Эра канкурэнцыі: кіно ў свабодным плаванні

№ 32 (1054) 11.08.2012 - 17.08.2012 г

Артыкул І. "Беларускі відэацэнтр" / Рызыкі прадзюсарскага кіно

Пачатак ліпеня адзначыўся завяршэннем Першага Адкрытага рэспубліканскага конкурсу нацыянальных кінапраектаў і праектаў у рамках сацыяльна-творчых заказаў. Пра яго вынікі чытачы "К" маглі даведацца ў адным з папярэдніх нумароў. Упершыню ў гісторыі беларускага кіно за атрыманне фінансавай падтрымкі дзяржавы спаборнічалі не асобныя аўтары і іх сцэнарыі, а распрацаваныя, гатовыя да рэалізацыі праекты, якія прадстаўлялі арганізацыі рознай формы ўласнасці. Такім чынам, цяперашні конкурс стаў першым крокам да галоўнай задачы: з'яўлення ў беларускім кіно паўнавартаснага канкурэнтнага асяроддзя. Апошняе і павінна гарантаваць павышэнне мастацкага ўзроўню кінатвораў ды эканамічнай эфектыўнасці для іх стваральнікаў.

У гэтай і наступных публікацыях "К" прааналізуе першыя парасткі змен, якія адбываюцца ў нашым кіно апошнім часам, і даведаецца, наколькі нашы кінавытворцы гатовыя да працы ў новых, "конкурсных" умовах.

Кожны раз у першы клас?

Сярод задач конкурсу называецца з'яўленне ў Беларусі так званага "прадзюсарскага кіно", вытворчай схемы, пры якой асноўную нагрузку і адказнасць за праект у цэлым нясе прафесійны прадзюсар.

Менавіта па такой, значна больш гнуткай, чым студыйная, схеме працуюць у большасці краін. Галоўная перавага прадзюсарскага падыходу - у мабільнасці. Перад камандай, якая збіраецца для ўвасаблення канкрэтнага праекта, не стаіць неабходнасць несці лішнія выдаткі на ўтрыманне таго абсталявання і персаналу, якія не патрабуюцца ў дадзены момант. Прадзюсар самастойна збірае творчую групу і арандуе абсталяванне пад задачы канкрэтнага праекта, а не думае, як прыстасаваць пад праект наяўныя рэзервы.

У гэтым выпадку кінавытворчая арганізацыя ўяўляе сабой не вялікую студыю з павільёнамі, цэхамі і натурнымі пляцоўкамі, а значна больш мабільную структуру, фактычна - прадзюсарскі цэнтр, на базе якога працуюць над сваімі праектамі асобныя здымачныя групы.

У Беларусі ўжо існуюць арганізацыі, якія можна смела называць прадзюсарскімі цэнтрамі. Мабыць, самая паспяховая з іх - РУП "Беларускі відэацэнтр" - працуе па падобнай схеме шмат гадоў. Апошнім часам праца актывізавалася: за першае паўгоддзе БВЦ працаваў над 40 фільмамі, 27 з якіх ужо скончаны. На першым рэспубліканскім конкурсе перамаглі яшчэ 10 новых праектаў арганізацыі. Спецыфіка працы БВЦ - у супрацоўніцтве з пазаштатнікамі.

- У штаце "Белвідэацэнтра" - толькі адміністрацыйнае ядро персаналу, - распавёў карэспандэнту "К" дырэктар арганізацыі Юрый Ігруша. - Усе астатнія супрацоўнікі атрымліваюць працу ў выніку творчай канкурэнцыі. Такая схема выглядае не надта прыемнай для кінематаграфістаў, затое яна служыць на карысць агульнай справе. Ды і нейкіх цяжкасцей з прыцягненнем таленавітых людзей сёння не існуе. Прафесіяналаў, якія прапануюць нам свае паслугі,

цяпер нават больш, чым працы, якую мы ім можам прапанаваць.

Кіраўнік "Белвідэацэнтра" мае рацыю. У галіне дакументальнага кіно часам вельмі складана правесці розніцу паміж рэжысёрам, сцэнарыстам, аператарам - дакументаліст-прафесіянал павінен умець усё. Таму выдумляць тэмы і сюжэты новых фільмаў не даводзіцца: аўтары прыходзяць на БВЦ з дзясяткамі магчымых прапаноў.

БВЦ у святле канкурэнцыі

Доўгі час канкурэнцыі паміж арганізацыямі на атрыманне заказу ў беларускім кіно практычна не існавала. "Беларусьфільм" і "Белвідэацэнтр" як дзяржаўныя арганізацыі гарантавана атрымлівалі свой кавалак бюджэтнага пірага. Але наколькі БВЦ гатовы да новых умоў, пры якіх даводзіцца канкурыраваць, у тым ліку, з прыватнымі арганізацыямі?

- "Белвідэацэнтр" канкурэнтаздольны, бо набірае людзей на канкрэтны праект, - упэўнены Юрый Ігруша. - Мы лёгка адаптуемся пад неабходныя ўмовы і, у дадатак, маем каштоўны вопыт кінавытворчасці, у адрозненне ад многіх прыватных структур, якія з'явіліся апошнім часам. Таму нейкіх глабальных структурных змен, у сувязі з пераходам на працу па конкурсе, нам рабіць не трэба. Зразумела, нейкія высновы пасля першага конкурсу мы для сябе зрабілі і наступны раз пастараемся, каб нашы заяўкі выглядалі больш прывабнымі.

Як жа зрабіць сваю заяўку больш прывабнай? На "Белвідэацэнтры" лічаць, што перавага дзяржаўнай кінавытворчай арганізацыі палягае ў тых тэмах, за якія прыватныя структуры проста не возьмуцца ў сілу меншага камерцыйнага патэнцыялу. Гэта і так званыя "юбілейныя" карціны, стужкі, якія маюць хутчэй культурнае, чым фінансавае вымярэнне. Такія тэмы прыватнікам, як правіла, не цікавыя.

Зрэшты, аднымі юбілеямі БВЦ абмяжоўвацца не збіраецца. Па словах дырэктара арганізацыі, плануецца пашыраць супрацоўніцтва з замежнымі партнёрамі. Станоўчы вопыт у гэтым кірунку ў БВЦ ужо ёсць, у тым ліку, у галіне ігравой кінавытворчасці. "К" пісала ўжо пра кароткаметражны праект маскоўскага рэжысёра Канстанціна Фама "Туфлікі", у рэалізацыі якога "Белвідэацэнтр" прымаў непасрэдны ўдзел. Дарэчы, фільм і яго стваральнікі, у тым ліку кіраўнік БВЦ, нядаўна прымалі ўдзел у конкурснай праграме кінафестывалю "Залаты абрыкос" у Ерэване і атрымалі высокую ацэнку міжнароднага журы і фестывальнай публікі.

- Калі казаць аб удзеле БВЦ у конкурсе, то многія нашы патэнцыяльныя сумесныя праекты не змаглі ў ім удзельнічаць, таму што час яго правядзення аказаўся не зусім удалым - заяўкі збіраліся ў красавіку, вынікі падводзіліся ў разгар летняга здымачнага сезона, - кажа Юрый Ігруша. - Але на наступны конкурс, які, як чакаецца, будзе абвешчаны ўвосень, у нас ёсць шанец іх заявіць і ажыццявіць ўжо наступным летам. Што да самой падачы пакетаў дакументаў з праектамі, то пры іх афармленні ў нас цяжкасцей якраз не ўзнікла.

Пакет з заяўкамі на ўдзел замежных партнёраў з Францыі, Германіі, іншых краін у БВЦ салідны - "Белвідэацэнтр" паспеў зарабіць станоўчую рэпутацыю на міжнароднай арэне, усё ж такі больш за 900 створаных фільмаў. Па словах Юрыя Ігрушы, карысным быў вопыт і ўдзел у беларускім павільёне на Канскім фестывалі. Менавіта там змястоўным каталогам БВЦ зацікавілася мноства замежных прадзюсараў і прадстаўнікоў кампаній-дыстрыб'ютараў.

Крыху пра дыстрыбуцыю

Свет сучаснай кінавытворчасці - гэта жорстка структураваная спецыялізацыя: адны кампаніі здымаюць кіно, іншыя - яго прадаюць і пракатваюць. "Белвідэацэнтр" займаецца і тым і другім, прычым - даволі паспяхова. Некалькі нумароў таму, напрыклад, "К" рэцэнзавала абсалютна свежую працу БВЦ, прысвечаную 130-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы. А ў дзень юбілею на радзіме Песняра ў Вязынцы дыскі з прэм'ерным фільмам ужо прапаноўваліся наведвальнікам музея.

Сістэма дыстрыбуцыі і распаўсюджвання - яшчэ адна моцная рыса ў працы "Белвідэацэнтра". За мінулы год, напрыклад, было прададзена больш за 10 тысяч DVD. Зразумела, для гэтага спатрэбілася наладзіць адпаведныя кантакты: цяпер БВЦ пастаўляе дыскі ў 60 кропак рэалізацыі, кожная з якіх, у сваю чаргу, распаўсюджвае іх далей.

- Мы не імкнёмся друкаваць велізарныя тыражы дыскаў, аказалася, што наклады ў некалькі дзясяткаў дыскаў выдаваць больш выгадна, - дзеліцца вопытам Юрый Ігруша. - Ужо потым, па меры атрымання інфармацыі аб продажах, дадрукоўваем неабходную колькасць.

Больш за ўсё дыскаў з фільмамі "Белвідэацэнтра" прадаюць у мемарыяльных комплексах "Хатынь" і "Брэсцкая крэпасць - герой". Сярод актыўных пакупнікоў - абласныя кінапракаты, школы ды іншыя навучальныя ўстановы. Таксама фільмы БВЦ можна ўбачыць і ў эфіры беларускіх тэлеканалаў, але ў апошні час развіваецца актыўнае супрацоўніцтва з РУП "Белтэлекам": абаненты інтэрактыўнага сэрвісу "Zala" маюць магчымасць за сімвалічную суму замовіць прагляд выбраных фільмаў "Белвідэацэнтра". Цяпер такім чынам ужо можна паглядзець каля 200 стужак БВЦ. Дарэчы, падобная новая форма дыстрыбуцыі дапамагае лепшаму разуменню запытаў патэнцыйнай аўдыторыі: аддзел маркетынгу БВЦ штомесяц атрымлівае ад спецыялістаў "Белтэлекама" дэталёвую справаздачу пра запатрабаваныя фільмы. Характэрна, што самай вялікай папулярнасцю карыстаюцца фільмы на ваенную тэматыку.

Зрэшты, аўтаматычным пераносам кінатвораў на сэрвіс "Zala" справа не абмяжуецца. Новыя спосабы дыстрыбуцыі фільмаў гэта яшчэ не ўсё - неабходна знаходзіць новыя падыходы да запытаў самой публікі. Балазе дакументалістыкай апошняя цікавіцца ўсё больш і больш. Кароткаметражны фармат, на якім спецыялізуецца "Белвідэацэнтр", дазваляе дастукацца да гледача, які ўсё часцей глядзіць кіно на невялікіх мабільных прыладах, а не ў кінатэатрах. Зрэшты, такая форма можа тычыцца не толькі дакументальнага, але і ігравога кіно: схема прадзюсарскага цэнтра тым і зручная, што дазваляе набіраць групу на праекты розных маштабаў і напрамкаў, у тым ліку анімацыйнага.

Такім чынам, да існавання ў новых эканамічных умовах творчага конкурсу БВЦ аказаўся гатовы і нават быў загадзя да яго прыстасаваны. Застаецца спадзявацца, што сучасны падыход да кінавытворчасці дазволіць Беларускаму відэацэнтру паспяхова ісці за павевамі часу і далей, прыцягваючы пад свае праекты таленавітых беларускіх кінематаграфістаў і іх ідэі.