Каралеўскі маёнтак — Каралішчавічы

№ 44 (810) 03.11.2007 - 09.11.2007 г

Сучасная невялікая вёска Каралішчавічы знаходзіцца на самай мяжы Мінскага раёна з горадам, на ўскраіне прамысловага раёна Шабаны. Ад сталіцы яе аддзяляе чыгуначны мост, за якім пралягае адрэзак колішняга паштовага Ігуменскага тракта, які вёў на Бабруйск. Цяпер гэта асфальтавая шаша, атачоная таполевымі прысадамі. Мясцовасць тут вельмі маляўнічая: рака Свіслач утварае велізарныя выгіны, ахінаючы ўзгоркі з тэрасамі на схілах.

 /i/content/pi/cult/135/779/Majentak2.jpg
Шляхетную назву Каралішчавічы
атрымалі ў XVI стагоддзі, калі яны з’яўляліся вялікакняжацкім уладаннем. Але ўжо ў XVII ст. гэты “двор” перайшоў у прыватную ўласнасць князёў Друцкіх-Горскіх.
У пачатку XVIIІ ст., у эпоху Асветніцтва, у Каралішчавічах запанавалі новыя гаспадары — Прушынскія гербу “Любіч”, чый род паходзіў з Падляшша. Прыкладна ў сярэдзіне XVII ст. прадстаўнікі гэтага роду аселі на Міншчыне. У 1719 г. Каралішчавічы, Лошыцу і прылеглыя вёскі набыў у Друцкіх-Горскіх Юрый Антоній Прушынскі. Яго старэйшы сын і спадкаемец Язэп займаў пасаду маршалка Галоўнага трыбунала ВКЛ, быў кавалерам ордэнаў Белага Арла і св. Станіслава. У маладосці ён атрымаў адукацыю ў езуітаў у Рыме і, пад іх уплывам, у сталым узросце змяніў мундзір на біскупскую мантыю, але перад тым перадаў Каралішчавічы свайму сыну Станіславу (1753 — 1800 гг.), генерал-ад’ютанту караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. За не надта доўгі век гэты вяльможа паспеў пабудаваць у сваіх уладаннях ажно 8 касцёлаў, сярод іх 2 — у Мінскім павеце: у Каралішчавічах (у 1785 г.) і ў Новым Двары (у 1792 г.).
Напрыканцы XVIIІ ст. Станіслаў заклаў у Каралішчавічах даволі сціплы сядзібны дом з гаспадарчымі пабудовамі і прысадай. Яго маёнтак знаходзіўся на супрацьлеглым ад вёскі беразе Свіслачы на ўзгорку з тэрасамі.
Сядзібны дом уяўляў сабой прадаўгаваты драўляны будынак са стромкімі франтонамі, накрытымі гонтам. Ён традыцыйна падзяляўся на дзве часткі, пасярэдзіне меў уваход з ганкам, звернуты да ракі.
Пакоі былі абсталяваны даволі сціплай мэбляй XVIIІ — ХІХ стст., сярод якой вылучалася велізарная шафа. На сценах віселі партрэты паноў-гаспадароў: Язэпа Прушынскага і
 /i/content/pi/cult/135/779/Majentak1.jpg
іншых. Паводле родавага
падання, у 1797 годзе ў гэтым сядзібным доме Станіслаў Прушынскі прымаў расійскага імператара Паўла І, і манарх узнагародзіў уладальніка ордэнам св. Ганны і прызначыў маршалкам Ігуменскага павета. Магчыма, яшчэ раней у Каралішчавічах і Лошыцы бываў і Станіслаў Аўгуст Панятоўскі.
Да нашых часоў сядзібны дом, на жаль, не датрываў: у 1989 г. ён раптоўна згарэў. Цяпер на яго месцы стаяць катэдж і лесапільня новага гаспадара — мясцовага прадпрымальніка. Толькі вялізны амбар канца ХІХ ст. з чырвонай цэглы, драўляная лесвіца, якая спускаецца з тэрасы, і рэшткі старога ліпавага парку нагадваюць аб колішнім панаванні Прушынскіх. Ад сядзібнага дома захаваўся цокальны паверх са скляпеністай столлю.
Яшчэ адна з мясцовых легенд распавядае пра падземны лёх, які праходзіць ад сядзібы пад рэчышчам Свіслачы і скіроўваецца ў бок узгорка, на якім стаяў касцёл, пабудаваны Станіславам Прушынскім. Гэтая бажніца была перабудавана да непазнавальнасці, і зараз у ёй размяшчаецца Каралішчавіцкі сельскі дом культуры, атачоны старымі ліпамі. А ў далёкім 1786 годзе гэты касцёльчык быў асвячоны ў гонар Апекі Маці Божай. Тады ён быў трохнефавай базілікай, упрыгожанай дзвюма вежамі. У інтэр’еры размяшчаліся чатыры алтары, “на оптыцы маляваных”, у стылі ракако.
Цэнтральны алтар упрыгожвала шкляная манаграма Панны Марыі. У гэтым сціплым касцёльчыку ў 1830-ыя гады навучаўся ігры на “анёльскім інструменце” — аргане — “бацька польскай оперы” Станіслаў Манюшка, ураджэнец маёнтка Убель на Ігуменшчыне. У той час ён быў яшчэ падлеткам...У 1850 — 80-ыя гг. касцёл грунтоўна перабудавалі ў стылі класіцызму. Тады ён страціў абедзве вежы і набыў порцік. Каля храма паўстала трох’ярусная званіца і неагатычная цагляная брама з агароджай.
З 1800 г. маёнткам Каралішчавічы валодаў старэйшы сын Станіслава Прушынскага — Міхал, падкаморый літоўскі, якому ў першай палове ХІХ ст. належала і Заслаўе. Апошнім уладаром Каралішчавічаў быў яго нашчадак і цёзка, таксама Міхал Прушынскі — член Мінскага зямельнага таварыства.
Напрыканцы хочацца дадаць наступнае. На жаль, турыстычныя маршруты пакуль абмінаюць Каралішчавічы. Але было б вельмі добра, калі б на будынку Дома культуры — былога касцёла — з’явілася памятная шыльда, якая б інфармавала аб гістарычным мінулым будынка. Магчыма, тады гэтае паселішча трапіла б у поле зроку турыстаў і шматлікіх аматараў творчасці нашага славутага земляка Станіслава Манюшкі.

Алег ФРАНЦУЗАЎ,
навуковы супрацоўнік
Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі
На здымках: 1. Былы касцёл, цяпер — Дом культуры;
2. Рэшткі амбара ХІХ ст.
Фота аўтара