Эканоміка культуры: каб не быць "вясельным генералам"

№ 34 (1056) 25.08.2012 - 31.08.2012 г

Усё часцей аддзелы культуры звяртаюць увагу на неабходнасць паўнавартаснага ўдзелу ў рознага кшталту эканамічных форумах: раённых, рэспубліканскіх, міжнародных. Прынамсі, у Ашмянскім, Смаргонскім ды Астравецкім раёнах Гродзеншчыны на гэты конт няма ніякіх ваганняў: спонсарска-інвестарская зацікаўленасць да развіцця рэгіянальнай культуры не ўзнікае на пустым месцы. Зацікаўленасць гэтую, нібы экзатычную кветку, варта старанна гадаваць ды песціць. Гэтым “гадаваннем” у згаданых раёнах займаюцца тры гады запар. Аб’яднаная рэгіянальная выстаўка “Паўночны вектар Гродзеншчыны” прайшла спачатку ў Ашмянах, потым — у Смаргоні. 8 верасня бягучага года “сталіцай трохраённага мерапрыемства” стане Астравец. І кожным разам выстаўка суправаджаецца наладжваннем міжнароднага эканамічнага форуму “Новыя магчымасці і перспектывы супрацоўніцтва”.

Вектар узаемадзеяння

Па словах начальніка аддзела культуры Астравецкага райвыканкама Сяргея Сяўко, у сёлетніх мерапрыемствах будуць прымаць удзел прадстаўнікі 14 краін, у тым ліку з Арменіі, Італіі, Літвы, Польшчы, Расіі… “Паўночны вектар Гродзеншчыны”, як і раней, мяркуецца “насыціць” яркай прэзентацыйнай культурнай праграмай. Інакш кажучы, сухую канстатацыю эканамічных разлікаў пераканаўча “расквеціць” адмысловы талент мясцовых творцаў. Да прыкладу, пройдзе Рэгіянальны фестываль народнай творчасці “Песня памежжа”.

Лішне казаць, што спрыяльнай нагодай для міжнародных культурна-эканамічных стасункаў стала перспектыва развіцця атамнай энергетыкі ў Астраўцы. Менавіта з гэтай нагоды на пленарным пасяджэнні эканамічнага форуму будзе абмеркаваны заўтрашні дзень беларуска-літоўскага супрацоўніцтва. Кіраўнікі трох раёнаў сваю гаворку з гасцямі павядуць вакол магчымасцей рэгіёна будаўніцтва Беларускай АЭС: яго бяспекі, развіцця вытворчасці і інфраструктуры.

Выстаўка “Паўночны вектар…” дазволіць напоўніцу адлюстраваць патэнцыял і інвестыцыйныя магчымасці Астравецкага, Смаргонскага і Ашмянскага раёнаў. Больш за тое: пераўтварэнне дадзенага краю, прыток людскіх рэсурсаў і прымнажэнне творча-вытворчага складніка раённага “трохкутніка” наўпрост паўплывае і на турыстычнае развіццё паўночнай часткі Гродзеншчыны. Гаворка на форуме пойдзе пра максімальнае выкарыстанне і гэтага бюджэтаўтваральнага рэзерву…

Раёны Беларусі, яднайцеся!

Пад час рэдакцыйных он-лайн-канферэнцый і “гарачых ліній”, прысвечаных дзяржаўна-прыватнаму партнёрству ў нашай галіне, неаднойчы гучала думка пра тое, што аддзелы культуры краіны на эканамічных форумах іншым разам пачуваюць сябе гэткімі “вясельнымі генераламі”: адказваюць за канцэртную частку мерапрыемства, а на ход камерцыйнага ўзаемадзеяння калі і ўплываюць, дык даволі ўскосна.

Начальнік аддзела культуры Астравецкага райвыканкама Сяргей Сяўко дадзенае меркаванне абвяргае канкрэтнымі справамі. Не першы год творчыя калектывы раёна бяруць удзел у замежных творчых мерапрыемствах. А сёлета мяркуюць правесці разам з польскімі сябрамі дажынкі.

Натуральна, інвестара і замежнага сацыяльнага партнёра пустымі абяцаннямі і неканкрэтнымі фармуліроўкамі не зацікавіш — патрэбны ўсебакова пралічаныя і прывабныя з пункта гледжання бізнесу творчыя праекты. Не кожны аддзел культуры можа пахваліцца гэткім “праектастваральным” уменнем. І справа не толькі ў тым, што вядзенню бізнесу ў культуры неабходна вучыцца — у калег, навукоўцаў, замежнікаў, урэшце, на базе Інбелкульта. Справа яшчэ і ў тым, што ў дадзеным “паўночным” выпадку мы маем, як падаецца, ухвальны прыклад раённай кааперацыі, скіраванай на міжнародную прэзентацыю і культурных, і эканамічных перспектыўных магчымасцей. І спробы такой кааперацыі, што радуе, множацца. Рэгіёны аб’ядноўваюцца па, так бы мовіць, "геапалітычных" інтарэсах. Скажам, “куставыя” міжраённыя ўтварэнні для пошуку інвестараў гуртуюцца вакол, да прыкладу, Белавежы. Амаль аналагічныя мэты для развіцця тураператарства ставіць перад сабой і Фестываль этнакультурных традыцый “Покліч Палесся”, што так ці інакш спрыяе развіццю інфраструктуры Нацыянальнага парку “Прыпяцкі”…

А што да канкрэтнага творчага праекта, якім чарговы раз прывабіў палякаў Астравецкі аддзел культуры, дык гэта памежны Фестываль народнай музыкі ў сучаснай яе апрацоўцы. На гэтым сумесным мерапрыемстве неўзабаве прагучаць і фольк-рок, і этна-ф’южн. Пры належным піяры агульныя дывідэнды ад рэалізацыі сумеснага праекта — гарантаваны.

 

Што трэба зрабіць, каб аддзелы культуры выглядалі прывабнымі на раённыхі абласных эканамічных форумах? Пішыце на адрас: 220013, г. Мінск, пр-т Незалежнасці, 77 або kultura@tut.by, тэлефануйце ў рэдакцыю па нумары 8-017-334-57-23, абмяркоўвайце тэму на www.facebook.com/kimpressby і www.twitter.com/kultura_by! Нам важная менавіта ваша думка!

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"