Аркестр маладосці

№ 34 (1056) 25.08.2012 - 31.08.2012 г

27 жніўня ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі, яшчэ да ўрачыстага пачатку сезона, адбудзецца адметны сумесны праект. Тут выступіць маладзёжны сімфанічны аркестр з дзіўнай назвай “I, Culture orchestra 2012”.

Маладзёжныя аркестры, якія збіраюць лепшых музыкантаў розных краін, для нас не навіна — дастаткова ўзгадаць хаця б аркестр краін СНД. Цяперашні праект скіраваны на краіны-ўдзельніцы “Усходняга партнёрства” Еўрапейскага Саюза: Арменію, Азербайджан, Беларусь, Грузію, Малдову і Украіну. Упершыню ён прайшоў летась, арганізатарам выступіў Інстытут імя А.Міцкевіча ў Польшчы. Сёлета многія закладзеныя традыцыі захаваліся, але з’явіліся і новыя.

Як і раней, праводзіўся і папярэдні кастынг (самы першы, дарэчы, не “жыўцом”, а праз Інтэрнэт), і далейшыя заняткі з адабранымі музыкантамі, і, нарэшце, канчатковае фарміраванне канцэртнага аркестравага складу. Наперадзе — гастролі па ўсіх краінах-удзельніцах, з захаду на ўсход. Пачатак тура — 25 жніўня ў Варшаве, завяршэнне — 6 верасня ў Баку. Праграма, цікавая і складаная, задаволіць самыя запатрабаваныя густы: мы пачуем творы П.Чайкоўскага, А.Дворжака, К.Шыманоўскага, А.Рэспігі.

Адметнасцю сёлетніх выступленняў з’яўляецца і тое, што на чале маладзёжнага калектыву стаіць зусім яшчэ малады, але ўжо прызнаны ў свеце дырыжор — Іліч Рывас з Венесуэлы. Яму толькі-толькі споўнілася 20 гадоў, а ён ужо супрацоўнічаў з Глайндборнскім оперным тэатрам і Музычным фестывалем у швейцарскім Верб’е, дырыжыраваў Люцэрнскім сімфанічным аркестрам (Швейцарыя), Каралеўскім філарманічным аркестрам Стакгольма, выступаў на фестывалі “Royal Festival Hall” у Лондане, а таксама ў Сіднэйскім оперным тэатры.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"