“Rondo” для Танка

№ 33 (1055) 18.08.2012 - 24.08.2012 г

17 верасня культурная грамадскасць будзе адзначаць 100-годдзе з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Максіма Танка. Кампазітар Ларыса Сімаковіч зрабіла сваё музычнае прынашэнне класіку — літаральна днямі скончыла партытуру оперы-rondo “Люцыян Таполя” паводле яго аднайменнай паэмы.

 

— Апошнім часам, — расказвае кампазітар, — у мяне склалася плённае супрацоўніцтва з Нацыянальным акадэмічным народным аркестрам Беларусі імя Іосіфа Жыновіча. Таму літаральна адразу пасля ранейшага падобнага праекта — мюзікла-прытчы “Апокрыф” паводле Максіма Багдановіча — атрымала прапанову напісаць штосьці паводле Максіма Танка. Я адразу ўзгадала гэтую паэму: яна не можа не натхняць!

— Тэма прызначэння мастака і мастацтва, як можна заўважыць, скразная ў вашай творчасці. Бо яе вы ўзнімалі і ў “Апокрыфе”, і пры звароце да “Сымона-музыкі” Якуба Коласа ў творы “S-музыка”: сучасныя сцэны". “Люцыян Таполя” атрымаў жанравае вызначэнне — опера-rondo.

— Да оперы я далучыла тэрмін “rondo”, каб падкрэсліць, што тут ёсць своеасаблівы рэфрэн — вобраз, які пастаянна з’яўляецца на працягу твора. Яго няма ў Максіма Танка. Там згадваецца хіба мастацкая праўда, якой і прытрымліваецца разьбяр Таполя, калі робіць Багародзіцу падобнай на дзяўчыну Тэклю, што выклікае гнеў біскупа. У мяне ж — дзве праўды: Хадзячая, на аснове якой і будуецца форма ронда, і Голая, што атрымае харэаграфічнае ўвасабленне. Можа, самі назвы патрабуюць удакладнення, але музычныя вобразы ўвогуле бывае цяжка азначыць словамі.

— Калі ж мы пачуем і ўбачым новы твор?

— Дата прэм’еры яшчэ не вызначана, але дакладна — сёлета. Працягласць — больш за гадзіну. У аднаго толькі Таполі — чатыры арыі, столькі ж — у Тэклі. Вялікая роля надаецца хору, які ўвасабляе і свецкае, і рэлігійнае атачэнне. У мяне, як заўсёды, шмат рэжысёрскіх і харэаграфічных прыдумак, якія сыходзяць з музычнай ідэі. Засталося дачакацца рэпетыцый!..

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"