“Як я пазнаёміўся з Буйніцкім”

№ 35 (1057) 01.09.2012 - 07.09.2012 г

Напярэдадні Дня беларускага пісьменства наш карэспандэнт сустрэўся з народным мастаком Беларусі, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі СССР Іванам МІСКО — аўтарам партрэтнага бюста выдатнага земляка, ураджэнца Глыбоччыны, Ігната Буйніцкага, што будзе ўстаноўлены на гарадской Плошчы 17 верасня. Побач з яшчэ сям’ю бюстамі іншых знакамітых землякоў.

— Гэта будзе своеасаблівая скульптурная галерэя пад адкрытым небам — сапраўды знакамітыя людзі, якімі мы павінны ганарыцца: авіяканструктар, двойчы Герой Сацыялістычнай Працы Павел Сухой, мастак, фалькларыст, археолаг, пісьменнік Язэп Драздовіч, стваральнік іўрыту — дзяржаўнай мовы Ізраіля — Элізэр Бен-Іегуда, паэт, рэвалюцыянер заходнебеларускіх часоў Аляксандр Рэдзька (Алесь Дубровіч), Герой Савецкага Саюза, генерал-лейтэнант Пётр Казлоў, пісьменнік, дзяржаўны дзеяч Вацлаў Ластоўскі, спонсар будаўніцтва Траецкага касцёла і касцёла кармелітаў ХVІІ стагоддзя Іосіф Корсак ды адзін з маіх улюбёных персанажаў гісторыі культуры — Ігнат Цярэнцьевіч Буйніцкі. Гэта выдатны тэатральны дзеяч, рэжысёр, акцёр, заснавальнік першага прафесійнага нацыянальнага беларускага тэатра і проста прыгожы па абліччы і складзе чалавек, якога я ляпіў па фатаграфіях з найвялікшым задавальненнем.

/i/content/pi/cult/393/7870/2-77.jpeg

А маё “знаёмства” з Буйніцкім пачалося яшчэ на пачатку 1970-х. Мне і архітэктару Мікалаю Бурдзіну было даручана зрабіць праект помніка на магіле Ігната Цярэнцьевіча на Глыбоччыне. Ён памёр у Маладзечне, пахаваны ў вёсцы Палачаны, што пад Маладзечнам, але потым быў перапахаваны на сваёй малой радзіме. І вось праз 36 гадоў — новая “сустрэча” з вялікім тэатралам, ініцыятарам арганізацыі Першага беларускага таварыства драмы і камедыі, на базе якога ўзнік Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, пастаноўшчыкам большасці спектакляў Першай беларускай трупы, якая абапіралася цалкам на народныя традыцыі.

/i/content/pi/cult/393/7870/1-1.jpeg

— А хто яшчэ ўдзельнічаў у стварэнні скульптурнай галерэі ў Глыбокім?

— Гэта быў заказ Міністэрства культуры, на які, як мне вядома, быў выдаткаваны 1 мільярд 53 мільёны рублёў. Партрэтныя бюсты на гранітных пастаментах выконвалі віцябчане Аляксандр Гвоздзікаў, Валерый Магучы, Азат Тарасян, Іван Казак, мінчане Леў і Сяргей Гумілеўскія, Валяр'ян Янушкевіч, Канстанцін Селіханаў і я. Гэтыя творы адліў у бронзе скульптурны камбінат Беларускага саюза мастакоў. Цырымонія адкрыцця Сквера славутых землякоў-глыбаччан адбудзецца 2 верасня…

— Я ведаю, што на гэтай Плошчы 17 верасня стаяў помнік Леніну…

— Так, стаяў шмат гадоў. Але ён быў зроблены на вельмі нізкім прафесійным узроўні і даўно састарэў ва ўсіх адносінах. Ён дэманціраваны. Прыйшоў новы час, у Глыбокае вярнуліся людзі, якія па-сапраўднаму зрабілі гонар і славу не толькі віцебскаму рэгіёну, але і ўсёй нашай зямлі беларускай.

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"