толькі насамрэч адораны творца можа гэтак увасобіць аповед Уладзіміра Караткевіча…

Сяброўка Аіды?

— Арыю Ірыны, — расказвае заслужаная артыстка Беларусі Ніна ШАРУБІНА, — я спявала і раней, уключала яе ў канцэртныя праграмы. Дый іншыя сольныя нумары гэтай оперы часцяком гучалі з нашай сцэны. Цяпер жа, сутыкнуўшыся з усім творам цалкам, можна ацаніць, наколькі ён канцэнтраваны. Ніводнай лішняй ноты! У кожнага з герояў — запамінальная партыя з распеўнай, меладычнай арыяй у цэнтры. І хаця самі партыі паводле свайго аб’ёму не такія ўжо вялікія (опера ідзе ўсяго дзве гадзіны, што адпавядае сучасным меркам), яны няпростыя вакальна, салістам ёсць над чым працаваць. Але рэпеціруем мы з задавальненнем, дэкарацыі вельмі прыгожыя.

/i/content/pi/cult/393/7886/8-3.jpeg

Што ж да маёй гераіні, дык дарма меркаваць, быццам Ірына павінна быць выключна лірычнай. Я не лічу, што гэта так. Яна моцная, смелая, самаахвярная, гатовая адстойваць сваё каханне да канца. Міжволі напрошваюцца паралелі з Аідай з оперы Вердзі. Там падобная расстаноўка сіл: гаспадыня і рабыня (а ў “Сівой легендзе” — паненка і прыгонная) закаханы ў аднаго хлопца. Розніца хіба ў тым, што Любка, у адрозненне ад Амнерыс, замужам. Але гэта нічога не змяняе! Любоўныя трохкутнікі ёсць у многіх операх: згадайма і “Тоску” Пучыні, і вердзіеўскія “Баль-маскарад”, “Набука”. Барацьба за каханне — вечная тэма мастацтва, яна заўсёды будзе актуальная і ўсім зразумелая. А подых мінулага надае ёй непаўторнасць...

Не найміт, а кантрактнік

— Былая пастаноўка “Сівой легенды”, — узгадвае народны артыст Беларусі Яраслаў ПЯТРОЎ, — была для мяне адным з самых адметных спектакляў канца 1970-х — 1980-х гадоў. І не толькі дзякуючы рэжысуры легендарнага Сямёна Штэйна. Кожны з тых салістаў — усесаюзна вядомае імя. Любку спявала Святлана Данілюк, Кізгайлу — Аркадзь Саўчанка (абаіх ужо няма з намі). Аляксандр Дэдзік, які спяваў Рамана, даўно жыве ў Расіі і працуе ў розных краінах свету. А была ж такая, як нас называлі, неразлучная тройца: Дэдзік-Саўчанка-Пятроў — тры народныя артысты, гэткі папраўдзе “славянскі склад”, бо мы не проста спявалі разам, а яшчэ і сябравалі, разам бавілі час. Гэтаму спектаклю мы ўсю душу сваю аддавалі, адчуваючы сябе беларусамі ў сотым, тысячным калене.

/i/content/pi/cult/393/7886/8-9.jpeg

Я спяваў Найміта, і гэты герой не ўяўляўся мне парадыйным увасабленнем гэткага “ворага”. Найміт, на сутнасці, — гэта той, што ідзе ваяваць “па кантракце”. У свой час я сам, можна сказаць, аддаў пяць гадоў такой вайсковай службе: працаваў вадалазам-глыбакаводнікам на Кубе. І ўсе тыя, хто ваююць у гарачых кропках, — звычайна самыя надзейныя сябры. Для іх існуюць не толькі грошы (маўляў, плаціце — будзе зроблена), але і высокае, папраўдзе святое сяброўства, вечныя чалавечыя каштоўнасці, адна з галоўных сярод якіх — мужчынская дружба. Дарэчы, у Дзмітрыя Смольскага ўсё гэта ёсць. На опернай сцэне ўвогуле не бывае спрэс “адмоўных персанажаў”, бо музыка заўсёды надае высакароднасць…

Чорна-белае не апранаць!

— Шляхціч Кізгайла, — распавядае народны артыст Беларусі Уладзімір ПЯТРОЎ, выканаўца партыі ў новым спектаклі, — зусім не антыпод Раману. Гэта толькі ў школе ці ў дрэнных кінастужках бывае падзел на “станоўчых” і “адмоўных” герояў. У оперы ж, як і ва ўсёй творчасці Уладзіміра Караткевіча, няма “аднакаляровых” ці “чорна-белых” персанажаў. Кізгайла — вобраз глыбокі, няпросты. І можна толькі захапляцца, што Дзмітрый Смольскі змог знайсці музычныя сродкі, якія дакладна перадаюць усю неабсяжнасць пачуццяў героя: і яго шалёнае каханне, і той пякучы боль, што ахоплівае яго пры адной толькі думцы аб роднай зямлі.

/i/content/pi/cult/393/7886/8-2.jpeg

У аснове оперы — не проста вершаваная сюжэтная канва, а сапраўдны літаратурны матэрыял, варты не толькі дзвюхгадзіннага, але і куды больш разгорнутага спектакля. Яго драматургія выяўляецца менавіта праз музыку. Атрымліваецца зусім не статычнае, а надзвычай рухавае відовішча — фільм можна здымаць! Рэжысёр Міхаіл Панджавідзэ намагаецца адысці ад оперных штампаў ды ранейшых напрацовак, ставіць перад намі незвычайныя задачы. А як натхняе музыка! У ёй ёсць усё, і тая ж арыя Кізгайлы, што ўжо трывала ўвайшла ў канцэртны рэпертуар, — сапраўдны оперны шлягер!..

 

З падзей ХVІІ стагоддзя. Лібрэта да оперы паводле аповесці “Сівая легенда”

“І кветка кожнага кахання пад добрым сонцам ажыве”

1 Дзея

[…]

Сцэна 2.

Кізгайла, Раман.

Кізгайла: — Я на волікаў пастух, я на конікаў канюх, я на зайчыкаў стралец, я на дзевак маладзец!

Што з табой? Што закручыніўся? Ці ўлюбёны жарабец прабіўся? Ці мо ў карчме, зусім як гразь, напіўся? Ці можа з кімсьці да чубоў пабіўся? Што з табой? Скажы, Рамане!

Раман: — Кахання вечны свет мне падарыў Ірыну… Тваю рабыню… І без яе мне свет — турма… Нябёсы гінуць, жыцця няма…

Кізгайла: — Што ты, любы дружа! Ці ты блёкату аб’еўся? У храм халопку весці! У храм халопку весці!

Раман: — Дам табе я сто талераў бітых, дам булат і араба-каня — адпусці ты на волю Ірыну! Мне мілей яна Бога і дня!

Кізгайла: — Што ты, любы хлопча! Галавою ты, відаць, нядужы? У храм халопку весці! У храм халопку весці!

Раман: — А калі прамаўчыш пра выкуп і яе павяду я ў храм, я табе неўміручую душу, сэрца і меч аддам! Бо калі ты мне адмовіш, то аддасць Ірыну мне мой меч…

Кізгайла: — Што ты, любы дружа? Можа, лекара прывезці? У храм халопку весці! У храм халопку весці!

Як срэбра светлы, Любкі рог. Паслухай, а можа, нам спытаць у пані Любкі?

Раман: — Пры чым яна? Сам розум маеш.

Кізгайла: — А, д’ябал з ім! Хаця ў гразі ўтапіся! Каб дурні ў краі нашым не звяліся, пад бізуном разумных век пасліся. Чорт з табой! Бяры Ірыну.

Раман: — Сонца свет ты падарыў мне, маё святло, маё каханне!

Кізгайла: — Бяры яе! Бяры Ірыну!

/i/content/pi/cult/393/7886/8-4.jpeg

Сцэна 3.

Кізгайла, Любка.

Любка: — Як “бяры”? Як “Ірыну”? Няхай пярун яе!.. О Крыж і Бога раны! Нашто яна, нашто Раману? Нашто аддаў яе? А ты спытаў мяне? Калі даваў ты згоду? Мяшаць кроў нобіляў, каня з асліным збродам! Ты чуеш! Не!

Кізгайла: — Будуць свары паміж намі, вайна, пажары, раны… Між намі… І смерць, і кроў між намі ўстануць…

Любка: — Хай будзе кроў — я не аддам!

Кізгайла: — Будзе воран граць над намі, драпежны грай паганы… Над намі… І смерць, і кроў між намі ўстануць…

Любка: — Хай ляжа тысячная раць — не дам Ірыну я аддаць! Іначай, вер, ні ў дзень, ні ў сне, нідзе не ўбачыш болей ты мяне!

Кізгайла: — Апошні раз пытаю: нашто яе трымаеш? Падумай! Згінуць можа панства.

Любка: — Няхай загіне, няхай загіне!

Кізгайла: — О пекла, сера і агонь пакуты! Дзе бабы, там, вядома, д’ябал муціць. Мы круцім светам — намі бабы круцяць. Чорт з табой! Не дам Ірыну!

Арыя Кізгайлы: — Зямля, не пракляні мяне, зямля, што дрэмле ў вечным сне… Каханая і вечна нелюбівая, любоў, што вечна будзе нам здрадліваю. Не кінь мяне ў пякельным сне, любоў! О, як сэрца маё прагне ласкавага маю!.. Любві моліць кожным раннем, дзяцей ад твайго кахання… Вы кіньце мне мір і літасць, зямля і любоў! Зямля, не праклінай мяне, любоў не пакідай мяне… Каханая і сэрцу нелюбівая, жаданая і вечна нам здрадлівая, не кінь мяне, не здрадзь мяне, любоў! О, як сэрца маё прагне ласкавага маю!.. Любві моліць кожным раннем, дзяцей ад твайго кахання… Вы кіньце мне мір і літасць, зямля і каханне, не пракляні, зямля бацькова… Не пракляні каханне… Не кінь мяне… Не кіньце пеклу… Надзеі… Не пракляні, зямля... Не пракляні мяне ты… Не пракляні мяне, малю я, зямля…

Любка: — Кізгайла, не вер, што змрок душа мая, не думай, што мук тваіх не бачу я, тваёй любві вялікай да зямлі сваёй і трапяткой пяшчоты да журбы маёй. Пакутны мой, жаданы мой, я сэрцам чую ўсё, душою…

Ты толькі знай: караюць таго багі і народ, хто срэбра й гразь мяшае, хто забівае род. І помста будзе паноў краіны такому Юдзе з яго асінай. Адпраў Ірыну ў Магілёў!

Кізгайла: — О Бога Крыж! Рабі, што хочаш! У Магілёў, дык у Магілёў!

Любка: — Вось ён, кахання свет, вось маладзік ваш сіні, на кветках — іней, на іх ідзе з касой зіма... А ты, Рамане, ты, Рамане, ты будзеш мой…

Карціна 2 (унутры замка Кізгайлы).

Куплеты наймітаў

/i/content/pi/cult/393/7886/8-5.jpeg

Сцэна 5.

Найміт і мужчынскі хор: — У моры ці ў гарэлцы плаваць, браць мячом Парыж ці Рым — пройдзе ўсюды найміт бравы, нават цераз пекла дым! Што нам слава і паненкі? Што грахоў смяротных сем? У дзевак абарвем сукенкі, у славы крылы абарвем! Што нам вораг, дзеўкі-дуры? Сілай возьмем кожны дом! Нават сатану да мура, як заплацяць, мы прыпром! Прыйдзе час разлікаў з лёсам, але што нам Страшны суд? Мы тады ў самой бязносай, мы тады ў самой бязносай адбяром яе касу! Таму што… мы служылі ёй, як чэрці (Хор: “Мы служылі верна!”), нас саміх хоць чорт свяці, толькі б гаспадар да смерці звонкім золатам плаціў! Ну а як забудзе Бога, гэта значыць, грошай звон, прадамо Яго Самога, калі штось каштуе ён!..

[…]

2-я дзея

Карціна 3 (бібліятэка ў замку Кізгайлы)

Сцэна 11.

Рэчытатыў і арыя Рамана. […] — Сонца мне святло любві адкрыла, наш добры свет, маю зямлю, і дрэвы сняць аб крылах, і мару я аб мілай, якую больш жыцця люблю…

О Божа мой, што ж Ты сееш гора? О добры мой! Што ж ты край Свой морыш? На што скон зямлі Тваёй? Чаму сябры толькі звады знаюць? Чаму яны да падлюг збягаюць? За што люд караеш Свой? Хлопскім дуб’ём і Божай сілай вечную зрыну я турму… Краю мой светлы, краю любы разам з каханнем я вазьму. І прыйдзе цёплае світанне, і кветка кожнага кахання пад добрым сонцам ажыве… І шчасце будзе і мне, і людзям…

Змяшаны хор a capella: — Гэй! Прыйшла галота ды пад панскія варота! Гэй! Гэй!

— Гэй! Галота! Прыйшла! Варота! Узяла!

— У панскіх бочках прабілі дно — палілося віно, палілося віно, разлілося, як кроў, віно... Панскі замак захмялеў, хмельнай песняй загудзеў. Вольны спеў загудзеў! Гэй! Прыйшла галота ды пад панскія варота! Гэй! Гэй! У замак панскі ўвайшла!

Сцэна 12.

Раман, Любка.

Раман: — Я слухаў свой народ, зоў пушчы, голас вод, зямлі маёй раскуты зоў! І нельга быць святым, калі не ўчуеш ты прызыўны кліч зямлі бацькоў! Ты мусіш дзень пры дні свабоды прасці ніць, інакш пазбавіць люд цябе сыноўскіх праў, і жыць ля хат і ніў, і край бацькоў храніць. І скажа ён, што ты і смерцю смерць папраў!

Ты, Любка! Чаго прыйшла? Чаго шукаеш?

Любка: — Я прыйшла да цябе з маленнем… Муж памрэ, і тады, як крукі выганяюць бяздзетную жонку з імення сваякі прагныя… Не было ў нас дзяцей… Бог не даў суцяшэння. Дык што мне, сагнуць калені? Ды што мне, прасіць збавення? У таго, хто на нашы сцены агнём узляцеў?!

Раман: — Змоўч, Любка! Сама віной! Сама віною!

Любка: — Я прыйшла да цябе з журбою: ты не даў мне любоў. Дай хоць род мне, Рамане, дай род мне, дай сына! Не дай мне прапасці, згінуць! Біся ў чорнай журбе… Вый на клін жураўліны... Табе не дастаць Ірыны, каханай тваёй Ірыны табе не ўзяць!

Раман: — Зрыну бяду! Землі прайду! Выпалю сволач ту, конскім хвастом змяту, а шчасце людзям я знайду, знайду!

Любка: — Як я магла яе аддаць?..

Раман: — Твой боль мячом я звяду, праз цэлы свет я прайду, у турму тваю я прыду і шчасце нам я знайду!

Любка: — Магла свой боль прадаць? Табе яе аддаць? Навек аддаць?

Раман: — Зрыну бяду! Землі прайду! Выпалю сволач ту, конскім хвастом змяту, а шчасце людзям я знайду, знайду!

Любка: — Яшчэ адно маленне... Паслухай, паслухай! Яшчэ адно маленне..

Арыя Любкі: — Ты прыпомні, як лотаць калісьці ў лугах мы збіралі. Ты прыпомні, як лотаць калісьці ў лугах залацела. Конь твой белы, як хмарка, ляцеў, і як снежны завеі павеў. Нібы песня без слоў, нібы мары без сноў… Як любоў… Я тады за цябе бы пайшла й на нязмерныя мукі! О, якія ў цябе былі добрыя, моцныя рукі! Калі ты мяне браў да сядла... Калі золатам лотаць цвіла… Калі подых і кроў аддала б за тваю я любоў! Мне не трэба Нябёсаў, ні пекла, ні светлага раю… Я цябе і цяпер так бязмерна, так горка кахаю, што такога кахання нідзе не знайсці ні ў багоў, ні ў людзей! Аддала б, зноў і зноў, і жыццё я, і кроў за любоў. Як цябе я люблю! Я цябе так кахаю! Шчасце маё! Радасць мая! Я цябе так люблю!..

[…]

/i/content/pi/cult/393/7886/8-6.jpeg

Карціна 4 (турма)

Сцэна 15.

Рэчытатыў і арыя Ірыны: — Цяжанька мне ў гэтай цямніцы, нібы ў труне, нібы ў грабніцы. Каму пячаль павем сваю? Каму тугу сваю пралью? Жалейка ў полі… Радзімы голас... Як голас нядолі…

Мой край, мой светлы рай, забыты Богам. Мой край, спяваюць вербы ля дарогі. Буслоў чароды на сініх водах. Мой край, мой светлы рай! Люблю цябе за ўсе світанні. Люблю, бо даў ты мне Рамана, што даў ты мне яго любоў, што ўвек не звяне яго любоў... Не ўбіць ім нашага кахання, яно і ў Судны дзень паўстане, з пякельных рвоў нятлення ўстане, і з дыбы ўстане, і з плахі ўстане, каб стрэць світанне, усіх людзей світанне. Мой край, мой светлы рай, забыты Богам, мой светлы краю, мой кляты раю… Мой край, смяюцца вербы ля дарогі… Не злом, не кроўю — хутчэй, любоўю нашай мы вернем шчасце ў наш бедны край, мой край…

[…]

Карціна 5 (на плошчы)

/i/content/pi/cult/393/7886/8-8.jpeg

Сцэна 17.

Аркестравы фрагмент.

Хор.

Вакаліз

— О магутны Божа, дапамажы ім, дапамажы ім пражыць жыццё!

Сцэна 18.

Дуэт Ірыны і Рамана.

Ірына: — О Раман! Маё святло, маё каханне!

Раман: — О любоў, маё ласкавае світанне!

Ірына: — О Раман, маё світанне, цёплы мой прамень!

Ірына і Раман: — Яна прайшла, часіна гора, і мы сальемся ў прасторы, як рэкі з морам, як зоры ўсе з зарой…

Раман: — О любоў! Маё святло, маё каханне!

Ірына: — О Раман, маё ласкавае світанне!

Раман: — О любоў, маё світанне, цёплы мой прамень!

Ірына і Раман: — Яна прайшла, часіна гора, і мы сальемся ў прасторы, як рэкі з морам, як з небам зоры, як зоры ранішняй зарой…

Мы з табой прайшлі праз ноч разлукі, мы з табой прайшлі агонь і мукі, мы з табой да канца жыцця!

Хор: — О магутны Божа, дапамажы ім, дапамажы ім пражыць жыццё!

Ірына і Раман: — О любоў, маё святло, маё каханне! О любоў, маё ласкавае світанне! О любоў, маё світанне, цёплы мой прамень!

Хор: — Магутны Божа, дапамажы ім, дапамажы пражыць жыццё!..

Матэрыялы падрыхтавала Надзея БУНЦЭВІЧ

На здымках: сцэны з першай пастаноўкі "Сівой легенды" (манахромныя фота); рэпетыцыі другой

рэдакцыі оперы (каляровыя фота).

Фота з архіваў Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА і Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"