"Нябесныя бегі" планеты Глыбокае

№ 35 (1057) 01.09.2012 - 07.09.2012 г

Пра мікра- і макракосм Глыбоччыны з гісторыка-лірычнымі рэтраспекцыямі

Спадарожнік па-над святам?

Незвычайны старт для артыкула дала прэс-служба Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі паведаміла, што Цэнтр кіравання палётамі атрымаў першыя здымкі паверхні Зямлі з беларускага касмічнага апарата.

/i/content/pi/cult/393/7881/1-1.jpeg

Цалкам верагодна, што зараз, пад час Дня беларускага пісьменства, наш спадарожнік заняты “нябеснымі бегамі” менавіта над Глыбокім. Ці думаў Язэп Драздовіч, што ягоная мара аб асваенні касмічнай прасторы беларусамі будзе мэтанакіравана здзяйсняцца? Як паведаміў “К” галоўны інжынер НІ РУП “Геаінфармацыйныя сістэмы” НАН Беларусі Алег Сямёнаў, наш касмічны апарат лунае цяпер у “выпрабавальным” рэжыме і неўзабаве пачне выконваць непасрэдныя фатаграфічныя функцыі.

Беларускі спадарожнік дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі быў запушчаны 22 ліпеня з касмадрома “Байканур” у Казахстане. Ён павінен зрабіць поўную касмічную здымку ўсёй тэрыторыі Беларусі. Такім чынам, краіна плануе не толькі задаволіць свае патрэбы ў касмічных здымках, але і прадаваць апошнія іншым дзяржавам. Цікавасць да беларускай касмічнай інфармацыі ўжо выказалі асобныя краіны, у тым ліку Азербайджан і Венесуэла. Тэрмін актыўнага існавання беларускага касмічнага апарата складае пяць гадоў...

/i/content/pi/cult/393/7881/4-11.jpeg

Не буду развіваць касмаганічную тэорыю Язэпа Драздовіча пра паходжанне планет Сонечнай сістэмы, хоць ягоная перакананасць у незямной перадгісторыі нашай цывілізацыі мне асабіста — даспадобы. Спыніць увагу хочацца на іншым. Выбітны мастак-вандроўнік падсілкоўваўся не толькі ад беларускай зямлі, але і ад беларускага неба, жыў нібыта паміж імі, бясконца разважаючы пры гэтым, што спазнанне свету — спазнанне найперш сябе. Рабіў этнаграфічныя замалёўкі, складаў слоўнікі, выкладаў маляванне, думаў пра космас і Беларусь: "Мы аджывём свой век, нас не будзе, але пасля нас знойдуцца людзі, іх пашлець Бог і выдасць новае пакаленне народу на пакрасу жыцця”.

Пісаў у 1931 годзе трактат “Нябесныя бегі” і марыў, каб кожны куток Беларусі стаў, урэшце, хоць і невялічкай, але Галактыкай, а кожны насельнік яе — гаспадаром Сусвету, свайго асабістага, непаўторнага, акрэсленага прагай да творчага самаўдасканалення. Вось гэты, Глыбоцкі, космас найперш і цікавіць. Космас, дзе не спыняецца ход планет пад назвамі “Вацлаў Ластоўскі”, “Ігнат Буйніцкі”, “Язэп Драздовіч”, дзе зіхаціць шматлікімі зоркамі талент іх шматлікіх спадкаемцаў. Менавіта пра гэты космас і хацелася б распавесці...

Як выхаваць фундатара?

Самы ўплывовы фундатар Глыбокага — “ваявода мсціслаўскі і староста дзісенскі” Іосіф Корсак. Задумаўся ў свой час над “пакрасай жыцця” і ўвекавечыў сябе завяшчальным запісам — фундушам. Абавязаў кармелітаў утрымліваць пансіянат для моладзі, шпіталь для бедных, ахвяраваў грошы на ўзвядзенне касцёла і кляштара...

Ці ёсць на сёння ў сацыяльна-культурнай сферы раёна спонсары-інвестары кшталту колішніх славутых прадстаўнікоў мецэнацкіх родаў Зяновічаў ды Корсакаў? Ёсць. Натуральна, маштабы пакуль не тыя, але... Намеснік старшыні Глыбоцкага райвыканкама па эканамічных пытаннях Алена Шалонька сцвярджае, што ў раёне дзейнічае звыш дзясятка больш-менш буйных і паспяховых прадпрыемстваў, якія падтрымліваюць культуру. Падтрымка гэтая — пакуль эпізадычная, так бы мовіць, перманентная. Да прыкладу, малочна-кансервавы камбінат час ад часу “сілкуе” работнікаў культуры той або іншай апаратурай для развіцця клубнай дзейнасці. Каб гэткае мецэнацтва набыло сапраўды сістэмны характар, Алена Шалунька як эканаміст-прафесіянал выказваецца за стварэнне апякунскіх саветаў. Зрэшты, не адмаўляе пры гэтым і наяўнасць іншых схем узаемадзеяння культуры і бізнесу.

Схемы гэтыя, па меркаванні намесніка старшыні райвыканкама па сацыяльных пытаннях Галіны Унуковіч, павінны засноўвацца на ўзаемадаверы, які штодня трэба падмацоўваць справай. Інакш кажучы, калі ўстанова культуры працуе якасна і мае аўтарытэт сярод жыхароў, дык які тады гаспадарнік адмовіцца ад дзейснай дапамогі ёй? Доказаў таму па раёне вельмі шмат, і мы да іх яшчэ вернемся. Неаспрэчна адно: Корсакаў да Зяновічаў неабходна выхоўваць, выкарыстоўваючы пры гэтым не катэгарычны адміністрацыйна-камандны заклік, а сцішаны далікатны дыялог, што вядуць аднолькавыя паводле “вагавай катэгорыі” сацыяльныя партнёры. Толькі тады і не абыдуцца яны адзін без аднаго.

/i/content/pi/cult/393/7881/4-2.jpeg

Менавіта такой “сацыяльнай” тактыкі і прытрымліваецца старшыня Глыбоцкага райвыканкама Алег Морхат, які пастаянна кажа пра сістэмнае фундатарства ўзаемакарысных ініцыятыў. Пад час падрыхтоўкі да Дня пісьменства на рамонце і рэканструкцыі самых розных аб’ектаў райцэнтра асвоена каля 50 мільярдаў бюджэтных сродкаў. Некалькі дзясяткаў мільёнаў скіравалі на гэтыя мэты прадстаўнікі прыватнага бізнесу і ўнітарных прадпрыемстваў Глыбоччыны. Вось такая “пакраса жыцця”.

Школа “касманаўтаў”

Постаць мастака і літаратара Язэпа Драздовіча — адна з яркіх і ўнушальных у “парадзе зорак-планет” Глыбоччыны. Нарадзіўся ў засценку Пунькі (непадалёк ад вёскі Падсвілле) у сям’і беззямельнага шляхціча, вучыўся ў Віленскай школе малявання, разам з Якубам Коласам і Вацлавам Ластоўскім працаваў у “Нашай ніве”, стварыў вокладку “Першага беларускага календара на 1910 год”... Не меў сям’і, не меў прызнання, але бачыў “нябесную” перспектыву Беларусі і без стомы выхоўваў паслядоўнікаў. Сённяшнюю дзіцячую мастацкую школу імя Язэпа Драздовіча сёй-той у Глыбокім называе школай “касманаўтаў” і мае рацыю. Толькі той здольны стаць мастаком, хто не ў зямлю ўнурыўся, а марыць пастаянна пра надвоблачны палёт. Дарэчы, Глыбокае з птушынай вышыні нагадвае ў нечым пярэстую і цёплую маляванку Драздовіча...

/i/content/pi/cult/393/7881/4-5.jpeg

Жанна Балабуева ў свой час кіравала прыватнай мастацкай студыяй. Калі студыя “разраслася”, прафесійная мастачка прапанавала аддзелу культуры ўтварыць на яе базе мастацкую школу. Ініцыятыву падхапілі, знайшлі памяшканне, школа Драздовіча, якой кіруе Балабуева, існуе вось ужо чатыры гады паралельна з ДШМ. Пагадзіцеся, досыць пераканаўчы прыклад, калі прыватнік арганічна сумяшчае асабісты інтарэс з дзяржаўным.

Летась быў першы выпуск, з 21 гадаванца некалькі ўпэўнена паступілі ў мастацкія ВНУ. Выкладчык установы Уладзімір Гац (як і Жанна Балабуева, скончыў Віцебскі мастграф), кажа, што пад час Дня беларускага пісьменства паўстане перад удзельнікамі і гасцямі свята ў абліччы Драздовіча. Ён перакананы: з прагай самарэалізацыі ў школьнікаў — усё як мае быць, і на арбіце вакол планеты Глыбокае зоркавыя нябесныя бегі ніколі не спыняцца.

 /i/content/pi/cult/393/7881/4-8.jpeg /i/content/pi/cult/393/7881/4-4.jpeg

Вярнуўшыся з творча-рамантычнага мікра- і макракосму на зямлю з яе ўпартымі эканамічнымі катэгорыямі, дадам, што школа Жанны Балабуевай — юрасоба, навучанне ў ёй каштуе 30 тысяч рублёў у месяц, а цягам мінулага навучальнага года тут займалася мастацкім “небазнаўствам” 97 вучняў асноўнага складу і 25 — падрыхтоўчага...

“Бронзавая” зорка рэспублікі

Народны мастак Беларусі Іван Міско, які працаваў над адным з бюстаў для Сквера знакамітых землякоў у Глыбокім, аднойчы распавядаў, што ўсе касманаўты, вобразы якіх ён ствараў цягам жыцця, імкнуліся асабістай славай усяляк уславіць найперш тую зямлю, што іх нарадзіла і выхавала. Жаданне — цалкам заканамернае. Яго напоўніцу выкарыстала і цяжкаатлетка, “бронзавая” медалістка нядаўняй алімпіяды ў Лондане Марына Шкірманкова, якая, вярнуўшыся на радзіму “зорнай” гераіняй, адразу і з вялікай удзячнасцю завітала на сустрэчу з землякамі ў гарадскі Дом культуры...

Мы пісалі нядаўна пра гэтую ўстанову. Пасля якаснай рэканструкцыі займела яна не толькі шыкоўнае аблічча, але і сапраўды “касмічнае” начынне. Уявіце: “разумная” светлавая апаратура мае некалькі дзясяткаў колеравых праграм, варыянты якіх змяняе ў адпаведнасці з зададзенай праграмай проста феерычна! Уражанне такое, што лунаеш сярод зоркападу. Гэткімі ж фантастычнымі магчымасцямі валодае і гукаўзмацняльная тэхніка... Карацей, гукааператар ГДК Сяргей Палякоў пачувае сябе за мікшэрным пультам гаспадаром сусветаў...

/i/content/pi/cult/393/7881/4-3.jpeg

Дык вось, нават Марына Шкірманкова была ўражана тым, які крок наперад зрабіла родная культура. Выказвала землякам сваю бясконцую павагу, адказвала на шматлікія пытанні. Увогуле, першае мерапрыемства ў абноўленай установе было надзвычай маштабным. Маю на ўвазе не толькі гук са святлом. У зале тым жнівеньскім днём сабраліся маладыя спецыялісты Глыбоччыны, з якімі павяло гутарку мясцовае кіраўніцтва — пра ўмовы працы і жылля, пра творчыя і вытворчыя прыярытэты рэгіёна, пра яго слаўную мінуўшчыну і не менш слаўную будучыню. Сустрэча павольна ператварылася ў дыялог, з неабходнасці наладжвання якога гэты артыкул, па сутнасці, і быў распачаты. Не бяруся сцвярджаць, колькі спецыялістаў адчуюць гэтую зямлю роднай, колькі з іх уславяць яе талентам. Перакананы толькі ў адным: глыбоцкая зямля валодае надзвычайным магнетызмам. І прыцягальнасць Глыбокага працягвае спараджаць зорак планетарнага маштабу. З гэтай нагоды яшчэ адзін славуты ўраджэнец Глыбоччыны, непахісны ва ўласных перакананнях Вацлаў Ластоўскі, пісаў калісьці: “...Мы — народ здольны. З нашага народа выйшла багата славутых людзей, за якіх ніколі нявыплачаны доўг маюць перад намі і палякі, і рускія, і іншыя нашы суседзі...”

Музей “галактычнага” маштабу

Яшчэ адзін прыклад выніковага сацыяльнага партнёрства: падсвільскі гарпасялковы дом культуры. Ім кіруе даўняя чытачка і пазаштатны аўтар “К” Тамара Спяцанава. Установа культуры даўно і плённа супрацоўнічае з мясцовай сярэдняй школай. Справа ў тым, што ў апошняй на пачатку 1990-х быў створаны Музей-пакой Язэпа Драздовіча, дзе сабраны ўнікальныя работы самабытнага мастака. Дырэктар школы Лідзія Генеральчык распавяла, што пачалося ўсё са старанняў настаўніка-краязнаўцы Валерыя Папкова. Так у школьнай калекцыі з’явіліся дыванкі-маляванкі, жывапісныя карціны мастака-вандроўніка...

/i/content/pi/cult/393/7881/4-9.jpeg

Тамара Спяцанава называе ўзаемадзеянне са школай актыўным і надзвычай пазітыўным. Разам складаюць план мерапрыемстваў. Усе школьныя творчыя справаздачы праходзяць на клубнай сцэне. А загадчык бібліятэкі Святлана Яскоўская ладзіць экскурсіі чытачоў у школьны музей. Часта адбываюцца і сумесныя з настаўнікамі паездкі на магілу Драздовіча, што непадалёк ад хутара, дзе ён нарадзіўся. Хутара ўжо няма, а слава пра высокага і прыгожага мастака, што абышоў у пошуках этнічнай натуры ці не ўсю Беларусь, жыве і перадаецца праз пакаленні. Той-сёй, хто яшчэ памятае прывабную паставу творцы, і не сумняваецца ў тым, што Драздовіч на ўласныя вочы бачыў пейзажы далёкіх планет. Маўляў, вялікага, галактычнага маштабу быў талент у гэтага чалавека...

/i/content/pi/cult/393/7881/4-6.jpeg

У дырэктара Падсвільскага ГДК, дарэчы, — сваё канкрэтнае меркаванне аб наладжванні дзелавых стасункаў са спонсарамі: маўляў, не столькі грошы ў іх прасіць трэба, колькі якасныя паслугі прапаноўваць, для фінансавання якіх і патраціцца не шкада. На тэрыторыі гарпасёлка — чатыры вытворчыя прадпрыемствы, і Тамара Спяцанава з іх кіраўніцтвам жыве душа ў душу. Ды і звычайныя жыхары Падсвілля бязмежна паважаюць дырэктара ГДК не толькі за прыгожыя вочы. Пра тое, як “народныя спонсары” падарылі аднойчы клубнай установе ноўтбук, мы калісьці пісалі ўжо.

Песня Буйніцкага

Калі Язэп Драздовіч — фарба, слова і касмічная мара Глыбоччыны, дык Ігнат Буйніцкі — гэта дзея, гук і нацыянальна тэатральны гонар. Загадчык сельскай бібліятэкі ў Празароках Алена Сабачэўская распавядае, як першы стваральнік нашага прафесійнага тэатра старанна вывучаў жыццё народа, народныя песні і танцы, узоры старадаўніх строяў. Нарадзіўся ў вёсцы Палевачы (непадалёк ад Празарокаў), тут і зладзіў у 1907 годзе тэатр, які даваў канцэрты і спектаклі ў навакольных вёсках. Можна сказаць, што Буйніцкі — першы свядомы і паспяховы работнік культуры ў гэтых мясцінах. Гэта пра яго Янка Купала напісаў: “Пад дуду і пад цымбалы топне, праспявае... Сцеражыцеся, усе людзі: беларус гуляе!”. Буйніцкі дакладна ведаў, што такое нацыянальны тэатр. Быў перакананы: кожны рух, слова, сцэнічны строй павінен мець менавіта нацыянальнае абгрунтаванне і тлумачэнне. Таму як знаны этнограф і вышукваў забытыя танцы, песні, арнаментыку касцюмаў. Дарэчы, гэтым жа, але кожны па-свойму, скрупулёзна займаліся і Ластоўскі, і Драздовіч...

/i/content/pi/cult/393/7881/4-7.jpeg

Лішне казаць, што ў Празароках дзейнасць культасветнікаў “кружляе”, як планета ля Сонца, вакол Ігната Буйніцкага. У мясцовай школцы ёсць музей “бацькі нацыянальнага тэатра”, які ўсяляк падтрымлівае Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Пры клубнай установе дзейнічае фальклорны калектыў “Сяброўка”, што паспяхова доўжыць спеўныя традыцыі Буйніцкага. А бібліятэка нястомна збірае звесткі пра першы тэатр і яго самаахвярнага кіраўніка.

Менавіта Алена Сабачэўская, што ўшчыльную, як і знакаміты дзядзька Ігнат, займаецца краязнаўствам, пазнаёміла мяне з Марыяй Беззубёнак, якая з расповедаў бацькі ведае шмат пра Буйніцкага. “Бацька мой, — распавяла Марыя Феліксаўна, — не быў акцёрам, але з Буйніцкім сябраваў, разам з ім песні спяваў. Цяпер тыя песні Буйніцкага наша “Сяброўка” выконвае... Дык вось, Ігнат Цярэнцьевіч вельмі добрым і прыязным чалавекам быў. Дома не сядзеў, пастаянна з трупай — на гастролях. Вось бацька мой яму ў гэты час дапамагаў па гародзе ўходжвацца: бульбу выкапаць ці грады прапалоць...”

Шмат у каго з Празарокаў засталіся фотапартрэты Ігната Буйніцкага. Унукі і ўнучкі тых, хто сябраваў з тэатралам, спеваком і этнахарэографам, даражаць гэтымі здымкамі-рэліквіямі, што нагадваюць пра яшчэ адну нязгасную зорку Глыбоччыны...

Дырэктар Глыбоцкай ЦБС Валянціна Спасібёнак кажа, што спонсарамі сельскіх устаноў з’яляюцца і сельскагаспадарчыя вытворчыя кааператывы, і сельскія саветы. Кніжныя фонды бібліятэк часам папаўняюць па ўласным “мецэнацкім” жаданні і “шараговыя” чытачы.

Людзі-волаты, людзі-прарокі

Старшыня райвыканкама Алег Морхат назваў падрыхтоўку да Дня пісьменства кропкай прыкладання раённых сіл. Ніхто не застаўся ад дзяржаўнай справы ўбаку. І Глыбокае, прыбранае як дзяўчына да вяселля, гэтымі днямі вітае гасцей з усёй рэспублікі. А на ўездзе ў райцэнтр кожнага з іх сустракае ўсталяваны на пастамент знішчальнік-бамбардзіроўшчык СУ-17М3, што каля трох дзясяткаў гадоў знаходзіўся на ўзбраенні Ваенна-паветраных сіл СССР і Расіі. І гэта ў “глыбоцкім кантэксце” не мілітарысцкі сімвал, а яшчэ адзін доказ мясцовай улюбёнасці ў неба. Распрацаваў самалёт канструктар Павел Сухой, таксама ўраджэнец гэтага краю, нястомны тэхнічны наватар. Ён марыў не толькі пра нябесную бязмежнасць, але і пра яе бяспеку. Авіяканструктар Антонаў называў Сухога “квінтэсэнцыяй савецкай авіяцыі”... Гэтак сама квінтэсэнцыяй самаспазнання можна назваць Драздовіча, сумлення — Ластоўскага, прафесійнасці — Буйніцкага. Людзі-волаты, людзі-прарокі. Іх няма ўжо, аднак святло іхніх душ, як святло згаслых у далёкім космасе зорак, працягвае пазначаць нам дарогу ў будучыню…

Пераемнік свята — Быхаў: там, дзе напісаны Баркалабаўскі летапіс

На прэс-канферэнцыі, прысвечанай вынікам падрыхтоўкі да Дня беларускага пісьменства, першы намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Лілія Ананіч паведаміла, што сталіцай гэтага рэспубліканскага свята ў наступным годзе стане Быхаў.

/i/content/pi/cult/393/7881/4-12.jpeg

Мы звязаліся з начальнікам аддзела культуры Быхаўскага райвыканкама Святланай Міхальковай і пераканаліся, што гэтае мястэчка Магілёўшчыны мае ўсе гісторыка-літаратурныя падставы для таго, каб пераняць эстафету ад Глыбокага і займець у 2013-м “сталічны” статус.

Менавіта на быхаўскай зямлі, у вёсцы Баркалабава, быў напісаны Баркалабаўскі летапіс — помнік беларускай гісторыка-мемуарнай літаратуры 2-й паловы XVI — пачатку XVII ст. Летапіс, як вядома, захаваўся ў адзіным спісе і знаходзіцца ў Дзяржаўным гістарычным музеі ў Маскве. Аўтар яго — невядомы… Тут жа, у Баркалабаве, працавалі ў свой час навукоўца-філолаг Мялецій Сматрыцкі — аўтар “Грамматики славенскія…” і прапаведнік, літаратар ды перакладчык Лаўрэнцій Зізаній — знакавыя постаці ў нашай старадаўняй літаратуры .

Гэткія ж адметныя ў быхаўскім краі і архітэктурныя помнікі… Доўгі час зямля вакол вёскі Грудзінаўка належыла магнатам Хадкевічам і Сапегам, потым — магілёўскаму губернатару Дзмітрыю Талстому. Грудзінаўскі палацава-паркавы ансамбль, узведзены ў XIX стагоддзі, і сёння ўражвае сваёй незвычайнай прыгажосцю. Гэты сядзібны комплекс уключаны ў Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі. Вядзецца распрацоўка праектна-каштарыснай дакументацыі для яго ўзнаўлення.

У самім Быхаве Ян Хадкевіч распачаў у 1590 годзе пабудову замкавых умацаванняў. Палац на беразе Дняпра паўстаў у пачатку XVII стагоддзя. У гэты ж час узнікла і быхаўская сінагога — пераканаўчы ўзор абарончай архітэктуры…

Літаратурныя традыцыі сённяшняй Быхаўшчыны з поспехам доўжацца і мацуюцца. Тут нарадзіліся, жылі і працавалі літаратуразнаўца, доктар філалагічных навук, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Міхаіл Мушынскі, публіцыст і заслужаны дзеяч культуры рэспублікі, доктар філалагічных навук Барыс Стральцоў, празаік і драматург Васіль Ткачоў, пісьменнік Міхаіл Пазнякоў, фалькларыст, этнограф, акцёр і літаратар Мікалай Макарцоў ды многія іншыя.

наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск — Глыбоцкі раён — Мінск

Фота аўтара

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"