ART ад “ТэАРТа”

№ 33 (1055) 18.08.2012 - 24.08.2012 г

Прыадкрыў свае творчыя планы Міжнародны форум тэатральнага мастацтва “ТЭАРТ”, які пройдзе ў беларускай сталіцы з 2 па 20 кастрычніка. Традыцыйны “марафон” пастановак знаных сучасных рэжысёраў і творчых труп ладзіцца ў Мінску другі раз.

Рэжысёрскі “вянок” выглядае надзвычай заманліва: расіянін Кірыл Сярэбранікаў — з “Мёртвымі душамі” М.Гогаля Латвійскага нацыянальнага тэатра, літовец Оскарас Каршуновас — з “Мірандай” паводле “Буры” У.Шэкспіра і “На дне” М.Горкага свайго тэатра, Крысціян Люпа — з “Персонай. Мэрлін” Драматычнага тэатра Варшавы, італьянскі рэжысёр Рамэа Кастэлучы, які наведае Мінск упершыню, — з пастаноўкай “Пра канцэпцыю Аблічча Сына Божага”...

Акрамя таго, Рускі тэатр Эстоніі прэзентуе “Адну летнюю ноч у Швецыі”, Польскі тэатр танца з Познані — пластычныя спектаклі “Мінус 2” і “Пустыня”, французы La Parade d’Octave — пастаноўку “Дзіцяці даюць паслабляльнае”.

У рамках форуму запланаваны Праект “Лепшыя расійскія спектаклі — намінанты і лаўрэаты прэміі “Залатая Маска”. У яго ўвайшлі музычны спектакль “Шэрбурскія парасоны” Санкт-Пецярбургскага тэатра “Карамболь” у пастаноўцы Васіля Бархатава, “Нічыя доўжыцца імгненне” Расійскага акадэмічнага маладзёжнага тэатра ў пастаноўцы Міндаўгаса Карбаўскіса і спектакль “Запалі мой агонь” Тэатра.doc.

Цікава згадаць і яшчэ адну немалаважную акалічнасць, якой мусіць адзначыцца “ТэАРТ”: сёлета самыя дарагія кошты білетаў будуць зусім не на спектаклі культавых замежных “зорак”, а... на беларуска-польскі праект — спектакль “Амазонія”, пастаўлены мінскім рэжысёрам Ігарам Пятровым з удзелам маладых акцёраў — студэнтаў Акадэміі мастацтваў. 350 тысяч рублёў — вось вышыня той тэатральна-спартыўнай “планкі”, якую беларускім творцам неабходна будзе “ўзяць”.

Завершыцца Форум яшчэ адной айчыннай “прэзентацыяй” — прэм’ерай спектакля “Ладдзя роспачы” У.Караткевіча, створанай пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.