Еўрарамонт Ржэўскага

№ 33 (1055) 18.08.2012 - 24.08.2012 г

Як не ступіць на вілы ў вадэвілі

Прэм’ера “пад заслону сезона” стала ў нашых тэатрах ужо ледзь не традыцыяй. Вось і ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры паставілі “Сапраўдную гісторыю паручніка Ржэўскага”. Праўда, паказаць паспелі ўсяго раз. Другі спектакль, што ішоў днём пазней, быў “закрытым” — як святочнае мерапрыемства адной з устаноў. Таму — рыхтуйцеся да новага сезона!

/i/content/pi/cult/391/7812/8-1.jpeg

“Гусарскі вадэвіль” расійскага кампазітара Уладзіміра Баскіна, “свежаспечаны” да 200-годдзя вайны 1812 года, дагэтуль быў увасоблены ўсяго аднойчы, ды і тое — у драматычным тэатры, з вялікімі музычнымі скарачэннямі. А ў нас, наадварот, яшчэ і з пашырэннем. Для Наталлі Гайда, размеркаванай на партыю маці Ржэўскага, быў замоўлены дадатковы нумар — гэткі лірычны “партрэт” з марамі пра каханне, што давала магчымасць правесці яшчэ адну любоўную лінію. Прыехаўшы на прэм’еру, і кампазітар, і адзін з трох лібрэтыстаў Алег Солад засталіся ўражанымі і задаволенымі. Пры гэтым сама п’еса, зробленая па аднайменным телесерыяле са сцэнарыем тых жа аўтараў, прайшла значнае рэдагаванне, ажыццёўленае галоўным рэжысёрам тэатра Сусаннай Цырук.

Прызнацца, паспела пазнаёміцца з дасланым у тэатр літаратурным і музычным матэрыялам яшчэ да таго, як пачалася над ім праца. Хіба што партыі ўжо былі размеркаваны, і кампазітара запрасілі ацаніць зроблены рэжысёрам выбар. Той, пазнаёміўшыся з артыстамі, літаральна прыйшоў у экстаз: такая моцная трупа ды партыі аказаліся нібыта “пашытымі на замову”. Я ж, наадварот, была ў роспачы: калі ставіць спектакль, не парушаючы “аўтарскай волі”, асабліва ў п’есе, дык можа атрымацца штосьці, разлічанае далёка не на самыя патрабавальныя густы: крыху меладрамы, двухсэнсоўнасць гумару, што б’е “ніжэй пояса”, рамантызаванае стаўленне да былых ваенных дзеянняў, апісаных адно скрозь перамогу, якая ап’яняе хутчэй за віно. Да таго ж, сам зварот да такога традыцыйна “вадэвільнага” прачытання гістарычных падзей пакідаў “па-за дужкамі” надзвычай трагічны лёс беларусаў, выкліканы той вайной: нашы тэрыторыі былі разрабаваны і адным і другім бокам, пасля баявых дзеянняў канчаткова знікла былая заможнасць магнатаў... І мы з усяго гэтага — адно смяёмся?

Адзінае, што пакідала надзею, — магчымасць паставіць спектакль як пародыю на аперэтачна-вадэвільныя штампы. Але ж ці зразумее такі ход публіка? Бо ўжо само імя Ржэўскага ў назве прыцягне ўвагу, найперш, людзей старэйшага ўзросту, якія прыйдуць паглядзець гусарскія подзігі на любоўным фронце і, вядома, парагатаць, а не шукаць мяжу між фрывольнымі жартачкамі і парадыйным высмейваннем тэатральных атавізмаў. Насцярожвала і тэлерэклама: бадзёрае нахвальванне спектакля суправаджалася фотаздымкамі яго герояў у… надзіва “лубочных” касцюмах, нібы пазычаных з інсцэніровак рускіх казак, ажыццёўленых у савецкія часы.

/i/content/pi/cult/391/7812/8-2.jpeg

Не асабліва пераканала мяне і папярэдняя прэс-канферэнцыя, дзе, адпаведна жанру, панавала эйфарыя. Але ўзрадавала тое, што спраўна быў пераняты вопыт Свярдлоўскага тэатра музкамедыі, што нядаўна гастраляваў у нас: анансаванне было аздоблена музычнымі фрагментамі. Неадназначныя пачуцці выклікала і ўласна “запрашэнне на прэм’еру”, створанае ў тэатры непасрэдна перад паказам спектакля. На ўваходзе гледачоў частавалі… гарэлкай і лустачкай хлеба з салам ды салёным агурком (ноу-хау таксама было перанята ад гасцей, толькі ў тых на заключным гала-канцэрце разлівалі шампанскае). А тым часам у фае салістка тэатра Лідзія Кузьміцкая і яе муж, знаны гітарыст Ігар Кузьміцкі, давалі міні-канцэрт рускіх рамансаў. Падумалася: няўжо і ўвесь спектакль будзе спалучэннем “сальна-салёнай” бравады і рамансавай лірыкі?

Ажно не, з п’есы былі выкінуты ўсе сумнеўныя жартачкі і нават намёкі. Дзякуючы гэтаму яшчэ больш відавочнай стала прафесійнасць драматургіі і тэкстаў (праўда, у некаторых вершах сустракаюцца не самыя прыдатныя для спеваў спалучэнні, што часам “з’ядае” дыкцыю, сапсаваную гукарэжысурай). Пры тым, што музыка складзена з папраўдзе “забойных”, але ўжо не раз апрабаваных прыёмаў, у партытуры пад кіраўніцтвам дырыжора-пастаноўшчыка Юрыя Галяса на першы план выйшлі менавіта цікавыя элементы. Хаця, крыху адцягнуўшы прэм’еру, штосьці можна было б карэкціраваць. Да прыкладу, замовіць лірычны “партрэтны” нумар салісту Андрэю Марозаву з яго оперным бас-барытонам. Тады раптоўная згода графа Базарава, бацькі Наталі, ажаніцца з маці Ржэўскага не ўспрымалася б такой нелагічнай. А калі ўжо баяліся, што гэта расцягне і без таго немалы хранаметраж, дык скараціць можна было б — хаця б сцэну ў лазні.

Агульнай імклівасці тэмпарытму, прафесійна зададзенай рэжысурай і энергетыкай артыстаў, спрыяе і харэаграфія Алены Дзмітрыевай-Лаўрыновіч. Чаго каштуе хаця б танга ў ложку! Бездакорная “разводка” персанажаў, шматлікія цікавыя прыдумкі ў мізансцэнах маглі б яшчэ больш папоўніцца дробнымі псіхалагічнымі дэталямі. Але і ў цяперашнім выглядзе спектакль упрыгожваюць цудоўныя спеўна-акцёрскія работы. Літаральна кожная партыя — на ўзроўні творчай знаходкі. У спектаклі пануе ўзвышаная рамантызаванасць. А як іначай, калі Ржэўскі (Алег Прохараў) насамрэч аказваецца адналюбам? Нават прыгонная Глафіра, якой у п’есе не шкадавалі сялянскай “сакавітасці”, у выкананні Вікторыі Жбанковай-Стрыганковай становіцца куды больш інтэлігентнай, што, дарэчы, дапамагае паверыць у яе далейшы шлюб з апантаным навукоўцам-вынаходнікам Сакаловым, якога феерычна ўвасабляе Дзяніс Нямцоў.

Маргарыта Александроўская ў ролі колішняй прымадонны Панінай — вяршыня найтонкай пародыі. Артыстка іграе без аніякага націску, быццам абсалютна ўсур’ёз — так, як яна звычайна іграе сваіх лірычных гераінь. І вынік пераўзыходзіць усе чаканні: замест крыўляння, чым традыцыйна надзяляюць падобных вадэвільных персанажаў, — жаноцкасць і шарм, якія толькі падкрэсліваюць усю нягегласць некаторых сітуацый, занадта “тэатралізаваных” жэстаў і размоўнай манеры. Надзвычай яркі вобраз Паніна, таксама схільнага да тэатралізаванасці (толькі ў выглядзе “тэатра ваенных дзеянняў”), стварае Аляксандр Крукоўскі. Надзвычай супярэчлівым, але абаяльным нават у сваіх “подласцях” паўстае Абаленскі (Віктар Цыркуновіч). Псіхалагічныя абгрунтаванні некаторых учынкаў сваіх гераінь наканавана знайсці маладым салісткам Святлане Карнялюк (Таццяна) і Алене Гаўрылавай (Наталі), для якіх спектакль стаў “вялікім дэбютам”.

Але што канчаткова парушае “рамантычную ідылію”, дык гэта сцэнаграфія і святло. Аляксей Тарасаў з Расіі прапаноўвае стылістыку сучаснага дызайну. Па маёнтку Ржэўскіх быццам прайшліся еўрарамонтам, прысядзібныя кусты нагадваюць эмблемы-лагатыпы, што жудасна не стыкуецца з рамантызавана фантазійнымі, умоўна стылізаванымі строямі (асабліва жаночымі), любоўна распрацаванымі Любоўю Сідзельнікавай. Незразумелым застаецца цёмны фон (так званы “чорны кабінет”), падсвечаны пражэктарамі з закулісся. Не хапае святла і ў сцэне балю-карнавалу, з-за чаго тая выглядае хіба самадзейнасцю. Можа, менавіта гэтыя “вілы”, ад якіх вадэвіль не ўвільнуў, і былі галоўнай пастаноўчай ідэяй? Але радасць у змрочным атачэнні не чытаецца ні як светлая туга, ні як іронія.

 

Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"