Праекты старажытнага

№ 34 (1056) 25.08.2012 - 31.08.2012 г

Праз некалькі гадоў у самым сэрцы сталіцы паўстане забаўляльны гісторыка-архітэктурны комплекс “Мінскае замчышча”, працу над якім плануе распачаць прадпрыемства “Мінская спадчына” ў 2014 годзе.

Па звестках дырэктара прадпрыемства Паўла Шыкунца, ужо распрацавана праектная дакументацыя, якая прайшла экспертызу. Сярод іншага, праект прадугледжвае стварэнне археалагічнага музея, будынка Музея гісторыі горада, аднаўленне брукаванак, элементаў ранейшых камунікацый, а таксама макет адной з першых праваслаўных цэркваў, што раней існавала ў Мінску. Пры гэтым у комплексе будуць выкарыстоўвацца інтэрактыўныя тэхналогіі.

Комплекс, узвядзенне якога будзе фінансавацца, у тым ліку, з дзяржаўнага бюджэту, плануецца размясціць на плошчы амаль у пяць гектараў у межах ракі Свіслач, праспекта Пераможцаў, вуліцы Максіма Багдановіча, станцыі метро “Няміга” і пляцоўкі каля Палаца спорту.

“Мінскае замчышча” будзе складацца з трох частак. Першая — падземны амфітэатр на 240 месцаў з галерэямі і экспазіцыяй каштоўных археалагічных знаходак. Другая частка — інтэрактыўная, будзе змяшчаць музейныя экспанаты ў натуральную велічыню. Трэцяя частка комплексу — Ніжні рынак, дзе з’явяцца гандлёвыя рады, адкрытыя крамы з навесамі і павільён пад тэнтам “Тэатр-балаган”.