"Квартэт" Смольскага з калажом

№ 32 (1054) 11.08.2012 - 17.08.2012 г

“Дзве з паловай” оперы іранічнага філосафа

Новы канцэртна-тэатральны сезон шмат у чым пройдзе "пад знакам" народнага артыста Беларусі, кампазітара Дзмітрыя Смольскага, якому днямі споўнілася 75. Яго творы, у тым ліку прэм'ерныя, упрыгожаць ажно тры юбілеі: 80-годдзе Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета, Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, 75-годдзе Беларускай дзяржаўнай філармоніі.

Але віноўнік урачыстасцей схаваўся ад віншаванняў у Кактэбелі, куды рушыў пасля двух тыдняў у Германіі, дзе гасцяваў у сына. Віктар - гітарыст гурта "Rage" - прызнаны там музыкантам года, вядзе ў Мюнхене майстар-класы, з яго іменем выпускаюцца не толькі эксклюзіўныя электрагітары, але і гукавое абсталяванне вядомай японскай фірмы. Дарэчы, ён і сам завітае ў Мінск у снежні, каб саліраваць у 9-ай сімфоніі бацькі, натхнёнай захапленнем сына рок-музыкай.

Нарэшце, пасля колькіх дзён доўгіх гудкоў і слоў аўтаадказчыка "часова недаступны", я пачула ў слухаўцы голас Дзмітрыя Браніслававіча: вярнуўся!

- Упершыню быў у Кактэбелі 60 гадоў таму - гэта маё першае далёкае падарожжа, з маці і айчымам. Потым, 45 гадоў таму, я вазіў туды старэйшага сына. А цяпер выправіўся ўзгадаць маладосць.

/i/content/pi/cult/390/7790/1-1.jpeg

- І... што?

- Расчараваўся. Горы па-ранейшаму прыгожыя, а вось сама атмасфера - зусім іншая. Раней там быў толькі Дом творчасці пісьменнікаў, а зараз - нават пляжа не засталося, бо ўсё занята харчова-сувенірным гандлем сумнеўнай якасці (на другі дзень атруціўся). Няма інтэлігенцыі, што гуртавалася вакол дома Валошына (я калісьці іграў там на раялі для яго ўдавы і гасцей), ніводнага турыста з Еўропы не бачыў. Хіба ж спакусіш іх такой антысанітарыяй і дзіўнаватым сэрвісам? Яго быццам бы і няма - а кошты еўрапейскія. Ідэальнае месца, каб паглядзець, як не трэба развіваць турызм.

- У жыцці "вяртанне ў маладосць" расчаравала. А ў творчасці? На 9 верасня прымеркавана прэм'ера вашай оперы "Сівая легенда". Першая рэдакцыя ставілася ў 1978-м, зараз вы напісалі другую, яшчэ ў тым сезоне пачаліся рэпетыцыі...

- Вельмі хвалююся, што ж у выніку атрымаецца. Калісьці Сямён Штэйн, а цяпер Міхаіл Панджавідзэ - усе рэжысёры чамусьці хочуць бачыць у "Сівой легендзе" гэткую беларускую "Хаваншчыну", дзе ў цэнтры - смута, паўстанне. Для мяне ж гэта опера - зусім пра іншае. Гэта трагедыя чалавечых лёсаў, дзе няма пераможцаў. Я не падзяляў герояў на станоўчых і адмоўных. Яны ўсе для мяне - станоўчыя, бо ў кожнага - свая праўда, свае пачуцці, не зразуметыя астатнімі. Каханне, боль, пакуты - вось што галоўнае. А паўстанне і іншыя сацыяльныя рэчы, адлюстраваныя ў гэтай оперы, - толькі знешнія праявы, наступствы той барацьбы ўнутры сябе, што насамрэч рухае героямі.

- Але ж ваша творчасць літаральна прасякнута маштабнымі сацыяльна-грамадскімі, нават філасофскімі тэмамі. Менавіта такой праблематыцы прысвечаны вашы сімфоніі, уключаючы 15-ю. Чаму ж вы адмаўляецеся ад гэтага ў оперы?

- Вы самі адказалі на гэтае пытанне: таму што опера і сімфонія - гэта розныя жанры. У сімфоніі, на маю думку, павінна адлюстроўвацца эпоха. Там пульсуе думка, і размова вядзецца на мове сімвалаў, алюзій, асацыяцый, як і мае быць у філасофскім жанры. А ў оперы галоўнае - чалавек. Тут, наадварот, віруюць пачуцці, выказаныя мовай сэрца, эмоцый, інтуітыўных "прадбачанняў". Да таго ж, я імкнуўся, каб музыка стылёва адпавядала аповесці Караткевіча, а там пануе - рамантыка. Таму і опера ў мяне - рамантычная.

Слухаю Дзмітрыя Браніслававіча і пачынаю разумець, чаму ў яго другой оперы "Францыск Скарына", увасобленай на тэлебачанні, знакаміты першадрукар нечакана паказаны маладым закаханым. І чаму кампазітар, маючы імідж прызнанага авангардыста, у канцы 1970-х раптам здзівіў неарамантычным традыцыяналізмам сваёй "Сівой легенды". Усе чакалі, што опера з'яднае стылістыку яго сімфоній і не менш знаных араторый ды вакальных цыклаў, аднак - не. Кампазітар быццам звярнуўся да ўласнай "сівой легенды" - да той сваёй стылістыкі, у якой рабіў першыя прафесійныя крокі. Але надаў ёй новы віток! Невыпадкова оперныя героі "цытуюць" тэмы з яго Першай фартэпіяннай санаты памяці С.Пракоф'ева, з дзіцячай "Песенькі пра адважнага коніка" - ды толькі тыя мелодыі, апранутыя ў раскошныя аркестравыя адзенні, успрымаюцца зусім іначай. Дый вобразна яны пераасэнсаваны.

Цікава, але сёння той неарамантызм, нанова адрэдагаваны майстрам, выглядае самым, бадай, модным трэндам. Музыка застаецца куды больш маладой і свежай, ва ўсёй яркасці сваіх фарбаў, чым многія найноўшыя творы маладога пакалення, якія, на думку сваіх аўтараў, нясуць быццам бы новую эстэтыку.

Але ж нельга назваць Смольскага - рамантыкам. Ён, найперш, - іранічны філосаф з трагедыйным светаадчуваннем. Можа, таму і сімфоній у яго - ажно 15? А опер - тры. Дакладней, "дзве з паловай", бо трэцяя, "Апалон-заканадаўца", уяўляе сабой сучасную аўтарскую версію старадаўняй беларускай оперы Рафаэла Вардоцкага, створанай і пастаўленай у Забельскай духоўнай семінарыі ў 1789 годзе...

- Як увогуле вырашылі напісаць "Сівую легенду"?

- Згаданы ўжо рэжысёр Сямён Штэйн хацеў паставіць беларускую оперу і звярнуўся да мяне: маўляў, напішы. Ні тэму, ні сюжэт ён не прапаноўваў. А я якраз прачытаў Караткевіча, і так мяне зачапіла чалавечая, асобасная трагедыя "Сівой легенды", што захацелася ўвасобіць яе ў музыцы. Накідаў агульную драматургію, амаль напісаў музыку - і паказаў усё гэта Караткевічу. Той, дарэчы, быў згодны з тым, што я засяродзіўся на "квартэце" герояў, а не на сацыяльна-палітычным зрэзе далёкай эпохі. І з таго часу я, можна сказаць, месяц кватараваў у пісьменніка: зранку прыходзіў, увечары сыходзіў - ён пісаў вершы на ўжо гатовую музыку. У музыцы, як і ў літаратуры, асноўная выразнасць - у драматургіі: як разгарнуць дзеянне, куды яго павярнуць.

- У буйных сімфанічных творах вы любіце цытаваць класікаў. Калаж - таксама частка драматургіі?

- Кожная знаёмая тэма нясе ў сабе пэўны сімвал, і гэта дапамагае слухачу сачыць за думкамі кампазітара і выканаўцаў, разам з імі "адбудоўваць" драматургію і вобразнасць музыкі: дзесьці ўсміхнуцца, дзесьці здзівіцца, а дзесьці - папраўдзе задумацца над пераасэнсаваннем вядомых, здавалася б, рэчаў, пранікнуцца глыбінёй трагедыі.

- Іншымі словамі, музыка не патрабуе перакладу. Асабліва калі ў ролі "перакладчыка" - калаж. А як наконт "перакладу" на іншую ментальнасць - ці запатрабавана беларуская музыка на Захадзе?

Задаю гэтае пытанне нездарма. Бо на свае вочы бачыла афішы і праграмкі: 9-я сімфонія Дзмітрыя Смольскага тройчы выконвалася ў Германіі, 10-я - тройчы ў Сеуле, 11-я - у Італіі, 14-я - у Францыі. Араторыя "Ерэтык" мела сусветную прэм'еру ў Германіі і вялікі тыраж кампакт-дыска з прэзентацыямі па ўсёй Еўропе. І гэта толькі выкананні тамтэйшымі музыкантамі і калектывамі! Бо калі нашу музыку іграюць у замежжы беларускія гастралёры (ці, яшчэ часцей, канкурсанты), гэта падарунак гасцей гаспадарам. І акт папулярызацыі нацыянальнай класікі. Сапраўдная запатрабаванасць - калі замежнікі самі звяртаюцца да нашых партытур і замаўляюць іх. Пра ўсё гэта, ды яшчэ з ганарлівымі падрабязнасцямі, і намерваюся пачуць. Але ў адказ - штосьці зусім супрацьлеглае:

- Не верце тым, хто кажа, быццам буйныя беларускія партытуры паўсюль гучаць у замежжы. Там умеюць лічыць грошы, і аркестры іграюць, найперш, тое, на што ёсць попыт публікі. На першым плане - класіка. Да замежнай сучаснай музыкі звяртаюцца рэдка, і кожнае такое выкананне - падзея. Гэта, дарэчы, вымушае задумацца, што ж такое нацыянальны твор. Няўжо найперш тое, што прызначана для "ўнутранага карыстання", у межах дадзенай нацыі, краіны? Думаю, паняцце нацыянальнага - больш шырокае, яно залежыць ад маштабаў здзейсненага і таленту творцы, бо сапраўдны нацыянальны твор павінен успрымацца і разумецца рознымі народамі. Галоўнае для нацыі - быць зразумелай іншымі. А фальклор і іншыя "звыкла нацыянальныя" рэчы - толькі рысы адметнасці, тое, што можа дапамагчы прывабіць замежнага спажыўца. У кожным творцы закладзены падмурак пэўнай нацыянальнай культуры, на якой ён узрошчаны. І гэта будзе выяўляцца ў любым выпадку - падсвядома, без аніякіх знешніх "метак" у выглядзе таго ж фолка. У рэшце рэшт, усё залежыць, зноў-такі, ад таленту, бо толькі такі твор становіцца ўсёабдымным і цікавым для іншых. У Еўропе, наколькі я пераканаўся ў час шматлікіх паездак, не толькі творца, але і кожны чалавек пачувае сябе, як гаварыў Ігар Стравінскі, "чалавекам свету". І гэта ніколькі не перашкаджае яго патрыятычным пачуццям.

- У савецкія часы лічылася, што творца дзеля лепшага натхнення мусіць быць "галодным", сёння лічыцца - ён павінен адчуваць канкурэнцыю.

- Лухта ўсё гэта! Ад пакут нараджаюцца такія ж пакутлівыя творы. Канкурэнцыя мяжуе з зайздрасцю, а дзе тая валадарыць, ужо не да творчасці. Выратаваць ад усяго гэтага можа хіба пачуццё гумару - вось тое, што рэальна патрэбна кожнаму творцы, незалежна ад тэматыкі, да якой ён звяртаецца.

- Гэтаму вы навучаеце і сваіх вучняў? Месяц таму вы справілі 50-годдзе педагагічнай дзейнасці.

- Прызнацца, выкладаць стаміўся. У мяне ўвогуле іншы погляд на ўсё гэта. Я не магу настойваць, што я настаўнік. Гэта можа сказаць толькі сам вучань, бо лепей ведае, хто даў яму больш. І такое прызнанне далёка не заўсёды адпавядае афіцыйнаму статусу. Галоўнае для педагога, лічу, - адсутнасць канкурэнцыі. Між ім самім і вучнем - і паміж іншымі вучнямі.

- Як раяць псіхолагі, параўноўваць сябе сённяшняга з сабой учорашнім?

- Не толькі. Канкурэнцыі ім хопіць у жыцці. Мая ж задача - дапамагаць ім расці. І шчыра радавацца за кожнага, навучаючы іх гэтак жа радавацца не толькі сваім, але і чужым поспехам. Бо толькі так можна скласці моцную, адметную нацыянальную культуру.

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"