Дванаццаць праз дванаццаць

№ 33 (1055) 18.08.2012 - 24.08.2012 г

“Мастакі Гомельшчыны” ў Мінску: новыя фарбы — іншае бачанне

У ліпені — жніўні ў мінскім Палацы мастацтва праходзіла выстаўка “Мастакі Гомельшчыны-2012”. Гэта звыш трохсот твораў больш як сямідзесяці аўтараў. Апошні раз падобнага маштабу культурную акцыю Палескі рэгіён ладзіў у сталіцы на мяжы стагоддзяў — дванаццаць гадоў таму. Экспазіцыя тагачаснай выстаўкі, як вынікае нават з яе паэтычнай назвы “Адвечныя Палесся далягляды”, была пабудавана ў значнай ступені на вобразах, якія традыцыйна атаясамліваюцца з Палессем. Я сказаў бы нават, што стылёва і сэнсава яна была больш звязана з памяццю эпохі сацрэалізму, чым з рэаліямі суверэннай Беларусі. Выстаўка сёлетняя ў чымсьці аб’ектыўна доўжыць тую лінію. І гэта правільна, бо нам ёсць чым ганарыцца з тых гадоў — прынамсі, якасным узроўнем мастацкай школы. Але само жыццё уносіць ў мастакоўскую палітру новыя фарбы, а галоўнае — іншае бачанне свету. Мастак сёння працуе не столькі на сацыяльную ідэю, колькі на ўласную самарэалізацыю. Шчыруючы над творам, майстар, так бы мовіць, натхняецца сваім адбіткам у люстэрку. Папярэднікі ж азіраліся наўкол…

/i/content/pi/cult/391/7820/7-4.jpeg

Сёння мастакі Гомельшчыны, як і ўсёй Беларусі, часта засяроджваюцца на фармальнай пабудове палатна, графічнага аркуша, скульптуры. Уласна пластыка і фарба разглядаюцца як самадастатковыя рэчы. Агульнай плынню стаў дэкаратывізм. Такія творы прыемна аздабляюць жыццё і ў псіхалагічным сэнсе спрыяюць пазітыўным эмоцыям.

Так гістарычна склалася, што ў мастацтве найбольш вядомыя бадай тыя палешукі, якія сцвердзілі сябе па-за межамі Гомельшчыны. Гэта народны мастак СССР Яўсей Маісеенка, народны мастак РСФСР Георгій Ніскі, народныя мастакі Беларусі Віталь Цвірка і Гаўрыла Вашчанка. Трое першых ужо належаць вечнасці...

 /i/content/pi/cult/391/7820/7-6.jpeg/i/content/pi/cult/391/7820/7-1.jpeg

Гаўрыла Вашчанка — наш класік-сучаснік. Трэба адзначыць, што, да ягонага гонару, і ў Мінску Палессе заўжды заставалася для мастака стрыжнявой тэмай творчасці. Вобразы Вашчанкавай, як прынята казаць, малой радзімы ўзбагацілі партрэтны, пейзажны, сюжэтны жывапіс Беларусі, набылі манументальнае гучанне ў роспісах грамадскіх будынкаў.

Але, пасылаючы свае таленты ў свет, Гомельшчына, як той калодзеж, з якога бяруць ваду, усё адно захоўвала свой культурны ўзровень. Сведчаннем таму з’яўляецца дадзеная выстаўка. Глядач не абміне ўвагаю творы Мікалая Казакевіча, Роберта Ландарскага, Анатоля Отчыка, Валянціна Пакаташкіна, Пятра Захарава, Віталя Дзенісенкі...

/i/content/pi/cult/391/7820/7-5.jpeg /i/content/pi/cult/391/7820/7-3.jpeg

Звыклыя і новыя вобразы Палесся мы пабачылі ў краявідах ды нацюрмортах Віктара Баранава, Аляксандра Гайлевіча, Мікалая Кухарэнкі, Віктара Ландарскага, Мікалая Кулеша, Леаніда Мельнікава. Што датычыць гэтых і іншых роўных ім па майстэрстве гомельскіх мастакоў, у творах, дзе ўвага аўтара засяроджваецца на прыродзе і матэрыяльных рэаліях, усё адно адчуваецца прысутнасць чалавека: асобы, якая сузірае свет і змяняе яго паводле свайго ўяўлення пра гармонію.

Ад прысутных на вернісажы мінскіх мастакоў я чуў высокія ацэнкі прывезенай з Гомельшчыны экспазіцыі і здзіўленне з той нагоды, што шмат імёнаў — незнаёмыя. За якое дзесяцігоддзе ў рэгіёне адбылася своеасаблівая ратацыя кадраў, і тыя, хто яшчэ нядаўна знаходзіўся ў статусе маладога мастака, годна прадстаўляюць вобласць у агульнанацыянальным культурным кантэксце. Не так даўно сталі членамі Беларускага саюза мастакоў Лізавета Аўчыннікава, Юрый Платонаў, Сяргей Ігнаценка, Наталля Чыркова, шэраг іншых маладых майстроў. І, відавочна, творчая ментальнасць і аўтарскі почырк сталі з’яваю не толькі рэгіянальнага маштабу. Экспрэсія колеру, выразны мазок, эксперыменты з формай прыцягваюць ўвагу дасведчаных гледачоў.

/i/content/pi/cult/391/7820/7-7.jpeg /i/content/pi/cult/391/7820/7-2.jpeg

Я памятаю той час, калі годную працу мастак-манументаліст і спецыялісты ДПМ маглі атрымаць толькі ў сталіцы. Толькі тут больш-менш стабільна абнаўлялася база культурных устаноў, паўставалі будынкі грамадскага прызначэння, і ўсё гэта патрабавала новых роспісаў, мазаік, вітражоў, дэкаратыўнай пластыкі. Сёння рэгіёны ў культурным плане часам могуць адчуваць сябе як мінімум роўнымі сталіцы. Прынамсі, майстры названых вышэй прафесій запатрабаваныя на Гомельшчыне. Тут сцвярджаюцца мастакі-манументалісты Уладзімір Осіпаў, Валянціна Дземянчук, Уладзімір Еўтухоў.

Вартыя ўвагі габелены Арсенія Двароніна і Ларысы Зуевай. Плённа працуюць керамісты Уладзімір Андрыянаў, Міхась Кляцкоў. Арыгінальнасцю і пазітыўнай настраёвасцю вызначаюцца кампазіцыі ў тэхніцы батыка Таццяны Отчык і Ірыны Данілавай. Ёсць што паказаць гледачу мастакам-сцэнографам Пятру Захараву і Уладзіміру Ціханаву.

Акцэнтуючы ўвагу на рысах рэгіянальнай самабытнасці ў творчасці мастакоў Гомельшчыны, ніяк не абмінеш той акалічнасці, што мастацкая школа ўсё ж такі фарміруецца ў сталіцы, дзе знаходзіцца Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў. А значыць, якім бы выразным ні быў рэгіяналізм, усё адно ён мае нейкі агульны з ўсёй краінай чыннік. А значыць, і праблемы рэгіянальнага мастацтва з’яўляюцца адбіткам праблем агульнанацыянальных. І адна з іх — брак у мастацтве моцных асоб пры наяўнасці агульнага даволі высокага ўзроўню прафесіяналізму. Я хадзіў на выстаўку “Мастакі Гомельшчыны-2012” з надзеяй сустрэць там новага Цвірку, новага Вашчанку… Не сустрэў. Шкада. Можа, такая сустрэча адбудзецца праз тузін гадоў, калі такі перапынак стане завядзёнкаю? Але, паўтаруся, гэта праблема не гомельская, але беларуская.

Падводзячы рысу пад нататкамі, адзначу, што культурная прэзентацыя Палескага рэгіёна ў Мінску стала важнай падзеяй для краіны. Выстаўка адлюстравала прыемную тэндэнцыю: рэгіёны пазбаўляюцца комплексу правінцыйнасці. У творчым сэнсе сёння мастакі Гомельшчыны нічым не саступаюць мінскім калегам.

Пасля закрыцця выстаўкі я меў гутарку з кіраўніком гомельскай абласной арганізацыі Беларускага саюза мастакоў Ларысай Зуевай. Спытаў у спадарыні Ларысы, што прынцыпова новага было на сёлетняй выстаўцы ў параўнанні з “Адвечнымі Палесся даляглядамі.”

— Апошняя выстаўка ў параўнанні з папярэдняй вызначаецца небывалай актыўнасцю мастакоў, — гаворыць Ларыса Зуева. — Мы баяліся, што ў нас не хопіць якасных твораў, каб запоўніць плошчы Палаца мастацтва. Але мастакі Гомельшчыны прадставілі такую колькасць работ, што нам давялося праводзіць адбор, конкурс, каб вызначыць самае вартае. Майстры, можна сказаць, змагаліся за права прадстаўляць Палессе ў сталіцы, за магчымасць кантакту з гледачом. Лічу вельмі важным тое, што нашым мастакам патрэбны не толькі заказчык, праз якога творца заробіць на хлеб, але і глядач. Пры адсутнасці апошняга творчасць губляе сэнс. Выстаўка ў сталіцы, што ні кажы, для мастака добры стымул. Творца заўжды хоча выйсці за межы звыклага асяроддзя.

Дванаццаць жывапісных работ з гэтай выстаўкі набыў Нацыянальны мастацкі музей краіны. Хаця б дзеля такога гонару варта было ладзіць мастацкую імпрэзу Гомельшчыны ў сталіцы. Сярод набытых работ палатно Віталя Дзенісенкі “Горад”, “Партрэт Мая Данцыга” Сяргея Ігнаценкі, “Бярозавы край” Мікалая Казакевіча, “Восень” Андрэя Крылова, “Абуджэнне” Юрыя Платонава, “Лімоны” Любові Сцяпанавай, “Усё паўтараецца” Яўгена Кір’янава. “Да ўсяго, — кажа Ларыса Зуева, — у Ігнаценкі набылі дзве карціны, а ў Крылова і Платонава — па тры. Наколькі мне вядома, апошнім часам ніводзін з рэгіёнаў не меў такога поспеху ў сталіцы”.

 

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"