Прыгонная славутасць

№ 44 (810) 03.11.2007 - 09.11.2007 г

Мы больш ведаем пра Мата Хары, Айседору Дункан і пра іншых яркіх і таленавітых танцоўшчыц, а пра сваіх мы ўжо амаль забыліся і не цікавімся ні іх лёсам, ні іх дасягненнямі. Дакладна не ведаем, калі і дзе яны нарадзіліся, што ўклалі ў нашу скарбонку, калі і дзе адышлі ў нябыт.

Нешта падобнае адбылося і з прыгоннай танцоўшчыцай падскарбія надворнага літоўскага А.Тызенгауза — Апалоніяй Дарэўскай (Дарота; 1677 (?) — ?). Энцыклапедычныя звесткі пра яе — мізэрныя, але можна здагадацца, што не надта шчаслівым было яе жыццё. Быць прыгоннай і славутасцю — гэта як быць экзатычнай птушкай у залатой клетцы.
Апалонія Дарэўская была выхаванкай балетных школ у Гродне і Паставах, але ці знойдзем мы яе імя ў назвах вуліц гэтых гарадоў, на мемарыяльных шыльдах? На жаль, не.
Загрымела, як гаворыцца, і ўзяла ўсіх у свой палон слава Дароты Дарэўскай пасля школьнага паказу “Вясковага балета” Г.Петынецці. Адбылася гэтая падзея ў 1778 годзе ў Гродне на сцэне прыдворнага тэатра А.Тызенгауза (яго афіцыйная назва была — Гродзенскі тэатр Тызенгауза). У той час, калі на яго падмостках выступала А.Дарэўская, ён месціўся ў адмысловым будынку ў вёсцы Гарадніца каля Гродна.Прыгонны чалавек для яго гаспадароў быў усё адно што рэч для эксплуатацыі, уцех, задавальненняў, дарэнняў. А.Тызенгауз завяшчае кветку свайго тэатра апошняму вялікаму князю літоўскаму і польскаму каралю Станіславу Аўгусту Панятоўскаму, і Апалонія Дарэўская адразу ж сягае ў вышыню — яе прызначаюць першай салісткай трупы “Таварыства танцоўшчыкаў Яго Каралеўскай Вялікасці” ў сталіцы Рэчы Паспалітай — Варшаве.
Як вядома, Антоній Тызенгауз памёр 31 сакавіка 1785 года, такім чынам, можна меркаваць, што гэта адбылося ў тым жа годзе.
Даследчык Гурый Барышаў у “Энцыклапедыі гісторыі Беларусі” адзначае пра А.Дарэўскую: “...выступала як гратэскная танцоўшчыца на прыдворнай сцэне і ў Нацыянальным тэатры. У 1794 — 97 працавала ў прыватных антрэпрызах Варшавы і Гданьска. У 1797 па ініцыятыве і на кошт Станіслава Аўгуста Панятоўскага выехала ў Пецярбург”.
Знакаміты аўстрыйскі драматург Франц Грыльпарцэр пісаў: “Мастацтва — гэта кветка жывой прыроды”. Кветкай сцэнічнага мастацтва на падмостках тэатраў Гродна, Пастаў, Варшавы, Гданьска, Санкт-Пецярбурга ды іншых была наша Дарота Дарэўская. На жаль, яна дасюль аніяк не ўвекавечана сваімі землякамі-нашчадкамі.

Міхась МАЛІНОЎСКІ
Баранавічы