Ідэя помніка помніку

№ 34 (1056) 25.08.2012 - 31.08.2012 г

Слуцк: 10 дзён на фор-эскіз

Каб слуцкі пояс сцвердзіўся ў грамадскай свядомасці сучаснікаў як наш актуальны нацыянальны брэнд, варта парупіцца пра імідж радзімы гэтай мастацкай з’явы — горад Слуцк. Праграма адраджэння славутых паясоў ужо паспрыяла таму, што гэтым пытаннем заняліся архітэктары і мастакі.

Як паведаміў нам старшыня Мінскай абласной рады па манументальным мастацтве скульптар Іван Міско, 21 жніўня Рада абвясціла конкурс на фор-эскіз (інакш кажучы, на ідэю) манументальна-дэкаратыўнай кампазіцыі ў гонар слуцкіх паясоў. На распрацоўку фор-эскізу даецца дзесяць дзён.

Пераможцы атрымаюць права на далейшы ўдзел у праекце. Твор, які з’явіцца ў выніку творчага спаборніцтва і будзе выкананы ў матэрыяле, мяркуюць устанавіць на адмыслова аздобленай тэрыторыі побач з ткацкай фабрыкай.

Зразумела, будучая кампазіцыя бачыцца як скульптурны сімвал Слуцка. Дагэтуль у Беларусі не было завядзёнкі ставіць помнікі ў гонар аб’ектаў матэрыяльнай культуры. Дадзены праект, такім чынам, можа распачаць у нашай краіне новую культурную традыцыю.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"