Нямодна, непрагрэсіўна…

№ 32 (1054) 11.08.2012 - 17.08.2012 г

Атланты і карыятыды: хто ў тэатры галоўны?

Днямі ў настольных "запасніках" натрапіла на DVD-дыск з моднымі расійскімі тэлесерыяламі, які не так даўно сябры ўручылі мне са словамі: "...Калі захочаш адарвацца ад гэтага свайго тэатра...". Уключыла і... на колькі гадзін літаральна прыліпла да манітора камп'ютара. Але зусім не з прычыны высокіх мастацкіх якасцей гэтага "мыла", а таму, што за выключэннем пары-тройкі выканаўцаў галоўных роляў - медыйных расійскіх "зорак", астатніх персанажаў ігралі спрэс айчынныя акцёры...

Але не, думкі мае сягнулі зусім не ў кірунку разважанняў пра тое, чаму ж мы, маючы такі багаты акцёрскі патэнцыял, не здымаем айчынных серыялаў такога ўзроўню ды якасці. Згадалася тэатральная дыскусія, якая вясной гэтага года разгарнулася ў расійскай інтэрнэт-прасторы. Знакаміты маскоўскі крытык Марына Давыдава сцвярджала, што галоўным тормазам развіцця сучаснага тэатральнага мастацтва і проста-такі каменем на шыі з'яўляюцца... акцёры. Яны, маўляў, ніяк не могуць прыняць новую рэальнасць - той факт, што сёння ў тэатры валадараць, ці, дакладней кажучы, модна, каб валадарылі не драматургія, а тэксты, не рэжысёрскае прачытанне, а канцэпцыя. І, адпаведна, не акцёрская ігра, а - існаванне ў рамках гэтай зададзенай рэжысёрам канцэпцыі. Ім жа, акцёрам, па старамоднай інерцыі яшчэ "хочацца іграць ролі, шукаць характары..." Нямодна, непрагрэсіўна.

Ды вось толькі апошнім часам, выходзячы з таго ці іншага спектакля, хочацца разважаць не пра ідэі, якія прапанаваў (ці не прапанаваў) рэжысёр, а акурат пра акцёраў - тую іх віртуознасць, на мяжы эквілібрыстыкі, якую кожны ў сваёй ролі дэманструе, нягледзячы на аніякія пастановачныя ды рэжысёрскія "акалічнасці". І кожны раз лаўлю сябе на думцы, што акурат з імі - акцёрамі - аказваюцца звязаныя калі не ўсе, дык пераважная большасць маіх радасных тэатральных уражанняў і адкрыццяў. Бо пакуль драматургі ў асноўнай сваёй масе занятыя абаронай сваіх аўтарскіх правоў, а рэжысёрскія шэрагі настойліва патрабуюць прызнання ўласнай прафесійнай здатнасці і прагрэсіўнасці, адзіныя, хто па-ранейшаму застаюцца на фарпосце пад назвай "тэатр", - акцёры. Гэта яны штодня выходзяць на сцэну і іграюць не за славу альбо адпаведныя творчым высілкам ганарары, а таму, што для іх важна - "пабудаваць" гэты казачны крышталёвы мост паміж сцэнай і залай і, злёгку тупнуўшы па ім ножкай, даць адчуць яго чароўны, тонкі гук...

Неяк згадалася размова з народным артыстам Беларусі Віктарам Манаевым пад час сёлетняга Міжнароднага маладзёжнага форуму "М.@rt.кантакт" пра адну з ягоных першых работ у Купалаўскім тэатры - зусім невялічкі эпізод. Акцёр літаральна даймаў запрошанага рэжысёра, занятага выканаўцамі галоўных роляў, што ж робіць у сцэне ягоны персанаж, і рэжысёр, каб адчапіцца, кінуў: "Садзіся ды плач". "А я, - кажа Віктар Сяргеевіч, - сеў ды і заплакаў. І так уразіў гэтым рэжысёра..." А ўжо пасля, пабачыўшы акцёра ў гэтым спектаклі, і драматург Аляксей Дудараў прапанаваў, каб менавіта Манаеў іграў Адуванчыка ў "Радавых"... Такіх гісторый, задаўшыся мэтай, можна назбіраць мноства. Але "мараль" ва ўсіх іх аднолькавая - не на навамодных канцэпцыях і актуальных рашэннях трымаецца наша сучаснае тэатральнае мастацтва. А акурат на акцёрах - атлантах і карыятыдах тэатральнага свету. Я вас люблю!