Апошні прыпынак “…Скарбаў”

№ 33 (1055) 18.08.2012 - 24.08.2012 г

15 жніўня ў Нацыянальным мастацкім музеі адбылося афіцыйнае адкрыццё выстаўкі “Каралеўскія скарбы: еўрапейскія шэдэўры 1600—1800” з фондаў лонданскага Музея Вікторыі і Альберта.

На ўрачыстасці прамаўлялі намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Тадэуш Стружэцкі, намеснік дырэктара Музея Вікторыі і Альберта Элізабэт Мак-Кілап і дырэктар нашага Нацыянальнага мастацкага Уладзімір Пракапцоў.

/i/content/pi/cult/391/7826/2-1.gif

Спадарыня Мак-Кілап паведаміла, што ў Мінску завяршыцца сусветнае турнэ гэтай выстаўкі, і экспанаты вернуцца ў Лондан, дзе спецыяльна для іх падрыхтавана новае экспазіцыйнае памяшканне.

Каб размясціць выстаўку з Брытаніі ў НММ, давялося часова дэмантаваць экспазіцыю мастацтва Усходу. Па словах куратара выстаўкі Святланы Пракоп’евай, экспазіцыя рабілася паводле дызайн-праекта, распрацаванага ў Лондане, але ў ёй прысутнічае элемент спантаннасці. Бо штосьці даводзілася карэкціраваць, калі экспанаты прывезлі ў Мінск.

Супрацоўнікі Нацыянальнага мастацкага музея лічаць, што гэтая выстаўка ўсталёўвае новую вышыню, новую планку ў стасунках з замежнымі партнёрамі. Фактычна, Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь такім чынам прыняты ў сусветную музейную эліту. У сваіх сценах мы прымаем мастацтва найвышэйшага кшталту. Цяпер час падумаць пра тое, чым самі здзівім свет…

Вернісаж у Нацыянальным гісторыка-культурным музеі-запаведніку “Нясвіж” адкрылі намеснік міністра культуры Беларусі Віктар Кураш, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Вялікабрытаніі ў Рэспубліцы Беларусь Брус Бакнел, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Вялікабрытаніі Аляксандр Міхневіч, ужо згаданая Элізабэт Мак-Кілап, дырэктар музея-запаведніка Сяргей Клімаў. У цырымоніі адкрыцця выстаўкі прынялі ўдзел дзеячы культуры і мастацтва, музейшчыкі і журналісты.