21 верасня ў Нацыянальным мастацкім музеі мы пабачым арт-праект, які нарадзіўся дзякуючы “Белгазпрамбанку”, Нацыянальнай камісіі па справах UNESCO, Міністэрству культуры краіны, пасольствам Рэспублікі Беларусь у Францыі, Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі, самому Нацыянальнаму мастацкаму, Дому-музею Марка Шагала ў Віцебску.
У экспазіцыі, што размесціцца ў чатырох залах НММ на першым паверсе, будзе прадстаўлена каля ста жывапісных карцін, графічных работ і адна скульптура нашых сусветна вядомых землякоў — “беларускіх парыжан”. Усе творы — з карпаратыўнай калекцыі банка, з прыватных калекцый у Беларусі і Санкт-Пецярбургу, з віцебскага Дома-музея Марка Шагала і фондаў НММ РБ.
Акрамя работ выяўленчага мастацтва арт-праект утрымлівае адукацыйную частку: біяграфіі творцаў, дакументы і фота, мастацкія інсталяцыі, інтэрактыўную частку, дакументальныя фільмы, калекцыйныя кнігі. Але, канешне ж, “цвік” гэтага свята — арыгіналы работ. Дарэчы, амаль палова іх прайшла папярэднюю рэстаўрацыю ў рэстаўрацыйных майстэрнях музея.
Дык хто ж вярнуўся на сваю радзіму? Ядро той самай легендарнай Парыжскай школы, якую сёння ведае ўвесь культурны свет. Гэта — Марк Шагал, Хаім Суцін, Осіп Цадкін, Пінхус (Павел) Крэмень, Міхаіл (Мішэль) Кікоін, Осіп Любіч, Сэм Зарфін (Царфін), Яўген Зак, Якаў Балглей, Роберт Генін і Надзея Хадасевіч-Лежэ.
Пра жыццё і творчасць большасці з іх газета “К” падрабязна пісала ў 2010 — 2012 гг. у рубрыцы “Вяртанне імёнаў” і, такім чынам, у многіх адносінах стала першым на Беларусі выданнем, што пазнаёміла чытачоў з няпростымі лёсамі тых, хто з розных прычын вымушаны быў пакінуць радзіму, каб потым напісаць свае імёны на скрыжалях сусветнага мастацтва. І вось сёння, праз стагоддзе, яны вяртаюцца дамоў — сваімі работамі, створанымі ў 1910-я — 1960-я гады.
На адкрыццё выстаўкі запрасілі дзяцей і ўнукаў некаторых мастакоў — “герояў” экспазіцыі: Дзіну Любіч, пляменніцу Суціна Ніну Ферапонтаву, унука Зарфіна, а таксама спецыяліста-эксперта — парыжанку Надзін Нізавер, якая дапамагла знайсці і набыць творы мастакоў у Францыі.
Фота Юрыя ІВАНОВА