Напалеон паміж Нёманам і Бярэзінай

№ 35 (1057) 01.09.2012 - 07.09.2012 г

1812 год на Беларусі: спроба мастакоўскага прачытання пакуль неіснуючай кнігі

У мінулым навучальным годзе на кафедры графічнага дызайну Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў студэнты ўпершыню вывучалі новую дысцыпліну — “Дызайн кнігі”. Мабыць, гэтая акалічнасць паспрыяла таму, што на сёлетняй абароне дыпломаў было некалькі вельмі ўдалых работ, тэма якіх — кніга як аб’ект дызайну. Пра адзін з твораў мы і гутарым з выкладчыкам акадэміі Уладзімірам ЛУКАШЫКАМ.

Кніжны праект выпускніцы Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў асабліва цікавы ў Год кнігі, якім абвешчаны 2012-ы. Да ўсяго, ён знітаваны з тэмай вайны 1812 года, 200-я ўгодкі якой мы згадваем сёлета. Дарэчы, як сведчаць аповеды тамтэйшых жыхароў, пачутыя імі ад прашчураў, у Глыбокім, сталіцы сёлетняга Дня беларускага пісьменства, як і ў іншых мясцінах нашай зямлі, Напалеон нібыта прамовіў, пабачыўшы касцёл, што хацеў бы на далоні перанесці яго ў Парыж...

— Спадар Уладзімір, мастакоў кнігі здаўна рыхтуюць на кафедры графікі мастацкага факультэта БДАМ. Чым была выклікана патрэба навучаць кніжнай справе яшчэ і дызайнераў?

— На кафедры графікі рыхтуюць мастакоў-ілюстратараў. Зразумела, што яны, калі трэба, могуць зрабіць макет кнігі. Але для прадстаўнікоў гэтай спецыяльнасці галоўнае — умець пераводзіць слоўныя вобразы ў выяўленчыя. Менавіта на гэта яны псіхалагічна настроены, на гэтым засяроджаны. Гэтаму іх, у асноўным, і вучаць. Мы нездарма ганарымся сваёй графічнай школай.

Іншая справа, што ілюстрацыя — гэта твор, які можа быць самадастатковым, існаваць па-за кнігай. І яшчэ: ілюстрацыя — толькі частка кнігі, фрагмент, хоць і надзвычай важны.

Дызайнера вучаць бачыць кнігу ў комплексе — як суцэльную візуальна-пластычную сістэму. Тым больш, што сёння мастак, які робіць кнігу, мае ў якасці інструмента камп’ютар, а выяўленчыя магчымасці яго — велізарныя. Абмежаваннем тут можа быць толькі фантазія творцы.

/i/content/pi/cult/393/7877/2-2.jpeg

— Дыпломная работа Ганны Нядзелька, высока адзначаная Дзяржаўнай камісіяй, мабыць, і ёсць узор творчага выкарыстання камп’ютара?

— Можна і так сказаць. Але найперш гэта — узор творчага асэнсавання тэмы, а ўжо потым прыклад майстэрскага выкарыстання наяўных тэхнічных сродкаў. Тэма работы Ганны — кніга як мастацкі комплекс. На абарону яна прадставіла макет і дэталёвую распрацоўку асобных фрагментаў.

— Пра што кніга?

— Кніга — прыдуманая: яе пакуль што не існуе. Мы з дыпломніцай узялі асобныя раздзелы мемуараў французскага дзяржаўнага дзеяча Каленкура, у якіх апавядаецца пра паход Напалеона ў 1812-м, і вылучылі іх у асобны блок пад назвай “Паміж Нёманам і Бярэзінай. Хронікі 1812 года ў мемуарах Армана Агюстэна Луі дэ Каленкура”. Кніга пачынаецца апісаннем пераходу арміі Напалеона праз Нёман у раёне Коўна і заканчваецца тым, што Напалеон, кінуўшы сваё войска, зноў перасякае мяжу, але  — у іншым напрамку. Каленкур быў сведкам гэтаму. Адзін з раздзелаў ягоных мемуараў мае назву “У санях з імператарам”.

Мы Каленкура не рэдагавалі. Але праз ілюстрацыі ўвага чытача засяроджваецца на тым, што ў часе гэтай вайны адбывалася менавіта ў Беларусі. Такім чынам мы вылучаем беларускі сегмент з кантэксту супрацьстаяння дзвюх імперый. Старонкі кнігі пабудаваны ў тры "паверхі". Галоўнае пасярэдзіне — тэкст Каленкура, уверсе — біяграфічныя даведкі пра згаданых ім асоб, унізе — аповед пра тое, што папярэднічала і наступствавала падзеям, пра якія ідзе гаворка ў асноўным тэксце. Атрымалася кніга для інтэрактыўнага чытання — нібы тры ў адной: хочаш — чытай усе адначасова, хочаш — паасобку.

 

/i/content/pi/cult/393/7877/1-3.jpeg

— Што асабіста вас уразіла ў мемуарах Каленкура?

— Каленкур быў маштабнай асобай. Гісторыя рабілася на яго вачах, і ў гэтым працэсе ён прымаў непасрэдны ўдзел. Адзін з бліжэйшых паплечнікаў французскага імператара, ён быў блізка знаёмы з каранаванымі асобамі. Пасля паражэння Напалеона Каленкур быў зняволены, а атрымаў свабоду дзякуючы заступніцтву расійскага імператара Аляксандра І. Пісаў жа ён пра тое, што бачыў. Мяркую, гэта шчырыя мемуары. Мне запомніўся наступны эпізод кнігі. Напярэдадні ўварвання Напалеон праводзіў рэкагнасцыроўку берагоў Нёмана, дзе войскі мусілі перасекчы мяжу. Ягоны конь спалохаўся зайца, які трапіў яму пад ногі, стаў на дыбкі ды памчаў, і Напалеон зваліўся з каня. Прысутныя палічылі гэта кепскім знакам, а сам Напалеон, па словах Каленкура, не звярнуў увагі: імператар не быў прымхлівым. Гэта вайна дорага каштавала і самому Каленкуру: ягоны брат загінуў у Барадзінскай бітве…

— Ілюстрацыі на разваротах, як я бачу, наўпрост з тэкстам не звязаны?

— А такой мэты не было — дыпломніца імкнулася даць вобразнае ўяўленне пра тыя драматычныя падзеі. Мяркую, гэта ў яе атрымалася. Ілюстрацыі пабудаваны на асацыятыўных сувязях з тэкстам, вельмі тонкіх і супярэчлівых.

 

/i/content/pi/cult/393/7877/2-1.jpeg

— Ці зацікавіў праект Ганны Нядзелька выдаўцоў, якія прысутнічалі на абароне?

— Так. Але каб давесці яго да друку, патрэбна шмат намаганняў і часу. А юбілейны год, калі кніга “Паміж Нёманам і Бярэзінай...” была б вельмі дарэчы, пайшоў на зыход. Праўда, калі глядзець шырэй, дык эпапея вайны з Напалеонам скончылася не ў 1812 годзе — былі яшчэ бітва пад Лейпцыгам, Сто дзён, Ватэрлоа, ссылка імператара на выспу Святой Алены і, нарэшце, Венскі кангрэс 1814 — 1815 гадоў, які закончыў цэлую эпоху.

Ды нават і без усякай прывязкі да нейкай даты такая кніга для Беларусі — актуальная. Калі яна нарэшце пабачыць свет, дык, безумоўна, будзе мець чытацкі попыт.

На ілюстрацыях: старонкіз віртуальнай пакуль кнігі.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"