Шукаюць сцэнарыі!

№ 33 (1055) 18.08.2012 - 24.08.2012 г

Тыя, каму цікава стварэнне кароткаметражнага ігравога кіно, могуць звяртацца ў “Беларускі відэацэнтр”.

Як паведамілі карэспандэнту “К” у гэтай установе, вельмі патрабуюцца арыгінальныя сцэнарыі, а таксама патэнцыйныя аўтары і рэжысёры для фільмаў хронаметражом ад адной да 15 хвілін. Чакаецца, што створаныя па гэтых сцэнарыях работы, у тым ліку, будуць удзельнічаць у прэстыжных міжнародных фестывалях кароткага метра.

— Фінансаванне, падтрымка і прасоўванне будучых праектаў за намі — за “Беларускім відэацэнтрам”, — кажа яго дырэктар Юрый Ігруша. — Галоўнае для нас — знайсці новых перспектыўных аўтараў ігравога кароткаметражнага кіно, якое цяпер на пад’ёме ў свеце. Прычым, патрабуюцца менавіта сцэнарыі і іх аўтары, бо знайсці для пастаноўкі рэжысёра, як ні дзіўна, куды прасцей. Найлепшыя дасланыя нам сцэнарыі мы збіраемся аб’яднаць у кінаальманах, рэжысёрамі якога выступяць як пачаткоўцы, так і прызнаныя ў сферы беларускага кіно рэжысёры. Плануем, што праект прыме ўдзел у другім адкрытым Рэспубліканскім конкурсе на лепшы кінапраект, што, як чакаецца, пройдзе ў кастрычніку.

Заяўкі і прапановы на стварэнне кароткаметражных стужак памерам 2 — 3 старонкі можна дасылаць у “Белвідэацэнтр” па электроннай пошце на адрас cinemafilm@list.ru да 10 верасня.