Другая Нацыянальная: фініш перад стартам

№ 34 (1056) 25.08.2012 - 31.08.2012 г

Набліжаецца да завяршэння падача заявак на ўдзел у ІІ Нацыянальнай тэатральнай прэміі. І ўжо з упэўненасцю можна сказаць, што, у параўнанні з тым, як мінулагодні “эксперымент” успрымаўся са значнай доляй асцярожнасці і стрыманасці, сёлета тэатры з гатоўнасцю і непадробным інтарэсам рыхтуюцца да другога “званка”. А тыя, хто з нейкіх прычын замарудзіў на старце, яшчэ паспеюць нагнаць сваіх саратнікаў-сапернікаў: прыём заявак на ўдзел у ІІ Нацыянальнай тэатральнай прэміі завершыцца 15 верасня.

Па словах сакратара адборачнай камісіі Прэміі Валянціны Сцяпанавай, сёлета тэатры больш актыўна і зацікаўлена падышлі да падачы дакументаў на саісканне Нацыянальнай тэатральнай прэміі і вылучылі да адбору не па адным, а, згодна з Палажэннем, да трох спектакляў. “Шмат у чым гэткай зацікаўленай актыўнасці паспрыяла тое, што мінулагодняя Нацыянальная тэатральная прэмія прайшла на высокім узроўні. Гэта, безумоўна, заахвоціла сёлета беларускія тэатры і да далейшага, больш зацікаўленага, удзелу ў ёй”, — мяркуе Валянціна Аляксееўна.

Многія з заўваг, выказаных у часе правядзення першай Нацыянальнай тэатральнай прэміі, а таксама па выніках яе — на “круглым стале” ў рэдакцыі “К”, былі ўлічаны пры далейшай рабоце. І вось адпаведная пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь унесла пэўныя карэктывы. Адна з іх датычыцца намінацый, якімі цяпер будуць кіравацца члены журы. Яны фармулююцца наступным чынам: “Лепшы спектакль”, “Лепшы спектакль тэатра лялек”, “Лепшы спектакль для дзяцей”, “Лепшая рэжысёрская работа”, “Лепшая жаночая роля”, “Лепшая мужчынская роля”, “Лепшая работа мастака-пастаноўшчыка”, “Лепшае музычнае афармленне спектакля” (для ўсіх тэатраў, акрамя музычных), “Лепшая работа харэографа-пастаноўшчыка”, “Лепшая пастаноўка па творы сучаснага беларускага аўтара” (для сучасных беларускіх драматургаў ці кампазітараў, рэжысёраў ці балетмайстраў).

Як і летась, сёлета конкурсны разгляд спектакляў будзе праходзіць у два этапы. На першым Экспертны савет азнаёміцца з DVD-запісамі заяўленых пастановак а таксама, згодна з пастановай Савета Міністраў, прагледзіць адабраныя спектаклі непасрэдна на “родных” для іх пляцоўках. У адрозненне ад мінулага года, калі экспертнае рашэнне выносілася выключна “завочна” — па ўражаннях ад відэазапісаў, — сёлетняя схема адбору мае даць магчымасць скласці больш адэкватнае ўражанне аб пастаноўках. Не сакрэт, што гэтая акалічнасць — вельмі важная і значная, асабліва — для рэгіянальных тэатраў, якія не заўсёды маюць роўныя са сталічнымі калектывамі магчымасці для шырокай папулярызацыі сваіх пастановак у колах тэатральных экспертаў.

Па выніках работы Экспертнага савета (сёлета яго ўзначальвае Аляксей Дудараў) сфарміруецца конкурсная праграма, якая стане фінальным шорт-лістом, што паўстане перад айчыннымі тэатраламі з 12 па 19 лістапада. Тым больш, ужо з 28 жніўня Экспертная камісія пачынае прагляд заяўленых да ўдзелу ў Прэміі пастановак.