Кастынг на кулінарную сталіцу

№ 33 (1055) 18.08.2012 - 24.08.2012 г

Мотальская каўбаска — прынада для госця

На два дні мінулых выхадных вёска Моталь Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці ператварылася ў кулінарную сталіцу Палесся ды, бадай, і ўсёй краіны. Балазе, пакаштаваць тут сапраўды было што! Нядзеляю ў паселішчы можна было ўбачыць доўгія чэргі па мясцовыя каўбасы, сыры, рыбу і пірагі, а крыху далей уздоўж галоўнай вуліцы ўсіх гасцей свята чакалі гаспадыні, якія шчодра частавалі сваімі блінчыкамі з тварагом і яблыкамі, дранікамі, кашамі, пірагамі… Вочы проста разбягаліся ад гэтых прысмакаў і ад жадання ўсё пакаштаваць. Ці хаця б — панадкусваць, як у тым анекдоце.

/i/content/pi/cult/391/7808/12-1.jpeg

Знакавы кулінарны фэст стаўся ўжо, без перабольшання, сапраўдным брэндам вобласці. І тое цалкам невыпадкова, бо кіраўнік Брэстчыны Канстанцін Сумар надае вялікую ўвагу развіццю сацыякультурнай сферы рэгіёна. Губернатар, дарэчы, прыняў удзел і ў фэсце “Мотальскія прысмакі”, прайшоўшыся па гандлёвых радах мястэчка і выступіўшы на адкрыцці свята.

Па словах Канстанціна Сумара, “Мотальськія прысмакі” не толькі даюць магчымасць пазнаёміцца з унікальнай палескай кухняй і ацаніць напоўніцу смак шматлікіх прадстаўленых тут страў, але і знаёмяць беларусаў ды замежнікаў з багатай традыцыйнай культурай народа. І, па перакананні старшыні аблвыканкама, фэст у Моталі з кожным годам будуць наведваць усё больш і больш турыстаў з розных краін свету.

Да слова, карэспандэнту “К” неаднойчы давялося чуць у гэты дзень на вулачках Моталя не толькі родную мову, а таксама палескую гаворку, але і ўкраінскую, польскую, нямецкую мовы. Так што ўжо цяпер “Мотальскія прысмакі” зрабіліся прыцягальнай падзеяй для гасцей з замежжа.

Сёлетні фэст, як і ўсе ранейшыя, быў зладжаны пры фінансавай падтрымцы як раённых, так і абласных улад. І гэта — не адзіная падобная акцыя, падтрыманая арганізацыйна і фінансава кіраўніцтвам Брэстчыны, заўважыла карэспандэнту “К” начальнік упраўлення культуры аблвыканкама Тамара Паўлюковіч.

/i/content/pi/cult/391/7808/12-2.jpeg

— Мы і далей будзем ладзіць такія аграфестывалі, прыцягваючы да ўдзелу ў іх уласнікаў аграсядзіб, — зазначыла яна. — Ды і ўвогуле, пастаянна імкнёмся паказаць нашу традыцыйную культуру. Так, днямі ў вёсцы Гарадная Столінскага раёна прайшоў міжнародны пленэр ганчароў, а яшчэ раней — міжнародны семінар па пытаннях развіцця традыцыйных рамёстваў… Падобную працу працягнем, натуральна, і найдалей.

Пры такой увазе шматлікіх айчынных і замежных гасцей Моталь цягам двух дзён літаральна патанаў у безлічы мерапрыемстваў. У паселішчы ў гэтыя дні можна было не толькі наесціся, што называецца, “ад пуза”, але і прыдбаць упадабаны лазовы кошык ці сплецены пояс, павучыцца з дапамогай ганчара з Гарадной ляпіць збаночкі або паспрабаваць ткаць на сапраўдным варштаце…

Не магу не адзначыць і той факт, што на фэсце было прадстаўлена шмат разнастайнай сувенірнай прадукцыі, у тым ліку — з сімволікай фестывалю. Кепкі, майкі, талеркі, кубкі, невялічкія сцяжкі і магніты з эмблемай “Мотальскіх прысмакаў” раскупляліся ў міг вока. А яшчэ адной важнай навіной сталася інфармацыя пра тое, што пры дапамозе спонсарскіх сродкаў у мясцовым Доме культуры адкрыўся Цэнтр устойлівага развіцця аграэкатурызму і сельскага прадпрымальніцтва. Установа будзе аказваць інфармацыйныя паслугі насельніцтву, у прыватнасці, па пытаннях стварэння аграсядзіб, а таксама прадастаўляць турыстам даведачную інфармацыю пра адметнасці Моталя.

Па папярэдніх і самых сціплых падліках, у мерапрыемстве прынялі ўдзел ніяк не менш за сем тысяч чалавек. Як заўважыў “К” начальнік аддзела культуры Іванаўскага райвыканкама Уладзімір Шэляговіч, сёлетнія “Мотальскія прысмакі” сталіся больш люднымі, чым летась, дзякуючы, у тым ліку, і наладжанай рэкламе фэсту.

/i/content/pi/cult/391/7808/12-3.jpeg

Але з-за вялікага наплыву гасцей узнікалі і некаторыя нязручнасці. Напрыклад, карэспандэнт “К” неаднаразова чуў, як турысты скардзіліся на доўгія чэргі, а іншыя наракалі на недахоп месцаў для адпачынку. Зрэшты, спадзяёмся, наступным разам арганізатары ўлічаць гэтыя пажаданні гасцей свята. Але ж, пагадзіцеся, мала хто разлічваў, што ў гэты дзень у Моталі збярэцца такая колькасць гасцей! Тым больш, надвор’е асабліва не радавала…

Нягледзячы на гэта, фэст на гасціннай Іванаўскай зямлі яшчэ раз даказаў вядомую аксіёму пра тое, што нават без асаблівых фінансавых укладанняў цікавым і прыцягальным можна зрабіць любое мерапрыемства. Справа толькі за творчым падыходам, наладжанай рэкламнай дзейнасцю і ўдалым выкарыстаннем прынцыпаў агрэсіўнага маркетынгу. І поспех не прымусіць сябе чакаць.

Мінск — Іванаўскі раён — Мінск

Фота аўтара

 

Прапануем некалькі рэцэптаў палескіх страў!

/i/content/pi/cult/391/7808/12-4.jpeg

Мотальскія клёцкі

Нацерці бульбу на тарцы, адціснуць, дадаць яйка і соль. Сфармаваўшы ў далонях невялічкія шарыкі-клёцкі, кідаем іх у кіпень і варым да гатоўнасці. Асобна на патэльні смажацца шкваркі з цыбуляй, якія пасля дадаюцца да клёцак. Есці гатовую страву можна са смятанай.

Каша па-мотальскі

Крупы засыпаюць у гаршчок, прамываюць гарачай вадой, потым заліваюць малаком і ставяць у печ на агонь. Пры кіпенні абавязкова здымаюць “прыгаркі”. Калі маса загусцее, запраўляюць соллю, цукрам і маслам па смаку. Пасля ставяць гаршчок у жар і праз некаторы час вымаюць з печы.

Параны боб

Пэўную колькасць бобу на ноч заліваюць халоднай вадой, раніцай ваду зліваюць, боб кладуць у гліняны гаршчок, зноў заліваюць халоднай вадой і ставяць на агонь. Як закіпіць, запраўляюць соллю і ставяць гаршчок у печ для ўпаркі. Падаюць на стол як гарнір да мясных страў. Ужываюць таксама і асобна, заправіўшы шкваркамі з падсмажанай цыбуляй, або проста са шклянкай халоднага малака.

 

 

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"