Праца ў рэжыме “чакаю пенсіі”

№ 33 (1055) 18.08.2012 - 24.08.2012 г

Кадравы прагноз: гісторыя ў (не)адным раёне

Выпускнікі вышэйшых і сярэдніх спецыяльных устаноў сферы культуры яшчэ ў ліпені выправіліся да першых месцаў працы. Даехалі далёка не ўсе. У бліжэйшых нумарах “К” мы прааналізуем сёлетняе кадравае становішча ва ўстановах культуры па рэгіёнах. Статыстыка па мэтавіках, завочніках і маладых спецыялістах запатрабуе, як падаецца, самага грунтоўнага асэнсавання. І тут без дапамогі спецыялістаў аддзела навучальных устаноў і працы з творчай моладдзю Міністэрства культуры краіны проста не абысціся. Згаданыя даныя, на падставе якіх і сённяшнюю кадравую сітуацыю можна ацаніць, і вызначыць нейкія прагнозы, яшчэ падсумоўваюцца. Але і без гэтага аналізу зразумела: кадры галіны старэюць, прытоку “маладой крыві”, які цалкам бы кампенсаваў працэс, няма. А руцінная праца ў рэжыме “чакаю пенсіі” не спрыяе ўдасканаленню справы. Цяпер жа мы звярнуліся ў адзін з аддзелаў, дзе “карцінка” з выпускнікамі ВНУ і ССНУ з’яўляецца характэрнай для галіны.

Міграцыйныя варыяцыі

“К” пісала калісьці пра больш-менш эфектыўныя захады аддзела культуры Чашніцкага райвыканкама па прафарыентацыі патэнцыйных работнікаў, па наладжванні іх далейшай вучобы і павышэння кваліфікацыі. І яшчэ тады газета згадвала, што “міграцыя” маладых спецыялістаў укладаецца ў нескладаную схему. Пасля навучання ў ВНУ на месцы першага працаўладкавання трывала замацоўваюцца адзінкі (збольшага пры ўмове, што малады “кадр” — мясцовы, патрэбы ў кватэры не мае). З выпускнікамі ССНУ прыблізна тыя ж варыяцыі. Праз два гады адпрацоўкі яны знікаюць, як снег увесну. Асабліва, калі паспыталі працу ў клубным “гарачым цэху”. І ўвогуле можна пазбегнуць адпрацоўкі: паступіць, скажам, у профільную ВНУ ці выйсці ў дэкрэт. Нікога з маладых тут не асуджаю. Турбуе іншае пытанне: калі праца сельскага работніка культуры стане для яго, гэтага работніка, выгаднай? Але на рытарычныя пытанні адказаў не бывае па вызначэнні…

Таму пяройдзем да канкрэтыкі. Начальнік аддзела культуры Чашніцкага райвыканкама Вольга Яскевіч кажа, што з пяці размеркаваных у рэгіён спецыялістаў працуюць на сёння толькі двое. Гэта выпускніца Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, мясцовая, якая прыступіла да выканання абавязкаў работніка ЦБС, і выкладчык ДШМ, які скончыў Віцебскае музычнае вучылішча. Дзе ж астатнія, што скончылі сярэднія спецыяльныя ўстановы? Адна сышла ў дэкрэт. Адзін паступіў у ВНУ. Лёс трэцяга Вольга Яскевіч, пераўтварыўшыся ў дэтэктыва, высвятляе. Але ў любым выпадку, як падаецца, вынікі пошукаў кадравае пытанне не вырашаць.

 

Старэем…

Дык што рабіць? Па словах начальніка аддзела культуры, сёння ў раёне 11 завочнікаў, 10 з іх навучаюцца ў ВНУ сферы. Гэтыя “мігрантамі” ўжо не стануць. Быццам бы задзел на перспектыву ёсць. І ўвогуле, больш за 90% спецыялістаў і кіраўнікоў раённай галіны (184 чалавекі) маюць вышэйшую і сярэднюю спецыяльную адукацыю. Але сярод іх — 16 пенсіянераў, 8 чалавек — перадпенсійнага ўзросту. У наступным годзе на пенсію сыдуць яшчэ 6 спецыялістаў… І калі ў ДШМ ды бібліятэках кадравы дэфіцыт не такі адчувальны, дык клубы без маладых крэатыўшчыкаў застануцца незапатрабаванымі. І гэта адна з прычын таго, што маладое насельніцтва вёсак імкнецца займець гарадскую "прапіску".

Не варта забывацца і на тое, кажа Вольга Яскевіч, што маладому спецыялісту патрэбны не толькі заробак і жыллё, але і кваліфікаваны настаўнік, які ўвёў бы ўчарашняга студэнта ў вір культурнага жыцця. Да прыкладу, маладому балетмайстру ДК, каб захаваць стаўку, неабходна “гадаваць” не менш за тры калектывы. А гуртковай дзейнасцю абавязак спецыяліста-пачаткоўца не абмяжоўваецца: трэба яшчэ і масавыя мерапрыемствы ладзіць. Не кожны вытрымлівае такую нагрузку, нават пры падтрымцы спрактыкаванага старэйшага таварыша.

 

Хваробу варта ўжо не папярэджваць, а лячыць

Дарэчы, пра пэўную бездапаможнасць учорашніх студэнтаў (няхай сабе і неблагіх тэарэтыкаў), што з галавой акунуліся ў неабходнасць штодзённай практычнай самарэалізацыі, “К” пісала шмат разоў. Нават вясковага паходжання выпускнікі баяцца сяла, як агню, бо не маюць практычнай “напрацоўкі” ў абыходжанні ні з дзецьмі, ні з пенсіянерамі, ні з людзьмі сярэдняга веку. Неаспрэчна, сістэму навучання варта ўсяляк набліжаць да жыцця. Але калі б толькі гэтым абмяжоўвалася вырашэнне дадзенай праблемы… Уражанне такое, што нашы ВНУ і ССНУ сталі для выпадковых студэнтаў сродкам для атрымання дыплома, а не свядомай падставай для сцвярджэння сябе ў якасці носьбіта і прапагандыста сапраўды нацыянальнай культуры.

Нельга скідваць з рахункаў і тое, што мясцовыя ўлады часам ставяцца да “маладой культурнай крыві”, мякка кажучы, не па-гаспадарску. І ў большасці выпадкаў спецыяліст, што здолеў пазбегнуць двухгадовай адпрацоўкі, патлумачыць сваю прафнепрыдатнасць наступным чынам: не было да мяне належнай увагі, адсутнічала добраўпарадкаванае жыллё… І ў большасці выпадкаў той малады работнік будзе таксама мець рацыю…

Як лячыць хваробу? Як паяднаць інтарэсы навучальных устаноў, што зацікаўлены ў павышэнні колькасці “платнікаў”, а не якасцю іх навучання, і рэгіянальных аддзелаў культуры, дзе сярэдні ўзрост работнікаў (без уліку пастаяннай ратацыі маладых спецыялістаў) часам безнадзейна перавышае 40-гадовы ўзрост? І ці выправіць тут становішча аптымізацыя (узбуйненне) устаноў культуры на базе аграгарадкоў? У адказах на гэтыя пытанні — не заўтрашняя, а ўжо сённяшняя эфектыўнасць галіны…

Словам, тэму кадравых прагнозаў мы працягнем у бліжэйшых нумарах.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"