Мінск пад псеўданімам?

№ 34 (1056) 25.08.2012 - 31.08.2012 г

Чаму ў нашай сталіцы здымаюць чужую глыбінку?

Нататкі тэлегледача

Неяк, пераключаючы тэлеканалы, натрапіў на адзін з эпізодаў серыяла “Каменская”. У гэтым фільме славутая маскоўская следчая раскрывае злачынства недзе ў расійскай глыбінцы. Падзеі адбываюцца ў правінцыйным музеі. “Ролю” глыбінкі ў фільме выконвае... Культурная сталіца Беларусі-2012 Нясвіж, правінцыйнага музея — Нясвіжскі палац.

Так, здымкі праходзілі ў той час, калі ў Нясвіжы ішлі рэстаўрацыйныя работы. Фасад палаца быў прыкрыты будаўнічымі рыштаваннямі, але характэрны сілуэт рэзідэнцыі Радзівілаў ні з чым зблытаць немагчыма. Усё адно было бачна, што гэта архітэктура Рэнесанса — інакш кажучы, тое, чаго ў Расіі ніколі быць не магло, а тым больш — у тамтэйшай глыбінцы. Што ж, як кажуць у такіх выпадках, “піпл схавае” недакладнасці. А вось тым, хто шукаў адпаведную сюжэту натуру і здымаў гэтае кіно, павінна быць сорамна за свой пралік. Зрэшты, інтэлектуальны ўзровень замежных серыялаў — гэта не наша праблема. Засяроджу ўвагу на іншым.

Разумею, што прадастаўленне натуры для замежных кіношнікаў, арганізацыйны ўдзел у праектах — гэта жывыя грошы, якія не лішнія і нашаму кінематографу. Але ў дадзеным канкрэтным выпадку, няхай сабе серыял і зняты амаль пятнаццаць гадоў таму… Нясвіж — наш нацыянальны брэнд, гонар, наш унёсак у скарбонку найвышэйшых дасягненняў сусветнай культуры. Прадстаўляць гэты скарб у такім кантэксце, як у згаданым фільме пра Каменскую, — не самая лепшая рэклама самім сабе. Не думаю, каб расіянам спадабалася, калі б на Неўскім праспекце Санкт-Пецярбурга хтосьці здымаў кіно пра жыццё нямецкага мястэчка.

Значная частка серыяла пра Каменскую, дзе падзеі адбываюцца ў Маскве, здымалася ў Мінску і яго ваколіцах. Гэта таксама не надта карэктна, ды хай сабе… Усё ж такі статус абодвух гарадоў — аднолькавы: і адзін, і другі — сталіца.

А вось калі я бачу мінскі Чыгуначны вакзал і Нацыянальны аэрапорт “Мінск-2”, зноў жа, у серыялах суседзяў (і зноў жа — пра тамтэйшую правінцыю), я не пагаджаюся, у прыватнасці, што па-еўрапейску стылёвы і дагледжаны вакзал беларускай сталіцы населены масоўкай "бамжоў", якіх у рэальнасці наша транспартная міліцыя не падпусціць да Прывакзальнай плошчы на гарматны стрэл.

Мінск — горад прыгожы і шматаблічны. Мая жонка колькі гадоў таму прадстаўляла Беларусь на Міжнародным медыцынскім кангрэсе ў Санкт- Пецярбургу. Кажа, была вельмі ўражана, калі ў час аўтобуснай экскурсіі па горадзе, што зладзілі для ўдзельнікаў кангрэса, пачула: “Як прыгожа! Зусім як у Мінску!”. Аказалася, гэта былі расіяне, якія Мінск наведалі раней, чым сваю “Паўночную сталіцу”, і цяпер лічаць нашу сталіцу своеасаблівым эталонам горада ўвогуле. Мае сябры з Нацыянальнага мастацкага музея расказвалі пра італьянцаў, якія прывозілі сваю выстаўку і са здзіўленнем адзначалі падабенства цэнтра Мінска (канкрэтна — скрыжавання праспекта Незалежнасці і вуліцы Леніна) з Рымам. Добрае ўражанне зрабіў Мінск і на дырэктара Луўра Анры Луарэта. Траецкае прадмесце, быў час, “выконвала кінаролю” Францыі і Югаславіі…

Наша сталіца, ды ўвогуле наша краіна — скарб для кінематаграфістаў. І карыстацца ім трэба разумна: браць удзел у тых праектах, якія спрыяюць нашаму пазітыўнаму іміджу. Кінароля ж чужой глыбінкі — не для Беларусі.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"