Панарама роляў Багдана Ступкі

№ 44 (810) 03.11.2007 - 09.11.2007 г

Адным з чаканых гасцей сёлетняй “Панарамы” стаў народны артыст СССР і Украіны Багдан СТУПКА, улюбёнец як зацятых тэатралаў, так і кінаманаў. Як мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Івана Франка, на фестывальнай сцэне ён прадставіў эксперыментальны спектакль “Саламія”, у якім сам, дарэчы, не заняты, — дарогу маладым. Але затое ён шмат сустракаўся з нашымі прыхільнікамі ягонага таленту, у тым ліку і з будучымі акцёрамі і рэжысёрамі — студэнтамі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, з гумарам разважаючы пра акалічнасці акцёрскай прафесіі, і не толькі. Багдан Сільвестравіч, дарэчы, з удзячнасцю ўзгадаў, што дыплом тэатразнаўцы ў 1987-ым годзе ў Кіеўскім тэатральным інстытуце імя Карпенкі-Карага яму падпісаў і ўручыў... “наш” доктар мастацтвазнаўства Анатоль Вікенцьевіч Сабалеўскі, 70-гадовы юбілей якога мы адзначалі сёлетняй вясной.

/i/content/pi/cult/135/781/Stupka.jpg 
Праўда мастацтва
— Я вучыўся доўга — калі ўсё скласці, атрымліваецца ажно семнаццаць гадоў! Таму, відаць, маю ў тэатральных справах надзвычай глыбокія веды...У 1959 — 1961 гг. я скончыў студыю пры Львоўскім тэатры імя Марыі Занькавецкай. Там, будучы студэнтам другога курса, сыграў у п’есе пра першы палёт у космас — “Фауст і Смерць” Лівады. Паводле сюжэта, першы касманаўт павінен быў разбіцца. А я іграў робата Механтропа, хаця тады яшчэ ніхто не ўяўляў сабе, што такое робат. Два героі п’есы касманаўты Вадзім і Яраслаў — канкурыравалі паміж сабой. Вадзім стварыў Механтропа — робата, які з дапамогай біятокаў адчувае ўсё, што думае яго гаспадар. I калі ў космас адправілі Яраслава, а не Вадзіма, апошні пачаў раўнаваць. Гэта адчуў Механтроп, які рыхтаваў карабель, і ён “крыху не дакруціў” вінцік... Першы касманаўт разбіўся, а калі Вадзім запытаўся, хто гэта зрабіў, Механтроп адказаў яму: “Ты! Таму што зайздросціў”.
Апошні спектакль на Днях украінскай культуры ў Маскве. Вадзім трымае ў руках свой альфа-апарат з промнем, якім ён у фінале знішчае Механтропа. А на мне былі акуляры. I раптам шкло з іх вылятае, б’е мне ў вока, і я адчуваю на вуснах кроў... Мы падаем крыж-накрыж. I перада мной у некалькі секунд праходзіць літаральна ўсё маё жыццё. Ляжу і думаю: “Каго ж я буду іграць з адным вокам? Ну, Кутузава... Адмірала Нельсана...” Налічыў тры ролі... I пасля гэтага выпадку вельмі палюбіў фільм “Ляцяць жураўлі” — там гэтае адчуванне перададзена надзвычай дакладна.
Ігралі гэты спектакль роўна да 12 красавіка 1961 г. А потым нам сказалі: раз Гагарын вярнуўся са свайго першага палёту жывым, спектакль больш іграць не трэба.

Семнаццаць імгненняў...
—3 лічбай семнаццаць у мяне шмат звязана. Гэта не толькі семнаццаць гадоў маёй вучобы ва універсітэце — так атрымалася з-за таго, што я актыўна здымаўся ў кіно, але тагачасны рэктар Лідзія Канстанцінаўна Бялецкая давала мне “шанц” і не адлічвала. Роўна семнаццаць месяцаў я працаваў на пасадзе міністра культуры Украіны. Мне падабалася іграць ролю міністра культуры! Але калі я ўжо “ў чыне” прыйшоў у тэатр на спектакль, дзе іграў Тэўе-малочніка, адчуў раптам, што калегі-артысты, з якімі яшчэ ўчора ў нас былі цёплыя і прыязныя адносіны, раптам неяк дзіўна сталі сябе паводзіць. “Што здарылася?” — пытаюся, а яны мне адказваюць: “Не ведаем, як з вамі цяпер размаўляць, Багдан Сільвестравіч”. Але ж я не змяніўся!
Якімі справамі, здзейсненымі на пасадзе міністра культуры, я ганаруся? Найперш, тым, што ўвёў Украіну ў праграму венецыянскіх біенале. Зрабіць гэта было надзвычай складана: так, яшчэ ў 1911 г. наш цукразаводчык Цярэшчанка зрабіў там выставачны павільён, але ж з развалам Савецкага Саюза павільён перайшоў ва ўладанне Расіі. Неабходна было штосьці прыдумваць, асабліва з улікам таго, што фармат біенале менш за ўсё нагадвае звыклую выстаўку жывапісу, гэта найперш інсталяцыі. Нашы творцы прапанавалі праект: лепшыя “мастакі” XX ст.— Молатаў і Рыбентроп — малююць на карце Еўропы граніцы. Альбо быў яшчэ адзін варыянт, прысвечаны ідэі павярнуць рэчкі назад. Генеральны дырэктар біенале сказаў: “Украіна будзе на першым месцы”. Але “традыцыяналісты” ад культуры пачалі абурацца, гаварыць, што трэба паказаць “сапраўдную” Украіну. У выніку ў Венецыі перад уваходам у парк раскінулі палатку, у ёй паставілі тыны-пералазы, на якія павесілі гаршкі, і гэтак далей... Я не прыхільнік такога прымітыўнага прадстаўлення нашай краіны. Але ўсё роўна ганаруся тым, што Украіна выехала ў Венецыю.
Другое, што я зрабіў на гэтай пасадзе добрага, — выдаў указ, згодна з якім у кожны апошні чацвер месяца студэнты ўсіх навучальных устаноў, пачынаючы ад тэхнікумаў і заканчваючы ВНУ, салдаты тэрміновай службы і пенсіянеры маюць права на бясплатны ўваход на ўсе відовішчныя мерапрыемствы.
I трэцяе: Львоўскі тэатр Марыі Занькавецкай, у якім я вырас і вучыўся, я перавёў у статус нацыянальнага тэатра. Статус даваў магчымасць атрымліваць добрую зарплату. Таму што ў перыферыйных тэатрах на той час былі надзвычай мізэрныя заробкі, а людзі, якія там працуюць, — сапраўдныя майстры.

Лесь Курбас
— Я папрасіў намаляваць мне партрэт Леся Курбаса — геніяльнага ўкраінскага творцы, рэжысёра, рэфарматара. У Харкаве, які ў трыццатыя гады мінулага стагоддзя быў сталіцай Украіны, вынеслі смяротны прысуд яго творчасці, і тады ў 1933 г. яго запрасіў да сябе ў Маскву Саламон Міхоэлс. Яго прымаў Мейерхольд, і пасля аднаго са спектакляў ён выйшаў на авансцэну і папрасіў даць святло пражэктара ў залу: “Там сядзіць вялікі рэжысёр Лесь Курбас”. Працаваў Курбас у яўрэйскім тэатры, якім кіраваў Міхоэлс, у яго ж у камуналцы ён і жыў. Пазней я сустракаўся з дочкамі Міхоэлса, яны цудоўна памятаюць Леся Міхайлавіча. А мне пра яго вельмі шмат расказваў украінскі паэт Мікола Бажан, які ў свой час быў адным з апошніх украінскіх інтэлігентаў-магікан. Ён распавядаў, як яны з Курбасам штодня сустракаліся ў Маскве на адным і тым жа месцы роўна ў 17.00. Але аднойчы ён прыйшоў, а Курбаса няма. Пачакаў гадзіну, другую, пабег да Міхоэлса, а той і кажа: “Раніцой забралі...” Спачатку — на Беламорканал, потым — на Салаўкі... А 3 лістапада 1937 г. на Салаўках “у гонар” 20-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі было расстраляна больш за тысячу чалавек. Сярод іх — і Лесь Курбас...

Жыццё маё — кінематограф
— Здымацца ў кіно я пачаў яшчэ ў час вучобы — з-за пастаяннай занятасці я і вучыўся гэтак доўга. Мой першы фільм— “Белая птушка з чорнай пазнакай”. А адзін з апошніх фільмаў — “Тарас Бульба” рэжысёра Бартко, у якім я, натуральна, іграю Тараса. Напачатку, калі здымкі толькі пачаліся, мяне апанаваў комплекс: як жа іграць Тараса Бульбу, калі я зусім на яго не падобны? Я не такі тоўсты, якім Бульбу намаляваў Рэпін. Ды і ў Гогаля на гэты конт напісана: “дваццаць пудоў”. Пачаў лічыць — атрымалася ажно 320 кілаграмаў! Думаю, гэткі ж Бульба, напэўна, і хадзіць ужо не можа! I— супакоіўся, хаця вагі ўсё ж давялося крыху набраць. Здымкі гэтыя былі надзвычай складаныя і доўжыліся ажно восем месяцаў. Здымалі ў Камянцы-Падольскім. Лета, саракаградуснае пекла, а я ў кальчузе, ботах, у каракулевай шапцы...Маладыя хлопцы атрымлівалі сонечныя ўдары, а мяне якраз гэтая шапка і ратавала. Два разы мяне ледзь не затаптаў конь. Дзякуй каскадзёрам, якія мяне накрылі і гэтым проста-такі выратавалі маё жыццё. I калі скончыліся здымкі, я ўпаў на зямлю і пацалаваў яе...
А зараз заняты ў фільме “Іванаў” паводле чэхаўскага твора. Іграю Лебедзева. Рэжысёр фільма — Барыс Дубравіцкі, у якога ў трылогіі Сухава-Кабыліна я сыграў Варавіна, а маім партнёрам у ролі Мурамскага быў бліскучы Аляксей Пятрэнка. Працаваць з ім адна асалода. Мы, як дзеці, хацелі “перайграць” адзін аднаго, і, адзначаючы нейкі добры момант у ігры свайго партнёра, стараліся “не адстаць”.
А ў перапынках паміж здымкамі пелі рускія і ўкраінскія песні, таму што мастацтва не мае межаў і належыць усяму чалавецтву, не зважаючы на тое, на якой мове ты іграеш. Я б, дарэчы, — у якасці мары калі б меў шмат грошай, хацеў бы ездзіць па свеце, і аднаго разу завітаць на Беларусь, вывучыць беларускую мову і сыграць у якім-небудзь спектаклі разам з вашымі акцёрамі, хаця б і эпізадычнага персанажа.
Тым больш, што тут, у Купалаўскім тэатры, працуе мой даўні сябра Арнольд Памазан, з якім мы разам вучыліся ў студыі пры тэатры Занькавецкай. У нас быў дыпломны спектакль “Горад на досвітку” Арбузава, дзе я іграў адмоўную ролю, а ён — станоўчага хлопца, начальніка будоўлі. 3 самага пачатку маёй кар’еры я быў “адмоўным” і іграў толькі нягоднікаў.
Але ж у савецкай драматургіі якраз яны давалі магчымасць разгарнуцца, бо, у адрозненне ад “плоскіх” станоўчых герояў, былі лепш выпісаны. Толькі нашмат пазней, калі я сыграў добрага чалавека Міколу ў “Скрадзеным шчасці”, усе сказалі: у яго ж станоўчае абаянне!
На жаль, сучасны стан украінскага кінематографа ў мяне не выклікае задавальнення. Раней, у часы СССР, на кінастудыі Даўжэнкі здымалі па дваццаць пяць карцін на год! Але самае галоўнае — мы мелі сваіх, выгадаваных у нас кінаакцёраў. Сёння нашы кінематаграфісты спрачаюцца, шукаюць ісціну. А яна, гэтая ісціна, у тым, што неабходна здымаць фільмы. Павучальны прыклад Расіі: так, сёння там вельмі шмат здымаецца слабых фільмаў, але ж побач з імі з’яўляюцца і насамрэч таленавітыя! Ды нават для таго, каб здымаць добрае, якаснае сярэдняе кіно, неабходна быць майстрам!

Акадэмізм і эксперымент
— Я не разумею, што такое “рамкі акадэмічнага тэатра”. Калі тэатр акадэмічны — гэта не значыць, што ён кансерватыўны. На эксперыменты неабходна ісці (хаця я і не прыхільнік радыкальных крайнасцей) абавязкова — без іх няма прагрэсу. Мне паказалі вашу Нацыянальную бібліятэку — гэта ж проста цуд! У нас такой няма. Ды што ў нас — вы “ўцерлі нос” усім краінам былога Савецкага Саюза! Вось вам прыклад эксперыменту.Эксперыменты,пошукі і спробы чагосьці новага толькі абагачаюць артыста. А што да існавання традыцый нацыянальнага тэатра... Амаль класічны прыклад такога кансерватызму — “Камедзі Франсэз”: ідзе час, мінаюць стагоддзі, яны ўсё берагуць традыцыі, а я як глядач ужо не разумею, што гэта за традыцыі. У тэатры існуе адзіная традыцыя, якую варта аберагаць, — гэта маральная атмасфера, атмасфера творчасці. Паглядзіце, што сталася з піцерскім БДТ? Яны ўсё бераглі традыцыі Таўстаногава, а ў выніку ў што ператварыўся тэатр?.. У тэатры ўсе жанры добрыя, акрамя сумнага. А таму ставіць тут нейкія межы — неразумна.
У нас у тэатры Івана Франка ідзе спектакль “Шакантула” паводле індыйскага эпасу. Напачатку, калі ўзнікла прапанова аб яго пастаноўцы, многія ў тэатры сумняваліся, казалі: навошта на ўкраінскай сцэне індыйскі эпас, як яго ўспрымуць гледачы?.. Але я сказаў: у 1918 г. Курбас хацеў паставіць гэты твор, ім жа адкрываўся Камерны тэатр Таірава ў Маскве. Няўжо яны былі неразумнымі людзьмі? I калі мы зрабілі гэты спектакль, глядач успрыняў яго “на ўра!”.
Ці ўзяць нашу “Наталку-Палтаўку”— здавалася б, што можна цікавага знайсці ў гэтым класічным творы з музыкай Лысенкі? Але мы не сталі яго “перакройваць”, бо хацелі прадставіць гледачам менавіта ў класічным варыянце. Толькі крыху “ссунулі” па тэмпарытме музыку, запрасіўшы для гэтага нашага знанага ў маладзёжных колах музыканта Алега Скрыпку з “Вопляў Відаплясава”, які не перапісваў партытуру, а толькі крыху асучасніў яе. У выніку атрымаўся культавы маладзёжны спектакль, музычныя нумары з якога спявае ўвесь Крашчацік!
Якім мне ўяўляецца нацыянальны тэатр? Я лічу, што на яго сцэне павінен ісці ўвесь найлепшы рэпертуар свету, усё лепшае, што было створана за стагоддзі існавання тэатра. Але ж пры гэтым неабходна памятаць і пра ўласныя сцэнічныя традыцыі. Як японцы, якія шануюць тэатр Ноо — элітарны тэатр XVI ст. — і не дазваляюць аніякіх яго трансфармацый. Было б, напэўна, цікава стварыць і асобны тэатр украінскай класікі — думаю, знайшлося б нямала прыхільнікаў і сярод гледачоў, ды і драматургічнага матэрыялу стае. Нацыянальная культура — багатая!

Занатавала Таццяна КОМАНАВА
Фота Дзмітрыя ЕЛІСЕЕВА