29 жніўня да Глыбокага рушыць Рэспубліканская навукова-асветніцкая экспедыцыя “Дарога да святыняў” з Дабрадатным Агнём ад Труны Гасподняй. Яна пройдзе ад Мінска праз Баранавіцкі, Талачынскі, Сенненскі, Ліёзненскі, Гарадоцкі, Бешанковіцкі, Верхнядзвінскі раёны, а ў Глыбокае пілігрымка трапіць праз вёску Празарокі, дзе пахаваны Ігнат Буйніцкі.
1 верасня на Глыбоцкай бібліятэцы сямейнага чытання адкрываецца мемарыяльная дошка, прысвечаная пісьменніку Лявонцію Ракоўскаму. Мерапрыемствы, прысвечаныя Году кнігі, прадоўжацца ў гісторыка-этнаграфічным музеі. Тут пачнуць працаваць выстаўкі “Друкаваныя рарытэты” з фондаў Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка і “Ад берасцяной граматы да Інтэрнэта” з запаснікаў Віцебскага абласнога краязнаўчага музея.
У райвыканкаме пачнецца навукова-практычная канферэнцыя “Глыбоцкія чытанні”. А ў Празароках пройдзе фальклорнае свята “Рэй вядзе Ігнат Буйніцкі”. Гарады і раёны Віцебшчыны прадставяць на гарадскіх пляцоўках свае падворкі. На Маладзёжным, да прыкладу, адкрыецца этнадыскатэка…
Асаблівасць глыбоцкага свята ў тым, што гарадскія вуліцы пераўтворацца ў тэматычныя тракты. Вуліца Леніна, скажам, стане Альгердавым трактам. Гасцей тут сустрэне не толькі сам Вялікі князь, але і колішнія фундатары горада Корсак ды Зяновіч, месцічы Віленскага, Глыбоцкага, Полацкага ды Смаленскага пасадаў. Пачне дзейнічаць Тракт нацыянальных культур, а таксама — Спартыўны, Турыстычны (тут турфірмы прапануюць свае маршруты па літаратурна-мастацкай Глыбоччыне), адкрыюцца Тэатральны падворак, майстэрня па перапісванні кніг і дзіцячае выдавецтва… А на тракце “Шчодрыца” сельсаветы раёна прапануюць сельскагаспадарчую прадукцыю, мёд, дзічыну…
Дзень беларускага пісьменства распачнецца 2 верасня з Божай Літургіі ў Кафедральным саборы Ражджаства Найсвяцейшай Багародзіцы. На плошчы 17 верасня адкрыецца Сквер славутых землякоў. А тэатралізаваная дзея “Вытокі духоўнасці” на Цэнтральнай плошчы стане адной з частак урачыстага адкрыцця свята. Будуць узнагароджаны пераможцы рэспубліканскага конкурсу на лепшы твор у жанры паэзіі, прозы, драматургіі, літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства, дзіцячай літаратуры, публіцыстыкі, перакладу, сатыры і гумару, дэтэктыву, песні і краязнаўства.
На плошчы 17 верасня пройдзе традыцыйны фестываль кнігі і прэсы. На Літаратурным падворку будуць працаваць павільёны “Сучасная беларуская кніга і прэса”, “Паліграфічныя абсягі”, “Праекты Саюзнай Дзяржавы”. Кніжны кірмаш зладзяць і на Святочным тракце. Тут гледачы пабачаць выстаўку паштовак “Глыбокае на старых фотаздымках”.
Пад час закрыцця свята адбудуцца гала-канцэрт майстроў мастацтваў і святочны феерверк.