“Тэмпература” эпохі

№ 35 (1057) 01.09.2012 - 07.09.2012 г

Пра тое, што вытрымала праверку часам

Калі з дня нараджэння мастака праходзіць, скажам, цэлае стагоддзе або больш гадоў, ён становіцца персанажам гісторыі і спрэчкі пра яго сціхаюць. Бо такой трывалай, самавітай дыстанцыі даволі, каб сталі дастаткова яснымі, устойлівымі меркаванні пра ролю творцы ў мастацтве свайго часу, ацэнка выбітных яго работ, стаўленне да іх гледачоў новых пакаленняў. Словам, да такіх дат звычайна суд гісторыі завершаны.

/i/content/pi/cult/393/7885/7-4.jpeg

Хаця лёс некаторых такіх мастакоў-юбіляраў, якім сёлета споўнілася і 140, і 110, і 100 гадоў, і 90 гадоў з дня нараджэння, і г. д., не заўсёды складваўся так, як гэта павінна быць. Напрыклад, што мы ведаем пра такіх таленавітых аўтараў, як М.Сляпян або М.Аксельрод, якога больш ведаюць у Расіі, чым на ягонай радзіме, у Беларусі? Пералік мастакоў, што сталі сёння зусім забытымі ці паўзабытымі, можна доўжыць. Скажам, Н.Паслаўская, майстра нацюрморта ў духу І.Хруцкага: яна нарадзілася ў 1912-м, а вось калі і дзе памерла, нам невядома. Туманныя і лёсы тых, хто ў розныя часы пакінуў радзіму і скончыў жыццё ці то ў ЗША, ці то ў Ізраілі, ці то ў Аўстраліі. Ды і іншых нашых “дамарослых” сучаснікаў, з якімі даводзілася часта сустракацца і чаяваць, таксама забываем, і іхнія творы сучасная творчая моладзь не ведае, і мастацтвазнаўцы пра іх амаль не пішуць, бо работы іх у сучасных экспазіцыях не выстаўляюцца. А.Малішэўскі, М.Якавенка, У.Лагун, А.Шаўчэнка, В.Палійчук, А.Бачкароў, І.Ціханаў, М.Рыжанкоў — іхнія імёны яшчэ ў 1960 — 1970-я гады былі на слыху ва ўсіх, хто цікавіўся беларускім мастацтвам.

/i/content/pi/cult/393/7885/7-5.jpeg

І вось нешта адбылося. 1872, 1902, 1912, 1922, 1932, 1937, 1942 гады — гэта даты нараджэння тых мастакоў, якія сёлета — юбіляры. Праект Нацыянальнага мастацкага музея “Шляхам майстэрства” — унікальны і заслугоўвае добрых слоў на адрас кіраўніцтва ўстановы і яе супрацоўнікаў, што прыдумалі такую акцыю. Я магу яшчэ яе назваць “Каб памяталі…”. Так, праект не зусім новы, бо ён з’яўляецца як бы працягам традыцыйнага музейнага праекта “Нашы калекцыі”: паказ тых твораў з фондаў музея, якія сучасныя гледачы амаль што і не бачылі ніколі.

/i/content/pi/cult/393/7885/7-3.jpeg /i/content/pi/cult/393/7885/7-6.jpeg

У экспазіцыі прадстаўлена каля 100 твораў жывапісу, скульптуры і плаката 49 аўтараў. Але яе асаблівасць яшчэ і ў тым, што 14 мастакоў-юбіляраў і сёння знаходзяцца ў добрым здароўі і поўныя творчых сіл, а некаторыя паспелі адзначыць свае дні нараджэння выстаўкамі: І.Міско, У.Уродніч, Л.Талбузін, Я.Ждан. Акрамя таго, у цэнтральным фае новага корпуса НММ на “Выстаўцы адной карціны” (таксама цікавы музейны праект) экспануецца трыпціх Б.Казакова. Дарэчы, некаторыя творы аўтараў, чые работы паказаны ў рамках "Шляхам майстэрства", можна паглядзець і ў пастаяннай экспазіцыі: М.Савіцкага, А.Анікейчыка, І.Міско, А.Бараноўскага, Я.Раздзялоўскай...

/i/content/pi/cult/393/7885/7-2.jpeg

Асабіста ў мяне гэтая выстаўка выклікала нейкія адметныя пачуцці, што можна назваць настальгіяй — па тых часах, калі я добра ведаў практычна ўсіх тых аўтараў, чые творы зараз бачу. А некаторыя палотны ды скульптуры — скажам, У.Лагуна, А.Шаўчэнкі, А.Анікейчыка, Ю.Пучынскага — нараджаліся ў майстэрнях літаральна на маіх вачах. На маіх жа вачах яны праходзілі выстаўкамы, траплялі ў экспазіцыі, закупляліся і потым… знікалі ў фондах музея. Хаця такія работы, як класічныя “Плытагоны” А.Шаўчэнкі, “Аўтапартрэт” П.Гаўрыленкі, “Цішыня. Касцёл у Вішневе” М.Сляпяна, “Пейзаж з казой” і “Партрэт мастака Льва Зевіна” М.Аксельрода, жывапіс А.Малішэўскага ды некаторыя іншыя маглі ўпрыгожыць пастаянную экспазіцыю любога буйнога музея.

/i/content/pi/cult/393/7885/7-1.jpeg

Што казаць? Мастацтва — люстэрка эпохі. Банальна, але гэта так. Бо праз высокае мастацтва мы ведаем дух, атмасферу, “тэмпературу” мінулых часоў, а разам з гэтым духам — усю сацыяльную, ідэалагічную, матэрыяльную, культурную ды іншую паднаготную. Чым жыла краіна, што тады любілі людзі, што іх цікавіла і выклікала журботу, якая прырода іх абкружала? І тут галоўнае тое, як наконт усяго гэтага разважалі мастакі-прафесіяналы мовай пэндзля, алоўка і разца. Па сутнасці, прыйшоў час ацаніць творчасць мастакоў, якія пайшлі з жыцця, ва ўсёй паўнаце і разнастайнасці, са спакойнай аб’ектыўнасцю, адрынуўшы і калісьці народжаныя дагматычнай вузкасцю поглядаў несправядлівыя абвінавачванні ў “левізне” ды “фармалізме” (да прыкладу, А.Шаўчэнкі, М.Якавенкі, А.Малішэўскага, Г.Ціхановіча), і квяцістыя міфы пра тое, што толькі “сацрэалізм” можа прывесці нас, савецкіх людзей, на Алімп сусветнага мастацтва. Зараз усё гэта гучыць, можа, трохі смешна, але пагартайце газеты ды часопісы тых гадоў або стэнаграмы розных з’ездаў і пленумаў мастакоў, і вы са мной пагодзіцеся. Але калі сёння ў нашым мастацтве адбываецца нейкая блытаніна, калі страчваюцца крытэрыі якасці твора, і мы перасталі ведаць “што такое добра, а што — не” ў мастацтве, а прафесіяналізм стаў як бы неабавязковым знакам, скажам, для маладога мастака, — такія выстаўкі, як “Шляхам майстэрства”, вельмі карысныя. Толькі чамусьці маладых людзей, будучых “геніяў” новых мастакоўскіх  “-змаў”, на сённяшняй выстаўцы я бачыў малавата...

Не ўсё, канешне ж, вытрымала праверку часам — так заўсёды было ў гісторыі любога мастацтва, — але мы павінны ведаць этапы станаўлення і развіцця нашай выяўленчай культуры ды яе прадстаўнікоў, для каго творчасць заўсёды была галоўнай справай, якой яны служілі верай і праўдай.

/i/content/pi/cult/393/7885/7-7.jpeg

І яшчэ адна добрая традыцыя з’явілася на гэтай выстаўцы, калі 23 жніўня, непасрэдна ля карцін і скульптур, адбылася вельмі цёплая сустрэча з некаторымі дзеючымі аўтарамі работ ды сваякамі тых мастакоў, якія не дажылі да дня сённяшняга. Сваімі ўспамінамі ды роздумамі пра творцаў і пра час, калі нараджаліся гэтыя іхнія творы, падзяліліся У.Пракапцоў (вядучы імпрэзы), Б.Крэпак, І.Міско, У.Уродніч, Э.Астаф’еў, С.Федарэнка, А.Наркевіч ды іншыя ўдзельнікі імпрэзы.

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"