Празрыстасць акварэлі

№ 34 (1056) 25.08.2012 - 31.08.2012 г

“Прыма” і лесіроўка Алісы Мароз

4 верасня ў сталічным Палацы мастацтва адбудзецца свята — святла і сонечнай весялосці. Святло, здаецца, выпраменьваюць самі сцены з размешчанымі на іх яркімі, сонечнымі выявамі пейзажаў і нацюрмортаў. Такімі будуць успрымацца размешчаныя ў экспазіцыі акварэлі Алісы Мароз, якая толькі што адзначыла свой юбілей. Выстаўляцца яна стала ў 1966 годзе, і з таго часу пастаянна ўдзельнічае ў рэспубліканскіх ды некаторых усесаюзных акварэльных выстаўках.

/i/content/pi/cult/392/7853/9-1.jpeg

Існуе некалькі прыёмаў работы ў тэхніцы акварэлі: магчыма пісаць у адзін прыём — “а-ля прыма”, — і накладваць колер у некалькі прыёмаў — у тэхніцы лесіроўкі і адмыўкі. Жывапіс Алісы Канстанцінаўны з’яўляецца выдатным прыкладам работы ў тэхніцы
"а-ля прыма". Мастачка адразу накладвае колер у поўную моц яго гучнасці па сухой або ледзь увільготненай паперы. Гэты прыём яна даводзіць да дасканаласці і толькі часам выкарыстоўвае лесіроўку па сухой паперы. Мастачка ўжывае толькі акварэль і не дапускае сумесі з любымі іншымі матэрыяламі. У гэтай свабоднай, шырокай і лёгкай манеры пісьма прадметны свет не губляе сваёй матэрыяльнасці і прыгажосці: амаль адчувальныя шчыльнасць качана капусты і святлівая празрыстасць наліўных яблыкаў у нацюрмортах, трапятлівасць тонкіх каласкоў ільну, аксаміт пшанічнага поля і матэрыяльная важкасць снапоў зжатага хлеба...

Мастачка ашчадна выкарыстоўвае эфект акварэльных фарбаў “па-сырым” — па ўвільготненай паперы. Дакладнымі ўкрапінамі фарбаў арганізуе колеравы паток па паперы. Ейны жывапіс — гэта сімфонія, у якой фарбы гучаць асабліва магутна ў кантрасце з плоскасцю паперы, што ледзь прыкрываецца колерам, а часам зусім белай.

На выстаўцы будуць прадстаўлены работы, якія адносяцца да розных перыядаў. Напрыканцы 1980-х — у 1990-х напісаны пейзажы і нацюрморты. Уласна, гэтыя тэмы застаюцца асноўнымі і ў работах апошніх гадоў. Мастачка заўсёды вяртаецца да адлюстравання сваіх улюбёных мясцін. Пад Мінскам гэта — Раманы, Дубравы, Лосі, Баяры, а далей — азёры Віцебскай вобласці і Гомельшчыны. У адных пейзажах яна паказвае сябе як рэаліст, а ў другіх — як упарты і настойлівы рамантык. У асобных работах захапленне рамантыка аб’ядноўваецца з рэалістычнай перадачай прыроды. Калі гэтыя ўласцівасці зліваюцца — нараджаецца сапраўдны твор мастацтва. Мне падаецца, у гэтым сэнсе ёй вельмі дапамаглі шматгадовыя зносіны з народным мастаком Беларусі Віталём Канстанцінавічам Цвіркам.

/i/content/pi/cult/392/7853/9-2.jpeg

Важнае месца ў гэтым раздзеле жывапісных пошукаў мастачкі займае індустрыяльны пейзаж. У ім мастачка імкнецца перадаць веліч навабудаў Беларусі, фіксуе знамянальныя моманты будаўніцтва мінскага метро. Сёння жанр індустрыяльнага пейзажа ў жывапісе знаходзіцца “на ўзбочыне”, і каб яго “агучыць”, неабходны сапраўдны талент. Аліса Мароз такі талент мае. Логіку гэтай прыгажосці яна перадае сродкамі стрыманай па колеры акварэлі і графічна-дакладнымі рухамі пэндзля. Узбуйняе рытм кампазіцый, формы абагульвае да геаметрычнай выразнасці. Так з’яўляецца “кубічны” малюнак, напоўнены духоўнай эмацыйнасцю.

Творы Алісы Мароз, прысвечаныя беларускай архітэктуры, склаліся ў серыі “Мая Беларусь”, “Мой горад”. Але асобым паэтычным пачуццём прасякнуты лірычныя пейзажы і нацюрморты, якім яна знаходзіць рамантычныя назвы. Беларуская ж прырода — гэта, на думку мастачкі, “беларуская Швейцарыя”, што нараджае вечныя паэтычныя думкі, мары і эмоцыі. Яна — разнастайная, зменлівая і складае галоўны змест памкненняў ды творчых пошукаў новых прыёмаў работы з акварэллю.

Людміла МАЛЕНКА, кандыдат мастацтвазнаўства