Авантуры на “Другой сцэне”

№ 32 (1054) 11.08.2012 - 17.08.2012 г

На сцэне Магілёўскага абласнога тэатра лялек адбыўся прэм’ерны паказ спектакля “Дзівосныя авантуры паноў Кубліцкага ды Заблоцкага” па п’есе сучаснага беларускага драматурга Сяргея Кавалёва. Некалькі пытанняў — рэжысёру-пастаноўшчыку спектакля, галоўнаму рэжысёру абласнога тэатра лялек Ігару КАЗАКОВУ.

— Якая ідэя, агульная канцэпцыя спектакля?

— Кожны чалавек у гісторыі застаецца са сваім абліччам. Вось і Кубліцкі ды Заблоцкі — два тыпы з гісторыі, у іх меліся рэальныя прататыпы, і яны таксама ўвайшлі ў гісторыю як гора-шляхцічы... Глядач павінен сам вырашыць для сябе — ісці іх шляхам, жыць, як яны, альбо жыць як Чалавек! Таму што жыць, як паны Кубліцкі і Заблоцкі, — гэта тое ж, што лебедзь, рак і шчупак... Ідэя ж спектакля — "будаўнічая": адзін кладзе, а другі падае...

/i/content/pi/cult/390/7796/9-2.jpeg

— Вельмі спадабалася ігра творчага дуэта — вядучага майстра сцэны Мікалая Сцешыца і артыста Юрыя Дзівакова... Між тым, імя Дзівакова з’явілася на афішах тэатра лялек нядаўна...

— Так, гэта новы артыст, прыехаў да нас у лютым гэтага года з Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек. Юрый скончыў Ленінградскі дзяржаўны інстытут тэатра, музыкі і кінематаграфіі. Гэта не першы спектакль з Юрыем і, канешне ж, не апошні... У хуткім часе чакаецца “Гамлет”... Мы ўзяліся за гэты амбіцыйны праект, уводзім маладых акцёраў. У жніўні ж наша трупа папоўніцца яшчэ на некалькі чалавек: да нас прыходзяць тры выпускнікі ВНУ і два ўдзельнікі студыі ў рамках праекта “Другая сцэна”.

— Шмат чула наконт арт-праекта “Другая сцэна”. Некалькі слоў пра яго.

— “Другая сцэна” — гэта прастора эксперыментаў, якая неабходна любому жывому тэатру. “Другая” азначае альтэрнатыўная, разлічаная на іншую аўдыторыю. Таму праект — своеасаблівая тэатральная кухня, лабараторыя, дзе спрабуюць свае сілы студэнты, якія нас цікавяць, акцёры... 27 чэрвеня ў рамках гэтага праекта прайшоў мона-спектакль “Жывыя і мёртвыя фігуркі”, дзе акцёрам і рэжысёрам з’яўляўся якраз Юрый Дзівакоў.

Застаецца дадаць, што музыку да спектакля напісаў кампазітар Леанід Паўлёнак — лідар гуртоў “НагУаль” і “Маланка-оrhestra”. Ён вядомы магілёўскаму гледачу па створаных музычных кампазіцыях да спектакляў “Пойзан”, “Неверагодныя прыгоды капітана Урунгеля”, “Пра ліса, які не хацеў быць хітрым”. Сцэнаграфія, лялькі прыдуманы Людмілай Скітовіч, якая таксама вядома маленькім магіляўчанам па працах да спектакля “Пра ліса...”.

Ну а мы, гледачы, будзем з нецярпеннем чакаць шэкспіраўскага “Гамлета” ў пастаноўцы Магілёўскага абласнога тэатра лялек.

Людміла МАЦКЕЛА

Магілёў