Атмасфера блогасферы

№ 32 (1054) 11.08.2012 - 17.08.2012 г

Асаблівасці культурнага блогерства: "лайкі", перапосты ды фрэндстужкі

Блогі, магчымасці сацыяльных сетак усё больш актыўна прарываюцца ў культурную прастору. Многія журналісты і крытыкі цяпер перамяшчаюцца ў віртуальную прастору для дэбатаў і абмеркаванняў падзей культурнага і мастацкага жыцця. А хтосьці наогул раскручваецца выключна праз "лайкі", перапосты ды фрэндстужкі. Сёння "К" вырашыла пазнаёміць чытачоў з "культурнымі" блогерамі з ліку саміх прафесіяналаў сферы.

 

“А мне не падабаюцца блогі, дзе…”

/i/content/pi/cult/390/7802/13-1.jpegБлог кампазітара, прадзюсара, музыканта Яўгена Алейніка з’явіўся параўнальна нядаўна — на пачатку гэтага года. “Начынне”, у параўнанні з іншымі, хутчэй нагадвае сайт: інфармацыя пра аўтара, фота (пераважна яго жонкі, суаўтара, салісткі гурта “Аўра” Юліі Быкавай), творчасць музычная і публіцыстычная — і нічога залішняга, што тычылася б асабістых стасункаў. Невыпадкова блог мае дадзенае аўтарам “жанравае” азначэнне — “дзённік пра музыку”.

— А мне не падабаюцца блогі, — тлумачыць Яўген, — дзе пішуць, да прыкладу: “Прыехаў на мора. Купаўся. Загараў. Глядзеў захад сонца”. Блог патрэбны для таго, каб сябры, прыхільнікі, усе, хто цікавіцца тваёй творчасцю і, шырэй, беларускай эстрадай, ведалі вынікі працы. Бо жыццё стала настолькі дынамічным, што нават з блізкімі сябрамі бачымся раз на два-тры тыдні. Сазвоньвацца ў працоўны час таксама нязручна, кожны заняты сваімі справамі, а ўвечары — у кожнага свая сям’я, якой трэба ўлучыць увагу. Як жа падзяліцца з людзьмі тым новым, што зроблена? Праз блог. Штуршком да яго стварэння стаў апошні адбор на “Еўрабачанне”, тыя дыскусіі, што вакол усяго разгарнуліся. Праз блог можна было выказаць свае думкі і прапановы не толькі ў выглядзе асобнай рэплікі, але і падрабязна, аргументавана. А галоўнае — паказаць сваю творчасць.

— А як наконт двухбаковай сувязі? Ці атрымліваеце вы водгукі, наколькі яны вам неабходныя?

— Усе, хто для мяне важны, да чыіх меркаванняў я прыслухоўваюся, так ці іначай адгукаюцца. Часцей, тэлефанаваннем. Ці, што радуе, выказваюць сваё стаўленне ў жывых стасунках. Увогуле ж, народ у нас дастаткова спакойны, талерантны. Таму тое, чаго можна чакаць у рэальнасці, — гэта з’яўленне асобных зацікаўленых выказванняў. Калі ж раптам пачынаюць выказвацца літаральна ўсе, гэта не можа не насцярожваць. Бо такія “павальныя водгукі” часцей за ўсё бываюць спланаваны, сведчаць пра нейкую арганізаваную акцыю.

— Апошняе, што змешчана на вашым блогу, — відэазапісы са “Славянскага базару ў Віцебску”. Чаго чакаць у бліжэйшы час?

— Зараз рыхтуемся да наступнага адбору на “Еўрабачанне”, да дзіцячага “Еўрабачання” рыхтуем Юлію Атрошчанка.

— Зноў — адно творчасць. Але ж прыхільнікам бывае цікава ведаць, дзе іх улюбёнцы бавяць вольны час, куды едуць у адпачынак.

— Як мы адпачываем? Ходзім у паркі і басейн. Заканчваем будаўніцтва дома. Абмяркоўваем падзеі шоу-бізнесу. У тым ліку, у блогу…

Надзея БУНЦЭВІЧ

 

Прыемныя спасылкі

/i/content/pi/cult/390/7802/13-2.jpegУ тэатральных колах адным з самых актыўных айчынных інтэрнэт-блогераў можна без перабольшання назваць акцёра Мінскага абласнога драматычнага тэатра Алега ЧЭЧАНЕВА. Памятаю, як пару гадоў таму пад час аднаго з айчынных фестываляў тэатральны крытык Таццяна Арлова сказала сваім студэнтам: “А пра гэта вы лепей прачытайце не ў кніжках, а ў ЖЖ Чэчанева — там вы ўбачыце сапраўднае аблічча сітуацыі”.

— Алег, як і з чаго для вас пачалося ўласнае блогерства?

— Пачалося яшчэ... гадоў пятнаццаць таму. З насценгазеты “Арлекінo” (з націскам на апошні склад), якую я “выдаваў” у тэатры: браў старыя афішы і тушшу, друкаванымі літарамі нешта там выводзіў. Апісваў, што адбывалася ў нашым тэатры, чым ён жыў, пра што думаў. Працягвалася гэта нядоўга — пару сезонаў. І не толькі таму, што побач з жывой рэакцыяй калег мне даводзілася сутыкацца і з тымі, каго гэтая мая творчасць раздражняла. Я зразумеў, што свет змяніць нельга, можна змяніць, падкарэкціраваць нешта ў сабе... Але схільнасць да сачыняльніцтва — яна чакае, пакуль ты не распачнеш займацца “капаннем” ды распрацоўкай. Тым больш, што цяпер, замест афіш ды тушы, можна вельмі зручна карыстацца Інтэрнэтам.

Урэшце, вядзенне блогу — гэта цалкам паўнавартасны творчы акт, тут ты не проста “пішаш, што прыходзіць у галаву”, а мусіш кожны раз прыдумваць тэму, форму падачы, асэнсоўваць тую інфармацыю, якой дзелішся з іншымі... Ну і, канешне ж, нельга забываць пра лёгкасць і пэўную долю гумару — без гэтага аніяк.

— Дарэчы, вы ведаеце сваіх пастаянных чытачоў? Можаце намаляваць абагульнены партрэт?

— Іх, пастаянных — тых, хто не толькі чытае, але і актыўна каменціруе, не так і шмат. Драматург Алег Міхайлаў, з якім мы пазнаёміліся ў Сеціве, я прапанаваў яму напісаць монап’есу, ён з гумарам адмовіўся ад гэтай ідэі... Некаторыя з акцёраў і актрыс. Ёсць адна падарожніца з Санкт-Пецябурга — цікавая, пазітыўнага настрою жанчына...

— Але ж, відаць, у галаве ўсё-такі існуе пэўны вобраз “адрасата”?

— Не магу адназначна адказаць на гэтае пытанне... Я ўсё-такі пішу не “для кагосьці”. А таму, што мне цікава, важна распавядаць пра тыя ці іншыя падзеі, якія адбываюцца ў нашым тэатры, сярод знаёмых людзей, у горадзе, краіне, свеце... Гэта маё ўласнае, асабістае бачанне. І калі мой свет цікавы іншым людзям — гэта не можа не цешыць. Памятаю, калі даведаўся, што на сайце маладога мінскага акцёра Сяргея Лугоўскага — спасылкі на шэраг маіх тэатральных постаў, прызнаюся, было прыемна. Значыць, людзям не абыякавыя тыя думкі і эмоцыі, якімі я спрабую дзяліцца праз Інтэрнэт.

— На вашу думку, ці здольнае падобнае да вашага актыўнае блогерства якім-небудзь чынам паўплываць на агульную культурную сітуацыю, калі не ў краіне, то хаця б у пэўным яе рэгіёне?

— Цалкам магчыма, асабліва калі да блогу звернуцца людзі на адказных пасадах, каб убачыць тую ці іншую сітуацыю пад крыху іншым, нязвыклым ракурсам.

Таццяна КОМАНАВА

 

35 мільёнаў і СДК у Інтэрнэце

/i/content/pi/cult/390/7802/13-3.jpegАксіёму пра выкарыстанне высокіх тэхналогій у дзейнасці ўстаноў культуры ведаюць і ў сельскай мясцовасці. Напрыклад, з Інтэрнэтам даўно і вельмі плённа “сябруюць” у вёсцы Плябанаўцы Ваўкавыскага раёна Гродзеншчыны.

Дырэктар мясцовага клуба Аляксандр Бабін стварыў у адной з сацыяльных сетак суполку “Плёбы”. І цяпер з яе дапамогай усе, хто наведвае Дом культуры, абмяркоўваюць разнастайныя пытанні: ад таго, якую музыку паставіць на будучай дыскатэцы, да магчымасці набыцця вентылятараў-кандыцыянераў для СДК.

— Суполку я стварыў спантанна, — распавядае Аляксандр Бабін. — А пасля пачаў выкарыстоўваць яе для рассылкі афіш, правядзення апытанняў, стварэння фотасправаздач і многага іншага.

Як прызнаецца дырэктар клуба, суполка вельмі дапамагае ў працы. На сённяшні момант у ёй зарэгістравана прыкладна 1500 удзельнікаў, а рэклама будучых мерапрыемстваў, змешчаных у Сеціве, перадаецца з дапамогай “сарафаннага радыё”.

Дзякуючы, у тым ліку, выкарыстанню Інтэрнэту на “Купалле” сёлета ўдалося сабраць блізу тысячы чалавек! Таксама, як зазначыў Аляксандр Бабін, падвысілася і наведвальнасць дыскатэк: цяпер на танцавальныя вечары ў Плябанаўцы завітваюць, у сярэднім, па 200 чалавек штосуботы! І гэта пры тым, што ў самой вёсцы пражывае каля 150 чалавек. Прыязджаюць на дыскатэкі з навакольных вёсак і нават з іншых, суседніх раёнаў Гродзеншчыны. Таму ў Плябанаўцах за сем месяцаў бягучага года зароблена 35 мільёнаў рублёў!

Дарэчы, Аляксандр Бабін плануе адкрыць і сайт установы культуры.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ

 

Модны перапост

 

/i/content/pi/cult/390/7802/13-4.jpegБлогерства і модная індустрыя шчыльна пераплятаюцца адно з адным. Як і з культурай. Ці развітае ў нас вядзенне блогаў сярод моднікаў ды модніц? Пра гэта распытваем фэшн-блогера Настассю СЛАВУТА.

— Спачатку была назіральнікам за моднымі тэндэнцыямі ды імкнулася іх улічваць у сваім гардэробе, але беларускай модай не цікавілася. Праз некаторы час даведалася пра людзей, якія вядуць блогі. Але ж я сама ніяк не звязана з модай, журналістыкай, і дзякуючы блогу знайшла працу сваёй мары: пішу для друкаваных і вэб-часопісаў.

— Дык для чаго ведзяце блог?

— У мяне іх, дарэчы, два. Першы, імянны, пачала весці каля двух з паловай гадоў таму. Там распавядаю пра сябе як пра стыліста, пра сусветныя тэндэнцыі, якія мяне натхняюць. Другі блог — “Fashion in Belarus” — створаны ў студзені менавіта як пляцоўка, дзе я распавядаю пра нашых дызайнераў. Трапіўшы на Беларускі тыдзень моды, зразумела, што, хоць і цікаўлюся трэндамі, амаль нічога не ведаю пра айчынных дызайнераў. Так і стварыла блог, дзе публікую інтэрв’ю выключна з беларускімі дызайнерамі, распавядаю пра падзеі моднай індустрыі: Тыдзень моды, “Млын моды”, конкурс “Дзіkavata”. Хачу разабрацца, што такое мода па-беларуску, бо, пагадзіцеся, лічыцца, што, маўляў, у нашай краіне моды няма. Таксама ў рамках блогу вяду рубрыку “Гардэроб”, куды запрашаю людзей, чый стыль мне імпануе. Абавязковая ўмова — наяўнасць рэчаў беларускіх дызайнераў.

— Якая статыстыка блога?

— Блог “Fashion in Belarus” аказаўся дастаткова паспяховым. Сёння, у дзень выхаду артыкула, яго чытае каля сямісот чалавек. Водгукі на публікацыі, у асноўным, станоўчыя. Праўда, матэрыялы, дзе выказвала крытычныя заўвагі (да прыкладу, пра адзін з мінскіх фэшн-маркетаў), атрымалі і негатыўныя каментарыі ад саміх дызайнераў. Папулярнасцю блогу абавязана сацыяльным сеткам. Калі стварала яго, мела старонку ў “Жывым журнале”. Зарэгістравала новы рэсурс — мае чытачы заходзілі і на яго. А ў адным з першых артыкулаў выкарыстала меркаванні беларускіх дызайнераў, якія зрабілі перапост артыкула на сваіх старонках.

— А колькі беларускіх блогераў, што пішуць пра моду, вы ведаеце?  

— Ведаю, мабыць, большасць беларускіх “модных” блогераў. Мяркую, ёсць пяць таленавітых сеткавых аўтараў па маёй тэме, і, спадзяюся, уваходжу ў гэтую пяцёрку.  

— А што наконт знаёмстваў з экспертамі “са стажам”? 

— У час Беларускага тыдня моды, дзе я ўдзельнічала ў конкурсе блогераў, пазнаёмілася з вядомым фэшн-блогерам Іванам Логікам, шэф-рэдактарам украінскай версіі сусветнавядомага часопіса пра моду Анай Варавай, дацэнтам нашай Акадэміі мастацтваў Галінай Якаўлеўнай Мяшковай, чалавекам, дасведчаным у гісторыі беларускай моды.

Таццяна МАТУСЕВІЧ