Глыбокія карані Глыбокага

№ 33 (1055) 18.08.2012 - 24.08.2012 г

За два тыдні да Дня беларускага пісьменства

У Глыбокім сёння поўным ходам рэалізоўваецца творчы праект “Чытаем “Новую зямлю” разам”. Мясцовы аддзел культуры прысвяціў акцыю Дню беларускага пісьменства, Году кнігі і 130-годдзю з дня нараджэння Якуба Коласа. У праекце ўдзельнічаюць работнікі ды кіраўнікі ўстаноў, прадпрыемстваў і арганізацый Глыбоччыны. Чытанне ўпадабанага ўрыўка метадысты запісваюць на відэа. Ёсць ужо маналогі начальнікаў райвыканкамаўскіх аддзелаў, дырэктара музея, рабочых заводаў… З гэтых шматлікіх вершаваных “сола” будзе “зманціраваны” суладны “відэахор”, што ўрачыста прагучыць у Глыбокім 2 верасня… Старшыня мясцовага райвыканкама Алег Морхат, як кажуць, урывак з паэмы ўжо выбраў, але на запіс яго пакуль часу не стае. За два тыдні да рэспубліканскага свята спраў у райцэнтры шмат. Ці не на кожнай вуліцы шчыруюць рамонтнікі. Яшчэ ў чэрвені Алег Морхат звярнуўся праз райгазету да жыхароў Глыбоччыны, заклікаў усіх да самаадданай працы талакой. Так што “Новую зямлю” тут і чытаюць, і ствараюць менавіта разам. Таму і горад мяняе аблічча на вачах.

/i/content/pi/cult/391/7829/1-1.jpg

Дык давайце ж паглядзім, што ўжо зроблена. Пройдземся па вуліцах, дзе размешчаны ўстановы культуры, вакол якіх і разгорнецца асноўная творчая дзея Дня пісьменства.

Дарэчы, і супрацоўнікі гэтых устаноў, як пераконвае начальнік аддзела культуры Глыбоцкага райвыканкама Таццяна Малатоўнік, на час пераўтварыліся ў цесляў, маляроў ды тынкоўшчыкаў…

Пачнём шлях ад Глыбоцкага гісторыка-этнаграфічнага музея, у якога з’явіўся новы дах. Над аддзелкай “унутранкі” адной з музейных залаў тут працуюць мастацкі кіраўнік Азярэцкага культурна-спартыўнага цэнтра Юрый Сычоў і дырэктар Дзеркаўшчынскага сельскага цэнтра культуры Андрэй Ермалаеў. Яшчэ адзін доказ таго, што работнік культуры — і швец, і жнец… У абноўленыя памяшканні тым днём пачалі завозіць з фондасховішча пэўныя экспанаты, у тым ліку і ўнікальныя маляванкі аднаго са славутых ураджэнцаў Глыбоччыны Язэпа Драздовіча, для якіх урэшце скончыліся музейна-рамонтныя “вакацыі”. Варта нагадаць, што Драздовіч не толькі пэндзлем цудоўна валодаў, але і пісьменніцкай асадкай… І апошні нюанс мясцовай музейнай справы: за кошт таго, што знакаміты сярод турыстаў ландшафтны Мосар стаў філіялам установы, музейшчыкі іншым разам зарабляюць за месяц па 17 мільёнаў рублёў…

У Доме рамёстваў (найстарэйшым у рэспубліцы), якім сёння кіруе Таццяна Карнеева, таксама пануе перадсвяточная мітусня. Будынак “уцяпліўся” фасадам, заменены вокны і асвятленне. Цяпер да ладу даводзяцца памяшканні для гуртковай работы. Але з-за рамонтнага буму ўстанова дзейнасці не спыняла, па-ранейшаму радуе і глінай, і саломкай, і кавальскай фантазіяй. Дарэчы, сувенірны салон працуе тут з 2009-га, сёлетні паўгадавы таваразварот яго дасягнуў 6 мільёнаў рублёў. Мясцовыя рамеснікі, па словах Таццяны Карнеевай, рыхтуюцца да акцыі “Ад агню да пяра” — пра шлях беларуса да сучаснага самавыяўлення ў самых розных відах пісьменства. А мы, як вядома, не толькі з наскальных ды бяроставых нататак пачыналі, але ў “дапапяровы” час і на ручніках гісторыю роду пісалі-вышывалі…

 

/i/content/pi/cult/391/7829/1-2.jpg

Побач з Домам рамёстваў — Гарадскі цэнтр культуры. Пасля таго, як 17 жніўня адкрыўся ГДК, Цэнтр прызначаны для камерных форм дзейнасці. Менавіта тут, да прыкладу, дзейнічае тэатральная зала імя Ігната Буйніцкага. На сцэне яе з нязменным поспехам выступае народны тэатр РАМЦ “Цярэшка”. Традыцыі выбітнага земляка-тэатрала доўжацца… Завяршаецца даводка фасада ўстановы. Тут пад час рэспубліканскага свята выступіць віцебскі тэатр “Лялька”, будзе дэманстравацца фільм “Знахар” паводле рамана яшчэ аднаго знакамітага земляка Тадэвуша Далэнгі-Мастовіча, мемарыяльная дошка якому ўпрыгожвае будынак народнага суда, побач з якім стаяў дом, дзе жыў пісьменнік…

/i/content/pi/cult/391/7829/1-4.jpg

Рушым да плошчы 17 верасня. Менавіта тут, насупраць ДШМ, ёсць сквер, які мае назвацца скверам славутых землякоў. Спіс прозвішчаў пераконвае, што Глыбокае зусім невыпадкова стала чарговай сталіцай чарговага Дня пісьменства. Апрача ўжо названых творцаў, глыбоцкую зямлю ўславілі пісьменнікі Вацлаў Ластоўскі, Лявонцій Ракоўскі, а таксама — ураджэнец вёскі Лужкі Элізэр Бэн-Егуда, які адрадзіў іўрыт, і фундатар Язэп Корсак, чыімі стараннямі і ўзнікла Глыбокае.. І гэта далёка не ўвесь спіс мясцовых знакамітасцей. Над бюстамі асобных з іх працуе цяпер народны мастак Беларусі Іван Міско. Галерэя ў скверы, як кажуць, займее свой працяг: праз два гады Глыбокае будзе адзначаць 600-годдзе, а значыць, сквер пабагацее на кампазіцыі…

 

/i/content/pi/cult/391/7829/1-3.jpg

Да свята рыхтуецца і Глыбоцкая дзіцячая школа імя Язэпа Драздовіча. Вобраз мастака-вандроўніка пад час Дня пісьменства ўвасобіць малады спецыяліст і выкладчык школы Уладзімір Гац.

І апошні “экскурсійны” аб’ект — нядаўна адкрыты Гарадскі дом культуры. Калі рыхтаваўся гэты рэпартаж, спецыяліст “Гроднатэамантажу” Раман Мілецкі дапамагаў гукааператару ГДК Сяргею Палякову наладзіць гука-асвятляльную сістэму з праграмным кіраваннем. Святло і гук, як і сам будынак ГДК, — сапраўды ўнікальныя…

/i/content/pi/cult/391/7829/1-5.jpg

У свяце будуць удзельнічаць усе жыхары Глыбоччыны. “Нават кветкі стануць удзельнікамі Дня пісьменства!” — запэўніла аўтар азелянення горада Нэлі Гаро. Па ўсім атрымліваецца, што сваю “Новую зямлю” Алег Морхат будзе чытаць з гонарам.

Мінск — Глыбокае — Мінск

Фота аўтара

 

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"