Грувастка? Балетна!

№ 33 (1055) 18.08.2012 - 24.08.2012 г

Да 125-годдзя з дня нараджэння Марка Шагала ў Віцебскім абласным краязнаўчым музеі была зладжана выстаўка “ПереJEWание” пецярбургскіх мастакоў, якія прытрымліваюцца ў сваёй творчасці запаветаў вялікага Майстра.

/i/content/pi/cult/391/7816/9-1.jpegНазва выстаўкі “пераліваецца-перагукаецца” рознымі сэнсамі і адценнямі. З аднаго боку, яна быццам бы акцэнтуе перажыванне як эмацыйны складнік мастацтва. З іншага, спалучэнне розных моў, падкрэсленае рознымі шрыфтамі, стварае аўру гэткага “пераўвасаблення”. Нарэшце, само слова “jew”, што ўпісана ў цэнтр назвы па ўсіх законах сіметрыі (злева і справа — акурат па чатыры літары), перакладаецца з англійскай мовы як “яўрэй”. І “прыхавана-зашыфравана” выдае яшчэ адну задачу выстаўкі: паказаць мастацтва яўрэйскіх мастакоў, якія жывуць у Санкт-Пецярбургу і адчуваюць сябе нашчадкамі тых мастацкіх традыцый, што закладаліся ў Віцебску на пачатку ХХ стагоддзя.

Цяперашняя выстаўка — гэта каля 40 работ, выкананых у розных тэхніках: скульптура, у тым ліку з элементамі інсталяцыі, кераміка, жывапіс — таксама рознастылёвы, з выкарыстаннем змяшаных тэхнік. “Успамін пра Шагала” Давіда Плаксіна, “Быкі: чырвоны і чорны” Міхаіла Звягіна — гэта шагалаўскія вобразы, пададзеныя скрозь прызму Малевіча, з выкарыстаннем ідэй супрэматызму, у аснове якіх — зварот да простых колераў і простых фігур, што блізка сучаснаму дызайну. Быццам з тых жа малевічаўскіх “квадратаў” адліта і кераміка Святланы Шавінай. Паэтыкай Дабужынскага, блізкай Сярэбранаму стагоддзю, літаральна дыхаюць разнастайныя відарысы Ірыны Разумоўскай, выкананыя не толькі тэмперай на кардоне, /i/content/pi/cult/391/7816/9-2.jpegале і разцом па камені.

Выстаўлены і грувасткія скульптурныя кампазіцыі, выкаваныя з металу, нават паржавелага. “Кокан” і асабліва “Стварэнне” Канстанціна Бяньковіча, зробленыя ў гэтай тэхніцы, раптам нагадалі… дэкарацыі Яўгена Лысіка да аднайменнага балета Валянціна Елізар’ева. І быццам “прыадкрылі” яшчэ адзін філасофскі сэнс гэтага цудоўнага спектакля, нябачны раней за харэаграфіяй. Узнікла і яшчэ адна думка — пра… “Рускія сезоны ў Парыжы”, што ледзь не ўпершыню вывелі сцэнаграфію на высокую мастацкую прыступку ў балеце — замест звыклай “фонавай”, “акампануючай”, функцыі.

Шкада толькі, выстаўка аказалася не такой маштабнай, як гэта было з ранейшымі выстаўкамі ў час “Славянскага базару…”. Бо думак пра сінтэз мастацтваў, што заўсёды было “фішкай” гэтага фестывалю, магло б быць больш…

Аляксей СВЕЦІЧ

Фота Андрэя СПРЫНЧАНА