Якуб Колас, “адмірал” і “боцман”

№ 32 (1054) 11.08.2012 - 17.08.2012 г

1956-ы: апошнія фота класіка

“Калі не памру ў Каралішчавічах, дык пастараюся зірнуць у ясныя вочы Нарачы”, — пісаў Якуб Колас пісьменніку і свайму асабістаму сакратару Максіму Лужаніну 19 ліпеня 1955 года. Праз год адбылася апошняя паездка народнага паэта ў гэтую маляўнічую мясціну.

/i/content/pi/cult/390/7803/14-1.jpeg

Літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа захоўвае цікавую серыю аматарскіх фатаграфій Міхаіла Ціханавіча Лынькова. Гэта апошнія здымкі Якуба Коласа, якія былі зроблены напрыканцы ліпеня 1956 года ў час адпачынку на возеры Нарач.

/i/content/pi/cult/390/7803/14-2.jpeg

/i/content/pi/cult/390/7803/14-3.jpeg

/i/content/pi/cult/390/7803/14-8.jpeg

Вобраз паэта на фатаграфіях — у куртцы, тапачках, з кіёчкам — уражвае сваёй нязвыклай прастатой. На кожнай — цёплы сяброўскі дарчы надпіс класіку нацыянальнай літаратуры. На адваротным баку пазначана дата: “25/VII 1956 г.”. Дарэчы, Канстанцін Міхайлавіч дабрадушна жартаваў з Міхася Лынькова, называючы яго то адміралам, то нарачанскім флотавадзіцелем.

/i/content/pi/cult/390/7803/14-4.jpeg

“Якубу Коласу на памяць

ад нарачанцаў

Міхась Лынькоў”

25/VII 1956 г.

“Якуб Колас з “адміралам” і

“боцманам” з Нарачы

Міхась Лынькоў”

25/VII 1956 г.

“У “Вялікага кастра”

на Нарачы

Міхась Лынькоў”

25/VII 1956 г.

“На сялібе ў нарачанцаў

Міхась Лынькоў”

25/VII 1956 г.

/i/content/pi/cult/390/7803/14-5.jpeg

/i/content/pi/cult/390/7803/14-6.jpeg

/i/content/pi/cult/390/7803/14-7.jpeg

Міхась Лынькоў успамінаў, што Коласу возера вельмі падабалася, ён нібыта парадніўся з ім, палюбіў. І пабыўшы там некалькі разоў, ён зрабіўся страсным прапагандыстам прыгажосці Нарачы, яе цудоўных асаблівасцей, выдатных перспектыў. Лічыў, што лепшай курортнай мясціны трэба яшчэ пашукаць. У той час там яшчэ не было дамоў адпачынку, мноства турыстаў і дачнікаў. Трое сяброў паэта — Максім Танк, Міхась Лынькоў і Аркадзь Куляшоў — адны з першых, хто “асвоіў” гэтае цудоўнае возера. Якуб Колас казаў: “А мы шукаем часам красу і не бачым яе… Дзівакі, ездзім за гэтай красой ліха ведае куды, а не заўважаем, што яна паблізу нас, побач з намі”. Паэт шкадаваў, што позна адкрыў для сябе гэтае возера. На жаль, праз два тыдні пасля паездкі на Нарач Якуб Колас пайшоў з жыцця…

/i/content/pi/cult/390/7803/14-9.jpeg

Таццяна МАКАРАНКА, вядучы навуковы супрацоўнік навукова-фондавага аддзела Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа