1 верасня — “выпускны”?

№ 34 (1056) 25.08.2012 - 31.08.2012 г

З 19 жніўня па 1 верасня ў беларускай сталіцы працуе Міжнародная летняя тэатральная школа “Sypemeda”. Праект, арганізацыйна-падрыхтоўчая стадыя якога доўжылася цягам двух гадоў, змог рэалізавацца дзякуючы падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі і Інстытута Гётэ ў Мінску.

Цягам двух тыдняў маладыя беларускія рэжысёры і драматургі, а таксама акцёры як сталічных, так і рэгіянальных тэатраў разам з еўрапейскімі медыя-дызайнерамі займаюцца пошукам кропак судатыкнення тэатральнага і візуальнага мастацтваў. Традыцыйны рабочы графік удзельнікаў летняй школы складаецца з дзвюх частак. Першая, тэарэтычная, уяўляе з сябе сістэму семінараў. Пад час другой, практычнай, імправізаваныя творчыя групы сумесна ствараюць тэатральныя мініяцюры, якія сыдуцца ў праект “Вавілонская вежа”. Акурат ім на сцэне Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі і завершыцца “Sypemeda”.

На пытанне аб тым, навошта патрэбнае сёння змяшэнне і ўзаемапранікненне розных відаў мастацтваў, ініцыятар і мастацкі кіраўнік праекта, харэограф Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь Вольга Кастэль кажа: “Тэатр — гэта няспынны пошук у самых розных накірунках. І нават тыя, хто прытрымліваецца традыцыйнага погляду на мастацтва, для таго, каб падтрымліваць і развіваць традыцыі, мусяць увесь час эксперыментаваць, бо толькі эксперымент, схільнасць да адкрыцця новага, нязведанага жывіць сапраўднае мастацтва…”

Каменціруючы будні “навучэнцаў” “Sypemeda”, Вольга распавядае: “Удзельнікі летняй школы вельмі хутка знайшлі агульную мову. Больш за тое: нашы, беларускія, рэжысёры літаральна з першых жа дзён працы запалілі замежных сутворцаў сваёй энергіяй, працаздольнасцю, ініцыятыўнасцю. А яшчэ — літаральна ўсе, хто прыехаў да нас з-за мяжы, адзначалі: за тыя некалькі дзён, што яны правялі ў Мінску, дзякуючы стасункам з нашымі хлопцамі ды дзяўчатамі, а таксама сумеснай працы, яны цалкам змянілі “карцінку” сваіх “завочных” уяўленняў пра Беларусь”.