Навошта музыканту філасофія?

№ 33 (1055) 18.08.2012 - 24.08.2012 г

Доктару філасофскіх навук, прафесару Арыядне Ладыгінай споўнілася 85. Юбілей яна адзначыла выхадам кнігі — “Ад скрыпкі да эстэтыкі: старонкі жыцця”.

/i/content/pi/cult/391/7813/8-3.jpegКалісьці з-пад яе пяра выходзілі грунтоўныя навуковыя працы, безліч рэцэнзій, музычна-крытычных артыкулаў, якія пазней склалі зборнік, што адлюстроўвае культурнае жыццё Мінска другой паловы ХХ стагоддзя. Некалькі гадоў таму яна выдала ўнікальную па жанры і змесце манаграфію, прысвечаную жыццю і творчасці легенды беларускай оперы, — дакументальна-тэатральны раман “Ларыса Пампееўна Александроўская”.

Цяперашняя кніга, “нясціпла” адзначаная двума рознаўзроставымі партрэтамі аўтара — дзяўчынкі са скрыпкай і навукоўцы за кафедрай, не менш “мудрагелістая” па сваім жанравым азначэнні. Бо гэта не звыклыя мемуары, як можа падацца на першы погляд, хаця ўсе артыкулы ў той ці іншай ступені аўтабіяграфічныя. І не просты зборнік, хаця некаторыя з яго артыкулаў ужо публікаваліся (праўда, у куды больш сціслых варыянтах) у нашых і расійскіх часопісах. Аўтар вызначае жанр як “мемуарная публіцыстыка”, і асабіста я закцэнтавала б тут менавіта апошняе слова.

Публіцыстычным духам, у той ці іншай ступені, прасякнуты літаральна кожны радок, і ў цэнтры аповеду, як ні дзіўна, нязменна аказваюцца не аўтар, сваякі і сябры (між іншым, што ні асоба — сапраўдныя героі свайго часу, вядомыя прадстаўнікі мастацка-тэхнічнай інтэлігенцыі), а філасофска-культурная праблематыка эпохі і тыя яе аспекты, што мелі грамадскі розгалас і, галоўнае, засталіся актуальнымі дагэтуль.

Шмат старонак адведзена ідэям пераемнасці мастацтва і іх незалежнасці ад змен грамадскага ладу, развагам пра тое, навошта дзеячам культуры філасофскія дысцыпліны, прычым ва ўсёй размаітай палітры іх гістарычнага развіцця, і навошта тая ж опера — інжынерам. Неацэнны сёння і вопыт фарміравання ды далейшага развіцця кафедры філасофіі ў Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі (пазней — Акадэміі музыкі), абагульнены скрозь прызму творчых і арганізацыйных пытанняў, з якімі аўтар сутыкалася ў час выкладання і кіравання. Надзвычай карысныя і абагульненні, звязаныя з рознымі скрыпічнымі методыкамі, пададзенымі праз успаміны пра Аляксандра Вівьена, Вікенція Зайца, Льва Цэйтліна.

А колькі, аказваецца, “дэтэктываў” схавана ў гісторыі нашай Акадэміі навук! Тое, што яшчэ некалькі гадоў таму было, што называецца, ва ўсіх на вуснах, сёння аказваецца забытым. Далёка не ўсе, да прыкладу, ведаюць трагічную гісторыю навуковых адкрыццяў і раптоўнай смерці кандыдата мастацтвазнаўства Ігара Благавешчанскага, выключанага з Беларускага саюза кампазітараў. Не менш “загадак”, што патрабуюць падрабязных каментарыяў, утойваюць і асабістыя лісты, праз якія аўтар, зноў-такі, выходзіць на гістарычныя падрабязнасці творчага жыцця таго ж Тэатра імя Янкі Купалы і многія забытыя сёння імёны куміраў. У выніку і атрымліваецца непарыўная повязь “філасофіі музыкі і музыкі філасофіі”, апрабаваная часам.

 

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"