Неабачлівы бізнес?

№ 32 (1054) 11.08.2012 - 17.08.2012 г

Першая галерэя з’явілася пры аграсядзібе

У час рабочай паездкі па Брэстчыне і агляду турінфраструктуры Белавежы Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка казаў пра неабходнасць стварэння ў кожнай вобласці буйных турыстычных зон. У перспектыве рэалізацыя праекта прынясе прыбытак. Гасцей і жыхароў Беларусі зацікавяць не толькі нацыянальныя гістарычныя і архітэктурныя помнікі, але і беларускі побыт. З гэтай нагоды неаспрэчным падаецца і тое, што базы адпачынку, аграэкасядзібы павінны стаць для ўнутраных і знешніх турыстаў цэнтрамі далучэння да культуры... Якой павінна быць аграсядзіба? Які "пакет" паслуг прапанаваць? На стыку чыіх кроўных інтарэсаў будзе развівацца? "К" працягвае шукаць адказы на названыя пытанні. І іншым разам робіць гэта не без дапамогі зацікаўленых чытачоў.

Мастацтвазнаўца Таццяна Пятрова з Ліды даслала ў рэдакцыю ліст, у якім распавядае пра сваё знаёмства з гаспадаром аграсядзібы "У Іванавіча" Аляксандрам Рашэтнікавым. У тым, што ён - творчая асоба, сумнявацца не даводзіцца: 10 ліпеня, як піша Таццяна Пятрова, у вёсцы Повязань на Маладзечаншчыне адкрылася не толькі аграсядзіба, але і мастацкая галерэя. Дзейнасць апошняй распачалася вернісажам жывапісу "Настаўнік і вучань" заслужанага дзеяча культуры Беларусі Яўгена Ждана і самадзейнага мастака Аляксандра Рашэтнікава. Другі лічыць першага сваім хросным бацькам у мастацтве... Але гаворка цяпер - пра перспектывы аграсядзібы і разваротлівасць (чытай - сацыяльную актыўнасць) яе гаспадара, якога турбуе не толькі камерцыйны інтарэс. Інакш кажучы, гэты артыкул - штосьці кшталту майстар-класа для пачынаючых турыстычных "хэдлайнераў" з рэгіёнаў.

Ліст Таццяны Пятровай падштурхнуў пазнаёміцца з былым інжынерам-механікам, старшынёй савета па развіцці аграэкатурызму Маладзечанскага раёна, членам аналагічных абласнога і рэспубліканскага саветаў, мастаком Аляксандрам Рашэтнікавым... Ягоная творчая жылка "пульсуе" і ў падыходзе да развіцця ўласнай камерцыйнай справы. Любому прыватніцкаму пачынанню папярэднічае рэкламная піяр-кампанія. Гэта маркетынгавая аксіёма. Спадар Рашэтнікаў, як сапраўдны творца, пайшоў тут нестандартным шляхам, бо рэкламай сядзібы "У Іванавіча" абраў народнае мастацтва. І, што немалаважна, пры гэтым адшукаў без цяжкасцей трывалых і ўплывовых сацыяльных партнёраў сярод кіраўніцтва Маладзечанскага раёна, у аддзеле культуры, у Беларускім саюзе мастакоў...

Сядзіба ўзнікла побач з рэчкай Вязынка і непадалёк ад радзімы Янкі Купалы. Спярша ў будынку размясцілася гасцініца: дзясятак пакояў на другім паверсе. Не доўга думаў мастак і над функцыянальнай прыналежнасцю паверха першага. Маці Рашэтнікава ўсё жыццё займалася вышыўкай, яе творы і аздобілі інтэр'еры. Не без парады Яўгена Ждана і старшыні Беларускага саюза мастакоў Уладзіміра Савіча з'явілася ідэя стварэння галерэі. Менавіта тут прэзентуецца выстаўка "Настаўнік і вучань". А "У Іванавіча" ад прыезджых адбою няма. Па словах гаспадара, ягонай гасцініцы-галерэі аналагаў у СНД няма: "Усе сайты перагледзеў".

У галерэі можа размясціцца 200-300 палотнаў. У перспектыве тут будуць выстаўляцца работы забытых мастакоў, узоры традыцыйнай творчасці. Дамоўленасць з Беларускім саюзам мастакоў ёсць. Як і пагадненне аб тым, што ўжо ў кастрычніку тут пройдзе міжнародны пленэр... Усе ідэі Аляксандра Рашэтнікава горача падтрымлівае старшыня райвыканкама Фёдар Дамацэнка. Выклікаў Рашэтнікава ды Ждана на выканкам, сказаў падначаленым, што ўсе службы павінны сядзібу падтрымліваць. Так і атрымліваецца: райвыканкам даў рабочых для падрыхтоўкі стэндаў, прыняў актыўны ўдзел у адкрыцці аграсядзібы-галерэі.

- Агратурызм, - перакананы Аляксандр Рашэтнікаў, - павінен быць падзейным. Таму да канца года мяркую пераўтварыць сваю сядзібу ў культурна-асветніцкі цэнтр. Запланаваў сёлета правесці і дзіцячы фестываль "Цудоўны аловак". Цягам трох этапаў будзем адбіраць таленты з раёна, вобласці, рэспублікі... А на міжнародныя пленэры прыедуць мастакі з Балгарыі, Прыбалтыкі, Чэхіі. Запланаваны і літаратурна-мастацкія святы, дзіцячы вакальны фэст "Беларускія салавейкі"...

А вось падтрымку ў наладжванні святаў ды фестываляў "У Іванавіча" гарантуе Рашэтнікаву начальнік аддзела культуры райвыканкама Аляксандр Рамановіч. І такое сацыяльнае ўзаемадзеянне, як падаецца, абяцае быць надзвычай выніковым. Увогуле, для Аляксандра Рамановіча словазлучэнне "дзяржаўна-прыватнае партнёрства" - не пусты гук, а кропка ледзь не штодзённага прыкладання сіл. Аддзел культуры даўно і плённа супрацоўнічае з прыватнікамі. Тым больш, сядзіба месціцца непадалёк ад купалаўскага музея ў Вязынцы і ідэальна ўпісваецца ў раённае турыстычнае кольца.

І Саюз мастакоў, і райвыканкам з ягоным аддзелам культуры ад супрацоўніцтва з Аляксандрам Рашэтнікавым не згубяць, а адно толькі - атрымаюць. І такі агульны, хоць і міжведамасны, інтарэс грунтуецца найперш не столькі на магчымасці камерцыйнага поспеху (хоць і яго я з рахункаў бы не скідаў), колькі на памкненні і раён праславіць, і каштоўнасць мастацтва сцвердзіць.

Хтосьці з прагматычных гаспадароў беларускіх аграсядзіб запярэчыць: ці ж можна так неабачліва бізнес весці. Адны выдаткі, маўляў, ад памянёнай патрыятычнай духоўнасці, а відавочных прыбыткаў - аніякіх. Мастак з вёскі Повязань з гэтай пастаноўкай пытання катэгарычна не пагаджаецца. А падставы для нязгоды наступныя: ужо цяпер у шматлікіх "пастаяльцаў" сядзібы "вочы разбягаюцца" не толькі ад маляўнічасці прыроды, але і ад магчымасці набыць у галерэі мастацкі твор. І такая магчымасць піярыцца гаспадаром "У Іванавіча" ці не на ўсіх турыстычных сайтах. А розгалас пасля такой бесканкурэнтнай рэкламы - канкрэтны, матэрыяльны і ў эканамічным плане перспектыўны.

Якія высновы можна зрабіць пасля ўсяго выкладзенага? Вельмі адназначныя! І ў творчасці, і ў камерцыі на плыву застанецца той, хто не згубіць здольнасці здзіўляць. А Аляксандр Рашэтнікаў, і як бізнесмен і як мастак, здзіўляць не стамляецца. І турысты едуць збольшага не ў шараговую сядзібу, нацыянальная адметнасць якой заканчваецца колам ад воза, замацаваным на франтоне, а ў вёску Повязань, дзе жыве мастак-эксперыментатар, які дорыць сваім гасцям новыя падзеі. А за сапраўдную шчырую радасць і заплаціць не шкада.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"