Сусвет, які знікае ў яго на вачах

№ 32 (1054) 11.08.2012 - 17.08.2012 г

Фіксацыя страчанага раю: інсітны вернісаж

7 жніўня ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва частавалі свежымі яблыкамі — толькі што з дрэва. Іх смак найлепей пасаваў да вернісажу выстаўкі “Страчаны рай” знакамітага народнага майстра Мікалая Тарасюка, які не так даўно адсвяткаваў сваё 80-годдзе. Лаўрэат спецпрэміі Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва ўпершыню выбраўся ў Мінск з персанальнай выстаўкай. Разам з сабой ён прыхапіў і частку ўласнага свету, які можна ўмоўна назваць “вёскай Стойлы”. Для нас гэта ледзь заўважны пункт на карце, а для аўтара — не проста месца жыхарства, але цэлы сусвет. Сусвет, які знікае ў яго на вачах, застаючыся толькі ў выглядзе паліхромных кампазіцый з дрэва.

/i/content/pi/cult/390/7797/9-5.jpeg

У зале музея можна было сустрэць многіх вядомых мастакоў і крытыкаў, ды і ўвага СМІ была не абы-якая. Што ні кажы, але інсітнае мастацтва з беларускай глыбінкі не так і часта бывае прадстаўлена на сталічных пляцоўках. Хаця інтарэс да гэтай самабытнай з’явы папраўдзе вялікі.

Паводле вернісажных завядзёнак, Мікалай Тарасюк прамаўляў вельмі доўга — было відаць, што ў паўсядзённым самотным жыцці ён засумаваў па зносінах. І яго слухалі!

Сюжэтныя кампазіцыі Мікалая Тарасюка на першы погляд могуць падацца своеасаблівай “энцыклапедыяй” сялянскага побыту, замалёўкамі з натуры. Вось хрэсьбіны, вось вяселле, вось хаўтуры... А паміж імі, вядома, няспынная гаспадарчая праца. Агульную карціну цяжка назваць ідылічнай, але яна ўсё адно прасякнутая ўнутраным супакоем і гармоніяй.

/i/content/pi/cult/390/7797/9-3.jpeg

Аднак раптам у рэчышча паўсядзённасці ўрываюцца дзіўныя алегорыі. Прыкладам, два мужыкі, што пілуюць бервяно, размешчаны не адзін насупраць другога, а па дыяганалі. Так дасціпна мудры сялянскі розум адгукаецца на сацыяльныя канвенцыі, памкненне да панавання. Ёсць і работы, якія адлюстроўваюць не вясковы мікракосмас, але глабальную праблематыку — у тым ліку, і выява атамнай бомбы. Але ж і на падзеі ў “вялікім свеце” аўтар глядзіць са сваёй, вясковай “званіцы”. І таму свет у яго ўяўленні — бы вялікая вёска.

Разьбой па дрэве Мікалай Тарасюк усур’ёз захапіўся ўжо ў 1980-я гады — у той час, калі традыцыйны вясковы побыт стаў пакрысе адыходзіць у нябыт. Некалі ў вёсцы Стойлы жыло болей за сто чалавек, а цяпер — толькі адзін, сам Мікалай Тарасюк. Улады далі яму гарадскую кватэру з усімі выгодамі, але, бы “апошні з магікан”, ён застаўся ў сваёй хаце.

/i/content/pi/cult/390/7797/9-4.jpeg

Адсюль і яго памкненне захаваць гэты родны свет хаця б для сябе — у выглядзе шматлікіх скульптурак. Побач з хатай майстар стварыў уласны музей, які называецца “Успаміны Бацькаўшчыны”.

“Страчаны рай” патрыярхальнага побыту вярнуць бадай немагчыма. Але дзякуючы майстру ён можа застацца хаця б у выглядзе каляровых фігурак. Аднак пытанне, як захаваць і паўнавартасна экспанаваць творчасць самабытнага народнага скульптара, вымагае асобнай гутаркі. Таму плануем вярнуцца да гэтай тэмы ў адным з найбліжэйшых нумароў “К”. Пакуль жа нагадаем, што выстаўка працуе да 18 жніўня.

Фота Юрыя ІВАНОВА