Пешаходны праект

№ 33 (1055) 18.08.2012 - 24.08.2012 г

Сёлета ў Мінску з’явілася першая вуліца толькі для пешаходаў. Праект здзейснены па ініцыятыве Мінгарвыканкама. Месца для пешаходнай зоны выбрана побач з галоўным праспектам — на адрэзку вуліцы Карла Маркса ад Камсамольскай да Валадарскага.

Па словах начальніка аддзела культуры адміністрацыі Ленінскага раёна Мінска і, адначасова, куратара праекта Аксаны Нікіцінай, на сёння на пешаходнай вуліцы актыўна выступаюць з дзясятак творчых калектываў. Сярод іх — тэатр танца “Альтана”, эксперыментальны тэатр “EYE”, клуб аматараў фокусаў “Ілюзіён”. У праекце таксама задзейнічаны музычныя гурты ды салісты. Да прыкладу, на Карла Маркса ўжо выступалі ў гэтым сезоне “Рэха”, “Мутнае вока”, дуэт баяністаў-віртуозаў “Ва-банк”…

У выхадныя і святочныя дні, пачынаючы з 12 мая, на вуліцы закрываецца рух аўтатранспарту і яна робіцца вольнай для шпацыру і правядзення творчых імпрэз. Цягам дня для жыхароў і гасцей сталіцы працуюць утульныя летнія кавярні і гандлёвыя кропкі, у якіх можна набыць вырабы рамеснікаў, карціны, сувеніры і многія іншыя рэчы. Увечары пачынаецца культурная праграма. Напрыканцы традыцыйна ладзіцца барабанны перформанс і фаер-шоу.

Ахвочых паўдзельнічаць у імпрэзах, як зазначыла Аксана Нікіціна, знайшлося шмат. Маладыя артысты нарэшце атрымалі магчымасць выйсці да публікі і імкнуцца як мага больш цікава паказаць сябе і сваю творчасць. І можна ўжо цяпер адзначыць, што пешаходная зона стала традыцыйным месцам сустрэч моладзі. Калі першыя выступленні, па словах начальніка аддзела культуры, збіралі 150 — 200 гледачоў, то цяпер сюды прыходзіць нашмат больш людзей. Цягам ліпеня, да прыкладу, пешаходную вуліцу кожны выходны дзень наведвалі ад 500 да 1000 чалавек.

Куратар праекта пацвердзіла, што вуліца будзе адкрыта для пешаходаў і да святкавання Дня горада 8—9 верасня, але, магчыма, вулічнае творчае жыццё працягнецца ажно да 1 кастрычніка. Вядома, усё залежыць ад надвор’я.

Дарэчы, удзельнікам вулічных канцэртаў можа стаць любы ахвотны творчы калектыў ці асоба. Для гэтага патрэбна толькі патэлефанаваць і падаць заяўку ў аддзел культуры Ленінскага раёна. Арганізатары запрашаюць да супрацоўніцтва рамеснікаў, мастакоў, артыстаў, харэографаў і музыкаў. Падрабязнасці пра ўмовы і формы заяўкі для ўдзелу ў канцэртах размешчаны на сайце адміністрацыі Ленінскага раёна.

Алена МАЧУЛЬСКАЯ