Сустрэча праз гады

№ 44 (810) 03.11.2007 - 09.11.2007 г

3 лістапада, у дзень нараджэння слаўнага Пеcняра зямлі беларускай Якуба Коласа, у Віцебску ладзіцца ўрачыстая вечарына з нагоды ягонага юбілею. Месца правядзення — Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа.

 /i/content/pi/cult/135/778/Sustrecha-praz-gady1.jpg

Якуб Колас чытае п’есу “Вайна вайне” акцёрам БДТ-2. 1936 г.

3 гісторыі вядома...
У дзень адкрыцця БДТ-2 у Віцебску Якуб Колас даслаў тэлеграму: “Прызнаючы за тэатрам надзвычайна важнае значэнне ў сэнсе культурнага і палітычнага выхавання шырокіх народных мас, я шчыра жадаю Другому Беларускаму тэатру з гонарам і поспехам справіцца са сваімі задачамі.”
У 1936 годзе Якуб Колас прачытаў артыстам і рэжысёру Віктару Дарвішаву сваю п’есу “Вайна вайне”.
Пачалася карпатлівая работа. Аўтар прысутнічаў на рэпетыцыях спектакля. Народная артыстка Беларусі Зінаіда Канапелька ўзгадвала:
— Я, тады яшчэ зусім маладзенькая студыйка, упершыню выйшла на сцэну ў спектаклі “Вайна вайне”. Рэжысёр паставіў задачу: ты развітваешся з вяскоўцамі, якія адыходзяць на вайну. Якуб Колас уважліва прыгледзеўся і прапанаваў рэжысёру паставіць побач са мною двух старэйшых артыстаў: бацьку і маці. Так знакаміты паэт дапамог мне вылучыцца ў самай першай масоўцы.”
На вялікі жаль, сёння ў тэатры не засталося людзей, якія асабіста сустракаліся з Якубам Коласам. Але тыя, каму пашчасціла працаваць у спектаклях па творах народнага паэта Беларусі, з удзячнасцю ўспамінаюць пра гэта.

Заслужаная артыстка Беларусі Тамара СКВАРЦОВА:
— Я не магу забыцца, якая цудоўная атмасфера чысціні і шчырасці панавала на рэпетыцыях спектакля “Сымон-музыка”. Малады рэжысёр Валерый Мазынскі, маладыя артысты Таццяна Ліхачова, Генадзь Шкуратаў, Сяргей Шульга, Алесь Лабанок, Віктар Дашкевіч — усе мы самааддана працавалі нават над самымі маленькімі ролямі, ведалі, пра што хацелі сказаць гледачу. Тут злучыліся ў адно звонкасць і чысціня паэзіі Коласа і асобы акцёраў, якія працавалі над гэтым цудоўным матэрыялам. А ў спектаклі “Зямля” паводле творчасці Якуба Коласа я іграла ролю Маці Песняра. Тут дадаліся яшчэ ўласныя пачуцці жанчыны-маці. Я і сёння не магу без хвалявання ўспамінаць свае маналогі з гэтага спектакля...
Зараз у Віцебскім літаратурным музеі экспануецца перапіска Якуба Коласа з дырэктарам
 /i/content/pi/cult/135/778/Sustrecha-praz-gady2.jpg

Cцэна са спектакля “Зямля”.

тэатра Іосіфам Дорскім з фондаў музея Якуба Коласа. Экскурсаводы распавядаюць пра цесныя творчыя сувязі вялікага Песняра з тэатрам. I ўзнікаюць моманты гісторыі. У 1937 годзе Якуб Колас прапанаваў БДТ-2 інсцэніроўку аповесці “Дрыгва”.
Спектакль называўся “У пушчах Палесся”. Ролю дзеда Талаша выдатна ўвасобіў на сцэне знакаміты Аляксандр Ільінскі. У эпізадычнай ролі селяніна Дарвідошкі выдатна праявіў сябе Павел Малчанаў. Сам Колас быў нечакана ўражаны на прэм’еры яго ігрой: “Артыст Павел Малчанаў пайшоў далей задуманага мною вобраза. Ён дапаўняе яго характарыстыку, шукае свае рысы для паглыблення гэтага вобраза.”
Цікава таксама пагартаць лісты, датаваныя 1951 годам. Тэатр звяртаецца да Якуба Коласа з просьбай адрэдагаваць рускі варыянт п’есы “У пушчах Палесся” паводле аповесці “Дрыгва”. Якуб Колас у адказ абяцае выслаць выпраўлены беларускі варыянт. У 1952 годзе спектакль быў адноўлены.
У 1958 годзе рэжысёр Юрый Шчарбакоў паставіў на коласаўскай сцэне п’есу Алеся Звонака “Навальніца будзе”, напісаную паводле трылогіі Якуба Коласа “На ростанях”. Тэатральная крытыка адзначала шэраг цікавых акцёрскіх работ. Старажылы Віцебска да гэтага часу ўспамінаюць, з якім задавальненнем прыходзілі дзеці з суседніх дамоў для ўдзелу ў масавых сцэнах гэтага спектакля.
 /i/content/pi/cult/135/778/Sustrecha-praz-gady6.jpg
Талаш — Аляксандр Ільінскі.
1937 г.

Урок вёў не хто-небудзь, а сам Аляксандр Ільінскі (Дзячок). А непісьменнага селяніна Аксёна Каля ў гэтым спектаклі іграў Фёдар Шмакаў.
Артыст успамінае: “Мне не давялося сустрэцца з аўтарам асабіста, але і сёння засталіся ў памяці зорныя моманты таго выдатнага спектакля. Гэта была лепшая пастаноўка Юрыя Шчарбакова на нашай сцэне. 3 гэтага спектакля пачыналася творчая кар’ера Мацвея Федароўскага, які сыграў ролю Андрэя Лабановіча. У хуткім часе яго запрасілі ў Купалаўскі тэатр.”
У 1976 годзе рэжысёр Валерый Мазынскі паставіў драматычную паэму “Сымон-музыка”. Інсцэніроўку зрабілі рэжысёр і загадчык літаратурнай часткі Уладзімір Ганчароў.
Першы спектакль сыгралі на ўрачыстым вечары з нагоды 50-годдзя тэатра. У зале — тэатральная грамадскасць Рэспублікі Беларусь. Акцёры выходзяць на сцэну з асаблівым пачуццём годнасці і гонару за сябе, за тэатр, за свой народ. Памятаю, як зала злілася са сцэнай у адзіным подыху і памкненні. Сяргей Шульга, якога запрасілі ў тэатр на ролю Сымона, яднаў усіх, “цэментаваў” спектакль сваёй энергетыкай. Потым коласаўцы часта ігралі гэты спектакль “з колаў”, бо артыст пакінуў тэатр, паступіў вучыцца на кінарэжысёра. А спектаклю апладзіравалі ў Мінску, Маскве, Ленінградзе, Днепрапятроўску, Львове. У 1985 годзе на ролю Сымона прызначаны выпускнік БДТМІ Міхась Краснабаеў.
Гэтым жа спектаклем адкрывалі і будынак тэатра на Замкавай пасля рэканструкцыі.

Дзейныя асобы і выканаўцы
Рэжысёр — заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Віталь БАРКОЎСКІ:
— Мы ўсе — дзеці, унукі і праўнукі Коласа і Купалы, таму што свядомыя людзі абавязкова павінны мець нейкі падмурак. Адкуль бярэцца свядомасць? Яна — у генах. Для таго, каб набыць падмурак на ўзроўні асобы чалавека, патрэбны такія волаты, як Колас і Купала. Як гэта робіцца? Дзе? Думаю, на нябёсах. Гэта Бог пасылае на зямлю сваіх пасланцоў, божы промысел — самы нялёгкі, бо трэба ўвесь час пераконваць чалавека ў тым, што ён не забываецца на павагу і шанаванне сваіх прашчураў, сваёй бацькаўшчыны, нашай зямлі.
У спектаклі “Зямля” хацелася паразважаць з гледачом пра годнасць чалавека, яго шлях на гэтай зямлі...

Дырэктар тэатра і выканаўца галоўнай ролі, заслужаны артыст Беларусі Рыгор ШАЦЬКО:
— “Мой родны кут, як ты мне мілы...” — гэтыя словы славутага паэта Якуба Коласа, імя якога з 1944 года носіць наш тэатр, лагодна лашчаць сэрца і душу кожнага беларуса. У спектаклі “Зямля”, пастаўленым Віталем Баркоўскім паводле творчасці і біяграфіі Якуба Коласа, мне пашчасціла сыграць ролю Песняра, прататыпам якога стаў вобраз народнага
 /i/content/pi/cult/135/778/Sustrecha-praz-gady5.jpg

 Cцэна са спектакля “Зямля”.

паэта Беларусі. Гэта вялікі гонар і адказнасць — выходзіць на сцэну ў вобразе аднаго з лепшых сыноў беларускай зямлі. Наш тэатр вельмі цесна звязаны з жыццём і творчасцю Якуба Коласа, і не толькі таму, што носіць яго імя, а найперш таму, што прапагандуе яго ідэі і вучыць любові да роднага краю.Мае карані бяруць пачатак у Ракаве — тых мясцінах, дзе ў Якуба Коласа было лецішча. Пісьменнік часта заходзіў да майго дзеда і нават прысвяціў яму вершаваныя радкі:
А Шацька мёдам пачастуе
I чарку поўную налье.
Магчыма таму мне так хочацца, каб мае дарагія землякі шчыра любілі роднае слова, родную літаратуру, родную зямлю. 3 такімі думкамі і пачуццямі я выходжу на сцэну ў гэты ўрачысты вечар, калі ўся наша краіна святкуе 125-годдзе з дня нараджэння вялікага сына зямлі Беларусі. 

Выканаўца ролі Жабрака, народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР Тадэвуш КОКШТЫС:
— Гэта адна з самых значных маіх работ на коласаўскай сцэне. За што я люблю свайго Жабрака? Калі я прачытаў “Сымона-музыку”, падумаў: няма каго іграць, хіба што дзеда Данілу? А можа, Бацьку? Ну, не Жабрака ж! Не дай Бог! Жабрака, занядбанага, замшэлага, непрывабнага. Нашто мне гэта? Прыходжу, гляджу размеркаванне: Жабрак — Кокштыс. Мне ледзь не стала дрэнна. А цяпер, калі ўжо мінуў час, па-іншаму гэта расцэньваю. У Мінску глядзеў спектакль увесь сінкліт крытыкаў.
Ганна Герштэйн зрабіла вялікі абзац у сваім крытычным выступленні пра Жабрака ў “Сымоне-музыку”. Пасля былі артыкулы, Масква. Таццяна Арлова ў сваім артыкуле напісала: “гэтакі вясковы Мефістофель!” Крытыкі часам падкідваюць акцёру тое, чаго ён адразу не “датумкае”, ствараючы вобраз. За што мне прыйшоўся па душы Жабрак? Ён — антыпод Сымона ў сваім лёсе, ён не прыйшоў ні да чога, вышэй не падняўся, скаціўся па лініі найменшага супраціўлення. Загубіў талент, вялікі талент. Жабрак меў у сабе дар, закладзены ад бацькоў, ад Бога. А як у нас часта ў жыцці бывае: адзін прапіў талент, другі — прамяняў на дабрабыт, трэці — пайшоў на хаўрус з сумленнем. Дзесьці не хапіла нечага, каб здзейсніць сябе. Таму я наладзіў сабе касцюм Жабрака: “латка ў лаце”, дзіркі ў кашулі — сёння гэта бомж. I акадэмік, і народны артыст можа стаць бамжом. I я павесіў сабе на шыю гальштук — матузок з беларускім арнаментам. Гэта была мая “бабачка”. Гэта, калі хочаце, Шаляпін, Паганіні, вялікі драматычны артыст Качалаў. Але той, што не адбыўся. Таму яго цягне, як магнітам, да таленту, які закладзены ў маладым чалавеку.Не
 /i/content/pi/cult/135/778/Sustrecha-praz-gady4.jpg

Сымон — Міхась Краснабаеў.

будзем казаць, што ён дапаможа Сымону гэты талент загубіць. Парадокс у тым, што ён не выведзе Сымона ў людзі, а можа, і выведзе. Сымон праз Жабрака зразумеў свой шлях.
“Нельга так, дзядуля!” — “А як, галава твая парожня?” Усё разумее гэты дзед, Жабрак, ён можа ацаніць нараджэнне таленту, Сымон — гэта не “аскепак” чалавечы, а канцэнтрацыя чалавечага духу, а дух — гэта талент, гэта і мудрасць, гэта Божы дар. Мне Жабрак дарагі тым, што ён гэта разумее. Тое, што загубіў у сабе, ён убачыў у другім чалавеку. Ён яго круціць, выкручвае, мардуе і ведае дасканала, што Сымон дойдзе з ім да наступнай вёскі і далей не пойдзе, збяжыць, а можа, з цягам часу скажа: а ці ведаеце, хто мне калісьці адкрыў вочы на свет? А гэта быў Жабрак. Зразумеўшы гэта не адразу, амаль праз дзесяцігоддзі, я адчуў, як мне дарагі гэты персанаж, гэта работа. Было на што траціцца.Сярод сучаснай маладой аўдыторыі я хачу хаця б на імгненне ўбачыць Сымона і з ім павесці гэты жорсткі дыялог. Я так прыгожа размалюю, буду вельмі прывабны, а вы ўсе думайце, думайце пра сябе.

Не староннія назіральнікі:
Валянцін САЛАЎЁЎ, вядучы майстар сцэны:
— Я нарадзіўся на Стаўбцоўшчыне, 5 кіламетраў ад нас вёска Акінчыцы, 12 кіламетраў— Мікалаеўшчына. Галоўны рэжысёр тэатра, калі запрашаў мяне ў тэатр, сказаў, што будзе яшчэ прагляд на мастацкай радзе. Я вельмі хваляваўся. Рыхтаваў для чытання твор Якуба Коласа. Але прагляду не было. Я застаў на гэтай сцэне карыфеяў тэатра: Зінаіду Канапельку, Уладзіміра Куляшова, Яўгена Шыпілу, Фёдара Шмакава, Тадэвуша Кокштыса. Гэта была сапраўды творчая аура. Цяпер я крыху расчараваны. Змянілася атмасфера ў тэатры. Сыйшлі людзі, адданыя нацыянальнаму мастацтву, а ў моладзі прысутнічае скептыцызм у адносінах да галоўнага, дзеля чаго існуе наш тэатр. Да гэтага часу не магу зразумець, чаму візітная картка тэатра —”Несцерка” Віталя Вольскага, а не “Сымон-музыка” Якуба Коласа?

Юрый ЛІЗЯНГЕВІЧ, рэжысёр-пастаноўшчык:
— Шчыра кажучы, шмат чуў пра гэты тэатр да першага знаёмства з калектывам. Мой сябар, акцёр Іўчанка з БДТ імя Г.Таўстаногава, пачуўшы, што я працую ў Віцебску, спытаў: “У тэатры імя Якуба Коласа?” Гэта брэнд горада, брэнд тэатра. I я лічу, што калі зорка Якуба Коласа так яскрава ззяе на небасхіле сусветнай літаратуры, то і тэатр, які носіць такое імя, яднае душы акцёраў і гледачоў у адзіным памкненні стварыць нешта вельмі значнае, адметнае, вартае імені вялікага Песняра зямлі беларускай.

Мой родны кут...
3-га лістапада Якуб Колас вяртаецца ў свой віцебскі дом. Тут яго чакаюць. У глядацкім фае — стэнд “Коласаўцы і Якуб Колас”, тут фотаздымкі са спектакляў па творах паэта, водгукі прэсы. На цэнтральнай лесвіцы — габелен, дзе сярод творцаў — Якуб Колас і Сымон-музыка. У фае — выстаўка дзіцячых малюнкаў па творах пісьменніка. На сцэне горда гучыць слова Якуба Коласа ў выкананні лепшых самадзейных артыстаў і прафесіяналаў.Рыгор Шацько, знешне так падобны на Песняра, выводзіць на сцэну ўсю коласаўскую трупу і прыгадвае: “Мой родны кут, як ты мне мілы...”, дзіцячыя галасы падхопліваюць гэты ўспамін, і гучыць фінальная песня вечара. Белыя празрыстыя сукні запаўняюць сцэнічную прастору, а з экрана глядзельную залу вітае народны Пясняр. Ён вярнуўся ў родны дом. Тут яму рады. Калі ласка!

Святлана ДАШКЕВІЧ
Віцебск