Філіп ЭРБЕ: “Больш нідзе я не сустракаў такіх добрых людзей”

№ 45 (811) 10.11.2007 - 16.11.2007 г

Філіп ЭРБЕ — фатограф далікатны. Уважлівы, тонкі, які сумяшчае ў сваіх творах прастату і тонкасць, дзіцячае замілаванне і разуменне свету, уласцівае людзям праніклівым і мудрым. Фатограф, які бачыць у простых рэчах ціхае дзіва. Бельгійскі фотамастак ужо быў у Беларусі, прытым перасякаў мяжу нашай краіны нават не аднойчы, але гэтым разам ён прыехаў з дакладнай мэтай: зрабіць выстаўку аб краіне, якая натхніла яго надзвычай. “Падчас папярэдніх візітаў я проста закахаўся ў Беларусь, — прызнаецца мастак, — і маё сэрца падказала мне, што я павінен зрабіць праект аб вашай краіне. Праект, які будзе называцца “Зроблена ў Беларусі” і які, натуральна, будзе рабіцца ў Беларусі”. У хвіліны яго адпачынку паміж паездкамі па беларускіх гарадах карэспандэнту “К” удалося пагаварыць з фотамастаком пра ідэю будучай выстаўкі, прыгажосць славянскіх жанчын і сучаснае фотамастацтва.

 /i/content/pi/cult/136/787/VIP.jpg
Гэта будзе мой суб’ектыўны погляд на Беларусь
 
— Філіп, вы пабывалі ў многіх краінах былога Савецкага Саюза, ды ўсё ж вырашылі зрабіць выстаўку ў Беларусі і пра Беларусь. Чым вас так прывабіла наша краіна?
— Даўно цікаўлюся Усходняй Еўропай. Люблю вандраваць, і быў у Расіі, Украіне, Казахстане… Але прыезд сюды стаўся для мяне сапраўдным адкрыццём. Я быў вельмі ўражаны ўсім: архітэктурай, выглядам вашых вуліц, беларускімі людзьмі, жанчынамі… Адсюль і нарадзілася ідэя стварыць выстаўку.
— Што з’яўляецца аб’ектам вашай працы? Што мы ўбачым на выстаўцы?
— Гэта не будзе рэпартаж. Шчыра кажучы, я не прызнаю гэты жанр, бо ён — хлусіць. Рэпартаж кажа, што ён — праўда, але гэта не зусім так. Я ішоў за сваім натхненнем і фатаграфаваў тое, што мне падавалася прыгожым, незвычайным. Па-першае, гэта, канешне, беларускія жанчыны, па-другое — вашы гарадскія ландшафты, цікавыя надзвычайна, па-трэцяе — усе дзіўныя рэчы, якія мне сустракаліся... І на выстаўцы вы ўбачыце мой суб’ектыўны погляд на Беларусь. І спадзяюся, што ён будзе цікавы і вам.
— У якіх гарадах вы пабывалі?
— Я быў у Брэсце, Пінску, Гомелі, Магілёве, Бабруйску, Віцебску, Полацку, Наваполацку, Мазыры, Мінску. Наступным годам планую паехаць у Гродна і Салігорск. Мне цікава пабываць паўсюль у Беларусі, паглядзець, як жывуць людзі, чым яны займаюцца ў сваім паўсядзённым жыцці, убачыць краіну з розных бакоў. Многія замежныя рэпарцёры вельмі любяць ездзіць у розныя краіны, што сталі на шлях развіцця, і рабіць фотарэпартажы аб сацыяльнай безабароннасці людзей. Напрыклад, фотарэпартаж такога кшталту: сфатаграфаваць бамжа на вуліцы, дзяцей-беспрытульнікаў, п’яных і г. д. Гэта —не па мне. Давайце будзем шчырымі: сацыяльныя праблемы ёсць паўсюль, бедныя людзі ёсць і ў Амерыцы, і ў Еўропе. У кожнай краіне можна зрабіць такі рэпартаж. Што ж да мяне, дык я імкнуся даследаваць паўсядзённую культуру краіны, тое, чым яна адрозніваецца ад іншых. Гэта раблю і ў вас. І ўсе мае працы выкананы з вялікай павагай да беларускіх людзей, да беларускай культуры. Я хачу падарыць трошкі шчасця тым людзям, якія будуць глядзець на мае фатаграфіі. Я ведаю, што ў вас таксама ёсць праблемы, але я хачу паказаць Беларусь такой, якой яна падалася мне, — прыгожай, цікавай, кранальнай.
— Вы ўжо многае пабачылі, шмат дзе пабывалі, правялі сапраўднае візуальнае даследаванне. Якімі ж падаліся вам беларусы?
— Спачатку мне падавалася, што ваша краіна — гэта частка Расіі, не крыўдуйце. Але потым я зразумеў, што беларусы — вельмі асаблівая нацыя. Не палякі і не рускія, — і гэта стала для мяне сапраўдным адкрыццём. Гэтая асаблівасць праяўляецца ва ўсім: ва ўчынках, манерах, гаворцы людзей. У беларусаў вельмі моцная сувязь з прыродай, з традыцыямі, і самае галоўнае — больш нідзе я не сустракаў такіх добрых людзей. Нават на Украіне. І менавіта таму я адчуваю сябе тут так утульна. 

Універсум жанчыны — адна з самых цудоўных рэчаў на Зямлі

 — Філіп, вы адзначылі, што здымаеце для праекта беларускіх жанчын. Мне вядома, што ў вас ужо ёсць адна выстаўка, прысвечаная “цудоўнай палове чалавецтва”, якая, калі не памыляюся, называецца “Рускія жанчыны”.
— Так. Гэтая экспазіцыя з поспехам паказвалася ў Бельгіі і сапраўды была прысвечана рускім жанчынам. Магу шчыра прызнацца: вельмі люблю жанчын і вельмі люблю рабіць іх партрэты. Ну што тут зробіш! Нават футбол мяне так не вабіць (смяецца). А славянскія жанчыны — жанчыны дзіўнай прыгажосці, і, што асаблівае мяне натхняе, яны любяць падкрэслівасць сваю жаноцкасць, сваю прыналежнасць да “слабога полу”. Строі, упрыгожанні, макіяж… У Еўропе, і асабліва ў Амерыцы, жанчыны забыліся на тое, хто яны. Такой мяккасці, пяшчоты, хараства ўжо не сустрэнеш на вуліцах гарадоў. Я па-добраму зайздрошчу беларускім мужчынам.
 /i/content/pi/cult/136/787/VIP1.jpg
 Ф.Эрбе. З серыі “Рускія жанчыны”.
— Вы мяркуеце, што жаноцкасць праяўляецца менавіта ў тым, як жанчына апранаецца?
— І ў гэтым таксама. На маю думку, увага да вонкавага аблічча вызначае пэўны тып мыслення. Але, безумоўна, жаноцкасць — гэта і  ў н у т р а н ы  імпэт, тое, што мужчына можа адчуць, незалежна ад таго, у што апранута жанчына.
Але часам першае дапаўняе другое. Увогуле, універсум жанчыны — адна з самых цудоўных рэчаў на зямлі, неразгаданая, прыцягальная. І я шчыра ёй захапляюся.
— У рускай серыі вы фатаграфавалі незнаёмак на вуліцы. Падчас працы над беларускай экспазіцыяй скарыстоўваеце гэты ж прыём?
— Калі шчыра, у Расіі я вельмі намучыўся з гэтым. Узнікала і праблема камунікацыі падчас кантакту з незнаёмкамі на вуліцы, значную ролю іграла і экспазіцыя — яе трэба было “ўбачыць”, знайсці… У Беларусі я пайшоў іншым шляхам: здымаю жанчын у памяшканні, у іх кватэрах, у іх паўсядзённым асяроддзі.
Гэта партрэты жанчын маіх знаёмых, сяброў, калег. Спадзяюся, што гэты прыём таксама спрацуе. 


Глядзіш у сябе, а бачыш цэлы свет

 — Філіп, вы гаварылі, што не прызнаеце жанр рэпартажу…
— Многія людзі думаюць, што рэпартажная фатаграфія — сама праўда. Я з гэтым не згодны. Фатаграфія ўвогуле — гэта таксама праўда. Для мяне вельмі істотна вось гэтае “таксама”. Мая праца — толькі частка праўды. Я супраць таго, каб прызнаваць рэпартаж абсалютным дакументам.
— Якой тады, на ваш погляд, павінна быць сучасная фатаграфія?
— Не магу адказаць адназначна. Напрыклад, у Францыі зараз актуальная фатаграфія вялікіх памераў: фатографы робяць свае працы метр на метр, набліжаючыся памерамі да
 /i/content/pi/cult/136/787/VIP2.jpg
жывапісных палотнаў. Адбываецца штосьці кшталту сутыкнення відаў мастацтва. Што ж, сучасная фатаграфія можа быць і такой: карцінка, апрацаваная з дапамогай сучасных тэхналогій, і неверагодных форм. У той жа час я працую, карыстаючыся камерай, якой сёлета споўнілася 27 гадоў, і для мяне па-ранейшаму застаецца важным сам факт сустрэчы з рэальнасцю, фатаграфія для мяне — магічны момант маёй сустрэчы са светам. Самае цікавае: куратар галерэі, дзе я рабіў апошнюю выстаўку, сказаў, што мае фатаграфіі падобныя на жывапісныя карціны. А я ж не выкарыстоўваю новыя тэхналогіі. Таму дзе і чыя тут праўда — не ведаю.
— Наколькі унікальная ваша тэхніка ў Бельгіі?
— Многія мастакі любяць такую тэхніку. Мая камера дазваляе мне рабіць здымкі такой якасці, да якой “лічба” не можа пакуль наблізіцца. З другога боку, у лічбавага фотаапарата ёсць і яшчэ адзін важкі недахоп: яго ўвесь час неабходна мяняць. Каб заставацца “на хвалі”, вы павінны ўвесь час удасканальвацца, сачыць за навінамі, зноў і зноў купляць новыя камеры — лепшыя, яшчэ лепшыя, зноў і зноў асвойваць новыя праграмы для апрацоўкі фатаграфій, новыя версіі “Фоташопа” і г. д. Гэта логіка капіталізму, і тут нічога не зробіш. Я таксама жывуў гэтым свеце і мушу падпарадкоўвацца законам рынку, але лічу сябе шчасліўцам, бо знайшоў свой шлях.
— І апошняе пытанне. Што для вас фатаграфія — сродак пазнання сябе ці свету?
— Гм. Ведаеце, гэта як глядзець у аконца майго фотаапарата (Філіп фатаграфуе старым механічным “Ролейкордам” з шахтай для факусіроўкі. — Д.А.): здавалася б, глядзіш у сябе, а адначасова бачыш цэлы свет. Атрымліваецца, што і першае, і другое.

Гутарыла Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ