“Сонечныя” дзяўчынкі з Цэнтра рамёстваў

№ 44 (810) 03.11.2007 - 09.11.2007 г

У нашай краіне робіцца ўсё магчымае, каб дзеці адчувалі сябе патрэбнымі не толькі бацькам, але і Айчыне, дзяржаве. На рэалізацыю правоў дзяцей накіраваны сацыяльныя Прэзідэнцкія праграмы, новыя праекты ў сферы аховы здароўя, адукацыі, развіцця дзіцячага спорту, мастацкай творчасці і г. д.

 /i/content/pi/cult/135/783/Sonechnaje-ram.jpg
Ёсць і ў Іўеўскім раёне шмат месцаў, дзе хлапчукам і дзяўчынкам дапамагаюць раскрыць свае здольнасці, пашырыць кругагляд. Праз самыя разнастайныя накірункі работы ідзе выхаванне будучых артыстаў, народных
майстроў, інтэлектуалаў, патрыётаў. Я хачу расказаць пра гурток, дзе вельмі ўдала з’яднаны некалькі тых самых накірункаў. Гэта — “Залатая саломка”, што другі год працуе пры раённым Цэнтры рамёстваў.
Не памыліліся яго дырэктар Рэната Сяліцкая і майстрыха Ірына Смірнова, калі вырашылі працаваць з дзецьмі менавіта па саломкапляценні. І, дзякаваць Богу, у нашым раёне яно атрымала новае жыццё. Наогул, гэты від рамёстваў надзвычай цёплы, сонечны, радасны.
Амаль два гады таму прыйшлі да Ірыны Рэгінальдаўны 15 дзяўчынак і хлопчыкаў з 3 “А” класа Іўеўскай школы. Самі, нібы сонечныя праменьчыкі, яны апантана ўзяліся спасцігаць колеры радасці і сонца. Аднак, як кажа кіраўнік гуртка, каб спасцігнуць тую радасць, патрэбны вытрымка, цярпенне, уседлівасць. Праз некаторы час хлапчукам не хапіла гэтых якасцей.
Засталіся самыя ўпартыя і, напэўна, больш здольныя да гэтай справы. І пакрысе ў іх ручках звычайная саломка пачала ператварацца ў цуды мастацтва. Не такія, пакуль, канешне, як работы знакамітых раённых майстрых, што ўпрыгожваюць выстаўкі Цэнтра, аднак, як лічыць Ірына Смірнова, галоўнае зроблена. Дзяўчынкі засвоілі ўсе віды саломкапляцення (прамое, плоскае, спіральнае, аб’ёмнае, пляценне на каркасе), наспеў час удасканальваць якасць вырабаў. І юныя саломкапляцельшчыцы завіхаюцца, а потым дораць свае працы сябрам, родным, знаёмым. Падчас масавага гуляння на Дзень Незалежнасці на выстаўцы-кірмашы нават прадавалі свае вырабы. І так радаваліся першым заробкам!
Гурткоўцы сталі нібы маленькая сям’я: разам працуюць, разам святкуюць, разам адпачываюць. Я нездарма сказала, што ў гэтым гуртку гарманічна спалучаны розныя накірункі выхавання. Па-першае, заняткі праходзяць у цудоўным інтэр’еры, дзе сталы накрыты вышыванымі ручнікамі, дзе сабраны прадметы даўніны і сялянскага беларускага побыту. Вось вам і знаёмства з беларускай нацыянальнай культурай. А асобныя ранішнікі ў “Залатой саломцы” цалкам прысвечаны фальклору.
Калі да гурткоўцаў прыходзяць у госці мамы, вучні пачатковых класаў ужо выступаюць як экскурсаводы, паказваючы і расказваючы пра ўсё, чым багаты Цэнтр рамёстваў. Рыхтуюць канцэрты да святаў: Дня сталых людзей, Дня Маці. Раз у квартал ушаноўваюць сваіх імяніннікаў. Карацей кажучы, жывуць цікава, адпачываюць весела. Пасля сустрэч у гурток прыходзяць новыя дзяўчынкі. Уражаныя ўбачаным, яны і самі жадаюць навучыцца “сонечнаму” рамяству.
Прайшоў год з пачатку дзеяння “Залатой саломкі”, калі мама прывяла ў гурток сваю дачушку — Паліну Буцько, першакласніцу. І ўжо праз некалькі заняткаў Ірына Смірнова зразумела, што да яе трапіла па-сапраўднаму таленавітае дзіця. Сёння Паліна — бадай што найлепшая яе вучаніца. Калі дзяўчынкі скардзяцца, што заданне цяжкае, не атрымліваецца, — малая Паліна моўчкі працягвае працаваць. І астатнія, каб не было сорамна, зноў бяруцца за работу.

Вера ГУЛІДАВА
Іўе
Фота аўтара