“Magnificat” прызямліўся ў Глыбокім

№ 35 (1057) 01.09.2012 - 07.09.2012 г

“Ut Unum Sint” — “Каб усе былі адно”. Гэтая евангельская цытата ўжо восем гадоў з’яўляецца слоганам, бадай, самага незвычайнага беларускага кінафестывалю.

Ля вытокаў “Magnificat’а” стаялі Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, пад патранатам якой існуе фестываль, Віцебская дыяцэзія, часопіс “Дыялог” і студыя “Стоп-кадр”. Кіраўнік апошняй — вядомы беларускі рэжысёр-дакументаліст Юрый Гарулёў узгадвае, што першапачаткова рэакцыя Глыбоцкага райвыканкама была насцярожанай, таму што кінамерапрыемства мела і мае ўнутрыцаркоўны характар. Але пасля першага фестывалю, калі мясцовыя ўлады ўбачылі, што за карціны прыходзяць, якія прыязджаюць людзі, стала ясна: такія мерапрыемствы проста неабходныя. Таму ўсе наступныя фестывалі ўжо называюцца “сваімі”, “глыбоцкімі”. Фактычна, “Magnificat” стаўся адным з мясцовых культурных брэндаў: калі некалькі гадоў таму ўзнікла ідэя зрабіць яго вандроўным па розных гарадах краіны, глыбаччане прыклалі ўсе намаганні, каб форум займеў у іх сталую прапіску.

Паказальна, што “Magnificat” ніколі не замыкаўся ў межах Глыбокага, дзе, па традыцыі, у раённым Доме культуры праходзяць фестывальныя конкурсныя прагляды. Адной з адметнасцей фестывалю, а ў выніку і ўсёй Глыбоччыны, стаў “Сад Сяброўства”, у які, па традыцыі, кожны год дадаюць па некалькі дрэўцаў прадстаўнікі новых краін-удзельніц “Magnificat’а”. Мосар як адна з галоўных славутасцей Глыбоччыны з часоў першага фэсту прымае яго гасцей. На вялікі жаль, ужо пасля сыходу ў іншы свет ксяндза Ёзаса Булькі, які пры жыцці заўсёды асабіста сустракаў кожнага госця хрысціянскага кінасвята...

Сёлетні фестываль адбудзецца амаль адначасова з Днём беларускага пісьменства. Сімвалічна, што частка мерапрыемстваў і конкурсных праглядаў “Magnificat’а” праходзіць у Глыбоцкай раённай бібліятэцы. Немалая колькасць прадстаўленых на фестывалі стужак прысвечана галоўнай кнізе ў жыцці хрысціян. Прынамсі, галоўная мэта фэсту — евангелізацыя грамадства, падтрымка агульначалавечых каштоўнасцей праз карціны беларускіх ды замежных майстроў кіно і тэлебачання, створаныя ў розных хрысціянскіх традыцыях. Такім чынам, стрыжань міжхрысціянскага дыялога закладзены ў самім рэгламенце “Magnificat’а”.

Праграма гэтага года будзе складацца з 44 дакументальных ды анімацыйных стужак і тэлепраграм, якія распавядаюць пра розныя бакі духоўнага існавання чалавека. Як і ў мінулыя гады, асноўная частка стужак-удзельніц прадстаўляе чатыры краіны: Беларусь, Польшчу, Расію і Украіну. Упершыню ў конкурсе “Magnificat’а” прымуць удзел фільмы з Сербіі, Харватыі і Балгарыі. Нашу краіну прадставяць фільмы вытворчасці студыі “Летапіс”, “Белвідэацэнтра”, дакументальных студый тэлеканалаў.