Кітай — Беларусь: дзесяць культурных масткоў

№ 45 (811) 10.11.2007 - 16.11.2007 г

Культуру Кітая, гісторыя якой сягае ажно на чатыры тысячагоддзі ўглыб часу, невядомай для беларускай аўдыторыі сёння не назавеш. На працягу апошніх гадоў мы мелі магчымасць наведаць мноства размаітых мастацкіх мерапрыемстваў, на якіх можна было пазнаёміцца ці не з усёй палітрай творчага жыцця Кітая. З другога боку, і беларускае мастацтва сёння таксама не ўспрымаецца ў Паднябеснай як terra incognita. Актыўны культурны абмен паміж Беларуссю і Кітаем — не менш важная адзнака плённага і шырокага супрацоўніцтва нашых краін, чым імклівы рост тавараабароту, які неўзабаве павінен дасягнуць паўтара мільярда долараў за год. Нядаўні візіт у нашу краіну Прэм’ера Дзяржсавета Кітайскай Народнай Рэспублікі Вэнь Цзябао падкрэсліў і ролю культуры ва ўзаемастасунках Беларусі са сваім стратэгічным партнёрам. 5 лістапада высокі кітайскі госць меў сустрэчу (у пашыраным складзе) з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам. Удзел у ёй браў, сярод іншых членаў Урада РБ, і міністр культуры Уладзімір Матвейчук. Менавіта яго подпіс стаіць на адным з шасці важных дакументаў, якія набылі юрыдычную сілу пасля гэтай сустрэчы: Пратаколе аб супрацоўніцтве паміж міністэрствамі культуры Кітайскай Народнай Рэспублікі і Рэспублікі Беларусь на 2007 — 2011 гады.

 /i/content/pi/cult/136/788/Kitaj.jpg
— Лічу, сёння адбылася гістарычная падзея, якая распачне новы этап у культурных стасунках паміж нашымі народамі, — падзяліўся сваімі ўражаннямі аб сустрэчы Уладзімір МАТВЕЙЧУК. — Сапраўды ўразіла і ўзрадавала ўвага, якую надае гэтым кантактам Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка і Прэм’ер Дзяржсавета КНР Вэнь Цзябао.
— Пратакол аб супрацоўніцтве — не першы дакумент, які рэгулюе стасункі нашых дзяржаў у галіне культуры. Ці можна сказаць, што ён стаў лагічным працягам папярэдніх?
— Вядома. Пагадненне аб культурным супрацоўніцтве паміж Урадамі Рэспублікі Беларусь і Кітайскай Народнай Рэспублікі было падпісана яшчэ ў лістападзе 1992 года. Пратакол грунтуецца на гэтым Пагадненні. Ён налічвае дзесяць пунктаў, якія акрэсліваюць, бадай, усе прыярытэтныя вектары нашага супрацоўніцтва.
Найважнейшую ролю ў ім, неаспрэчна, адыгрываюць Дні культуры. Паводле першага пункта Пратакола, яны на працягу наступных чатырох гадоў пройдуць у кожнай з краін. Таму нашу аўдыторыю чакае новая магчымасць ёмістага, але комплекснага знаёмства з лепшымі здабыткамі кітайскіх творцаў.
Што да Дзён беларускай культуры ў Кітаі… Яны меліся адбыцца ўжо ў кастрычніку гэтага года, але па прапанове прымаючага боку былі перанесены налета, на ліпень. Трэба разумець, што Кітай чакае такая грандыёзная падзея, як Алімпійскія гульні, і ўся краіна дбайна да яе рыхтуецца.
Адзначу, што Пратакол — гэта зусім не “дэкларацыя аб намерах”: ён утрымлівае нямала канкрэтыкі. У прыватнасці, вызначаны спосаб фінансавання дзён культуры і абменных выставак. Паводле нашай дамоўленасці, накіроўваючы бок аплачвае міжнародны праезд удзельнікаў мерапрыемстваў, а прымаючы пакрывае ўсе іх выдаткі на тэрыторыі сваёй краіны.
Як адзначыў Прэм’ер Дзяржсавета КНР, маштаб дзён культуры павінен узрасці. Больш за тое: паводле яго пераканання, колькасць вялікіх беларуска-кітайскіх творчых акцый павінна папоўніцца новымі важкімі праектамі.
— Што прадугледжвае Пратакол адносна супрацоўніцтва ў галіне выставачнай дзейнасці?
— Выстаўка пейзажнага жывапісу “Свет снегу і лёду”, якая прайшла год таму ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі ў рамках Дзён культуры Кітая, беларускім аматарам хараства запоміцца надоўга. Зрэшты, як і адметныя праекты, што сталі вынікам рэалізацыі пагаднення паміж нацыянальнымі мастацкімі музеямі нашых краін, падпісанага ў 2003 годзе.
Адзначым таксама, што яркія і прадстаўнічыя выстаўкі кітайскага мастацтва, прынамсі, раз на год праходзяць і ў Гомелі: летась яго жыхары маглі ўбачыць лялькі з Пекінскай оперы, а сёлета — дасягненні кітайскіх дызайнераў. А як не згадаць тут грунтоўны экскурс у гісторыю кітайскага пісьменства ў выставачным праекце “Іерогліфы — ад чарапашых панцыраў да камп’ютэраў”? Дарэчы, і беларускія мастакі за апошнія гады сталі значна часцей выстаўляцца ў Кітаі.
Таму заканамерна, што асобны пункт падпісанага Пратакола прысвечаны працягу і інтэнсіфікацыі такіх абменаў. Прычым абменаў не толькі выстаўкамі, гэтым ужо гатовым да паказу плёнам музейнай дзейнасці, але таксама і досведам.
На працягу дзеяння Пратакола пяцёра спецыялістаў у музейнай сферы змогуць наведаць Кітай, а мы, у сваю чаргу, будзем рады прыняць у сябе да пяці музейных работнікаў з Паднябеснай.Увогуле, абмену досведам, які заўжды адбываецца падчас міжнародных канферэнцый і семінараў, нададзена ў гэтым Пратаколе асаблівая ўвага. Адпаведна, кітайскія і беларускія навукоўцы атрымаюць больш магчымасцей для ўзаемных кантактаў.
— На конкурсах і мастацкіх акцыях выхаванцаў творчых ВНУ Беларусі можна часта ўбачыць і пачуць маладых творцаў з Кітая, якія атрымліваюць у нас адукацыю…
— Колькасць студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў з Кітая, якія атрымліваюць адукацыю ў нашых творчых ВНУ, папраўдзе ўражвае: на сённяшні момант іх 269, прычым абсалютная большасць — 187 чалавек — вучыцца ў Белдзяржакадэміі музыкі.
Вядома, такая запатрабаванасць нашай музычнай адукацыі сведчыць аб яе прэстыжнасці і якасці. Яна стала вынікам плённых кантактаў навучальных устаноў нашых краін, актыўна падтрыманых міністэрствамі культуры.
Тэму акадэмічных абменаў закрануў і Прэм’ер Дзяржсавета КНР Вэнь Цзябао. Падчас сустрэчы з намеснікам Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Уладзімірам Сямашкам ён адзначыў, што гэтае ўзаемакарыснае супрацоўніцтва неабходна не толькі працягваць, але і развіваць.
— Беларуска-кітайскія кантакты ў бібліятэчнай сферы даўно ўжо не ў навіну. Яны таксама стануць рэгулярнымі?
— Натуральна, і гэта прадугледжана асобным пунктам Пратакола, дзе ідзе гаворка пра абмен літаратурай. Стасункі паміж нацыянальнымі бібліятэкамі Беларусі і Кітая паглыбляюцца з кожным годам. Важнай вяхой на гэтым шляху стала падпісанне ў сёлетнім верасні мемарандума аб узаемаразуменні, пасля якога наша “нацыяналка” была ўключана ў праект “Акно ў Кітай”, які прадугледжвае магчымасць атрымліваць у дар лепшыя кітайскія выданні.
— Кантактам у сферы культуры плённа садзейнічае фестывальны рух, стасункі на ўзроўні канкрэтных суб’ектаў культурнага працэсу: устаноў і калектываў. Пэўна, варта чакаць і іх інтэнсіфікацыі пасля падпісання Пратакола?
— Перш-наперш адзначу, што нашы фестывальныя кантакты развіваліся і раней — прыкладам, летась Кітай упершыню ўзяў удзел у “Славянскім базары ў Віцебску”, зачараваўшы беларускага гледача майстэрствам сваіх цыркавых артыстаў. Хочацца верыць, што гэтая вельмі важная форма культурнага абмену будзе развівацца яшчэ больш імкліва. У адным з пунктаў Пратакола адзначана, што нашы міністэрствы культуры будуць садзейнічаць удзелу калектываў і выканаўцаў у разнастайных фестывалях і конкурсах, якія ладзяцца ў Беларусі і Кітаі, а таксама ўстанаўленню і развіццю кантактаў паміж канцэртнымі арганізацыямі і творчымі саюзамі. Прычым гэта тычыцца не толькі прафесійнай творчасці, але таксама і аматарскай — ёй прысвечаны асобны пункт Пратакола.
А яшчэ адзін пункт абумоўлівае развіццё кантактаў на рэгіянальным узроўні, што, пагадзіцеся, таксама немалаважна, бо дае магчымасць выдатным талентам з розных куткоў Беларусі выступіць перад кітайскай аўдыторыяй.
Балазе, пра яе ўдзячнасць ці не ў адзін голас гавораць усе нашы артысты, якім даводзілася пабываць на гастролях у Паднябеснай: і з Дзяржаўнага ансамбля танца, і са знакамітых “Харошак”, і з тэатра оперы і балета… За апошняе дзесяцігоддзе ў Кітаі выступалі (часам і неаднаразова) многія вядучыя калектывы краіны.

Ілля СВІРЫН
Фота Юрыя ІВАНОВА